Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэцыя: моладзь ня ведае пра наступствы камунізму


Радыё Свабода У швэдзкім друку апублікаваны вынікі агульнанацыянальнага апытаньня моладзі ва ўзросьце ад 15 да 20 гадоў. Дасьледаваньне, якое праводзілі сацыёлягі Цэнтру па вывучэньні камунізму, прысьвечанае зьяве камунізму.

Як вынікае з апытаньня, меней чым праз 20 гадоў пасьля падзеньня “жалезнай заслоны” маладыя прадстаўнікі швэдзкага грамадзтва амаль нічога ня ведаюць пра рэжым, які зусім нядаўна панаваў у суседніх з Швэцыяй балтыйскіх краінах і працягвае панаваць у геаграфічна блізкай Беларусі.

90% маладых швэдаў прызналіся, што ніколі нічога ня чулі пра ГУЛАГ, хаця пры гэтым яны шмат чулі пра Асьвенцім. 40% апытанай моладзі былі перакананыя, што камуністычны парадак спрыяў прагрэсу і росквіту ўва ўсім сьвеце, 22% называлі камунізм дэмакратычнай формай кіраваньня, 82 % не лічылі Беларусь дыктатурай.

Паводле кіраўніка дасьледаваньня Андэра Г’емдаля, ні ён, ні ягоныя калегі ня зьдзіўленыя такімі вынікамі. “Пасьля наведваньня швэдзкіх школаў і знаёмства з вучнямі мы здагадваліся, што гэта будзе менавіта так”, – гаворыць Андэр Г’емдаль.

Швэдзкія дасьледчыкі тлумачаць фармаваньне цяперашняга сьветапогляду маладых людзей наступнымі прычынамі. Гэта пасьляваеннае юрыдычнае прызнаньне швэдзкім урадам сталінскай анэксіі Літвы, Латвіі і Эстоніі, шматгадовая стаўка швэдзкіх сацыял-дэмакратаў на падтрымку камуністаў, прыналежнасьць большасьці журналістаў краіны да левага, часам нават крайне левага крыла.

Надрукаваныя вынікі апытаньня выклікалі вялікі рэзананс у краіне. У офіс Цэнтру па вывучэньні камунізму звоняць сапраўдныя ахвяры камунізму і кажуць, што яны папярэджвалі пра гэта 50 гадоў. Яны заклікаюць навукоўцаў аб’ектыўна інфармаваць грамадзтва пра такую зьяву, як камунізм.
XS
SM
MD
LG