Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

<B>У Дзень перамогі ў Менску спалілі сьцяг Эстоніі</B>


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менску актывісты Камуністычнай партыі Беларусі, БРСМ і вэтэранскіх арганізацыяў спалілі дзяржаўны сьцяг Эстоніі каля генэральнага консульства гэтай краіны.

Каля эстонскага консульства ў 2-м завулку Кальцова сабраліся каля сарака чалавек. Яны правялі несанкцыянаваны мітынг і дазволенае ўладамі пікетаваньне дыпляматычнага прадстаўніцтва.

Пасьля выступаў двое пікетоўцаў спалілі эстонскі сьцяг і белае палотнішча з фашысцкай свастыкай. Адбывалася гэта на пляцоўцы каля брамы консульства. Міліцыянтаў на месцы падзеі не было, і ніхто не перашкодзіў спальваньню сьцяга.

Удзельнічаў у гэтым актывіст Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі, студэнт Інстытуту парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва Ўладзімер Цюхай. Ён гэтак патлумачыў свае дзеяньні:

“Давайце будзем разьдзяляць наша стаўленьне да эстонскага кіраўніцтва і да эстонскіх праўладных структураў, якія прыкрываюцца нацыяналістычнай сымболікай, і да эстонскага народу. Эстонскі народ выступае пад чырвонымі сьцягамі ў абарону помнікаў салдатам Вялікай Айчыннай вайны”.

Сакратар ЦК КПБ Валеры Драко заявіў, што ягоная партыя ініцыявала пікеты:

“У нас яшчэ польская амбасада ёсьць, наперадзе ў нас яшчэ вугорскае пасольства, і наклёўваюцца іншыя. Мы цудоўна разумеем, што ўлады ня вернуць помнік на месца. Яшчэ зь Дзярждумы Расеі, аб зьняцьці сярпа і молата са сьцягу Перамогі — гэта пайшло ланцуговай рэакцыяй адразу. Тут не эстонцы першыя ў гэтай справе”.

Некаторыя маладыя ўдзельнікі нават не маглі патлумачыць, навошта яны прыйшлі да эстонскага консульства, спрабавалі схаваць свае твары ад фотакамэраў.

Ніхто з жыхароў суседніх дамоў не далучыўся да пікетоўцаў. Як мясцовыя жыхары ўспрымаюць гэтыя пікеты, якія праходзяць ад 3 траўня ля консульства? Спадар Аляксандар кажа:

Аляксандар: “Вытапталі мне газон. Накідалі сьмецьця поўны агарод. Я кожны дзень тут прыбіраю. Няхай яны тут сабе пікетуюць. У іх ёсьць вялікі сквэр, няхай там стаяць. Але ўзялі вытапталі, накідалі бутэлек, паперы”.

Вераніка: “Пікеты — гэта зборышча”.

Сьвятлана: “Гэта проста зборышча, гэта дурата”.

Спадарыня: “Я бачу, якія тут людзі стаяць — студэнты, школьнікі й вэтэраны. Можа, іх сілай сюды зганяюць, дзетак. Тут дзеці, якія мо недзе і не разумеюць, а іх вызваляюць ад заняткаў”.

Пэнсіянэрка: “Мы ж збоку, чаго ж мы ходзім? Ніхто не падыходзіў з нашых. Нам, простым людзям, старым, толькі б спакой, мір быў — ды ўсё. Сьмяюцца гэтыя студэнты. Што яны? Ім кажа вышэйшае начальства, яны слухаюць, ды ўсё. Навошта гэта трэба? Што гэта, толк дае?”

Вераніка і Сьвятлана Ўладзімераўна абураліся, што эстонцам не даюць спакойна жыць:

Вераніка: “Мы зь імі ў добрых, нармальных дачыненьнях. І пытаньняў вось такіх мы ніколі нікому не задаем”.

Карэспандэнт: “А вам перашкаджаюць пікетоўцы?”

Сьвятлана: “Нам таксама. Апасаемся, бо не зразумела, што можа тут адбыцца. У нас тут гуляюць маленькія дзеці”.

Менск, пікет каля эстонскага кансуляту, 9.05.2007. Падпаліць самаробную сымболіку ўдалося не адразу Падпаліць самаробную сымболіку ўдалося не адразу

Менск, пікет каля эстонскага кансуляту, 9.05.2007. Пікетоўцы стаяць шэрагам скрай дарогі, з консульства да іх ніхто ня выйшаў Пікетоўцы стаяць шэрагам скрай дарогі, з консульства да іх ніхто ня выйшаў

Менск, пікет каля эстонскага кансуляту, 9.05.2007. Удзельнікі пікету слухаюць выступоўцаў на мітынгу каля консульства Удзельнікі пікету слухаюць выступоўцаў на мітынгу каля консульства

Менск, пікет каля эстонскага кансуляту, 9.05.2007. Жыхару суседняга дома даводзіцца кожны дзень прыбіраць за пікетоўцамі Жыхару суседняга дома даводзіцца кожны дзень прыбіраць за пікетоўцамі
XS
SM
MD
LG