Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень 9 траўня ў Эстоніі прайшоў спакойна


Юры Дракахруст, Прага Насуперак перасьцярогам сёньняшні дзень прайшоў у Эстоніі спакойна. Жыхары эстонскай сталіцы, якія адзначаюць Дзень Перамогі сёньня, ўскладалі кветкі да новага месца знаходжаньня помніка савецкім салдатам. Эўразьвяз сёньня заклікаў Расею зьменшыць крытыку на адрас Эстоніі.

Сотні людзей прыйшлі сёньня на талінскія вайсковыя могілкі, каб ускласьці кветкі да Бронзавага салдата – помніка савецкім салдатам, які два тыдні таму быў перанесены з сквэру Тынісмягі. Раніцай кветкі да помніка на вайсковых могілках усклаў пасол Расеі Мікалай Усьпенскі. Учора ён ня браў удзел у цырымоніях ушанаваньня памяці ахвяраў Другой Усясьветнай вайны, у якіх удзельнічалі прадстаўнікі ўраду Эстоніі і дыпляматы шэрагу краінаў. Сёньня на вайсковых могілках расейскі пасол сказаў:

“9 траўня – гэта наша сьвята, гэта дзень, які сьвяткуюць і ў Расеі. І я вельмі ўсьцешаны, што наша сьвята – 9 траўня, адзначаюць і памятаюць у Эстоніі. Тут шмат нашых вэтэранаў. Мы зь імі будзем, мы і цяпер зь імі разам тут, на могілках, будзем разам далей па праграме”.

Пасол таксама сказаў, што дачыненьні паміж Расеяй і Эстоніяй перажываюць цяпер “бурны час”.

На могілках прысутнічалі трое паліцыянтаў. Сёлета, у адрозьненьне ад леташняга 9 траўня, людзі, што прыйшлі да Бронзавага салдата, не ўзьнімалі чырвоных сьцягоў, некаторыя мелі на вопратцы георгіеўскія стужкі – колеры былога расейскага ордэна Сьвятога Георгія і савецкага ордэна Славы.

У Таліне да 11 траўня дзейнічае забарона на публічныя мерапрыемствы, а таксама забарона на продаж алькаголю.

Некалькі чалавек усклалі кветкі да таго месца ў сквэры Тынісмягі, дзе Бронзавы салдат стаяў раней. Цяпер гэтае месца агароджана, там ідзе праца па эксгумацыі парэштак загіблых. Пазьней яны таксама будуць перанесеныя на вайсковыя могілкі. Аднак большасьць людзей, якія адзначаюць сьвята перамогі сёньня, накіравалася ўсё ж на новае месца, дзе стаіць помнік.

Сёньня Эўразьвяз заклікаў Расею зьнізіць тон крытыкі на адрас Эстоніі.

Старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануэл Барозу заявіў: “Мы салідарныя з краінай, якая ня можа ўяўляць ніякай пагрозы для Расеі”. Старшыня Эўрапарлямэнту Ганс–Герт Пётэрынг падкрэсьліў, што Эўропа стаіць на баку Эстоніі, бо тая знаходзіцца ў эўрапейскай сям''і. Разым з тым спадар Пётэрынг заклікаў Талін забясьпечыць нармальнае існаваньне расейскай меншасьці ў Эстоніі.

Міністар замежных справаў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер заявіў, што эстонцы ў апошнія дні маглі пераканацца, што яны не самотныя і што Эўропа выкарыстоўвае свой уплыў, каб пераканаць Расею ня весьці справу да эскаляцыі канфлікту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG