Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Міліцыя затрымала актывістаў, якія віншавалі вэтэранаў</B>


Любоў Лунёва, Менск Актывісты моладзевай грамадзянскай ініцыятывы “Новы шлях” віншавалі вэтэранаў у менскім парку Горкага. Яны раздавалі ім паштоўкі з улёткамі, у якіх заклікалі падтрымаць моладзь, што адстойвае дэмакратычныя каштоўнасьці.

Актывісты ў парку Горкага, куды пасьля ўрачыстага шэсьця пайшлі вэтэраны, падыходзілі да іх і ўручалі віншавальныя паштоўкі.

Дзень Перамогі, 9 траўня, Менск, парк Горкага, вэтэраны, віншаваньні

У паштоўках былі маленькія ўлёткі, у якіх, у прыватнасьці, напісана: “Цяпер, калі ўлада прымае законы, скіраваныя супраць беларускага народу, каб пазбавіць нас законных ільготаў, магчымасьці нармальна працаваць і зарабляць, мы мусім абараніць тое, што нам гарантавана дзейнымі законамі і Канстытуцыяй”.

Дзень Перамогі, 9 траўня, Менск, парк Горкага, вэтэраны, віншаваньні

Аўтары заклікалі вэтэранаў падтрымаць моладзь. Вэтэраны дзякавалі за віншаваньне. Некаторыя станоўча рэагавалі на зьмест улётак.

Удзельніца акцыі Крысьціна патлумачыла “Свабодзе” мэту акцыі:

“Мы прыйшлі, каб павіншаваць вэтэранаў у гэтае вялікае сьвята і нагадаць ім, што ў нашай краіне парушаюцца правы чалавека, што гэты рэжым вельмі нагадвае Нямеччыну 1937 году. Прыйшлі, каб падзякаваць вэтэранам за тое, што яны ўратавалі сьвет і нашу краіну, у якой мы спадзяемся пабудаваць сапраўднае дэмакратычнае грамадзтва”.

Каардынатар ініцыятывы “Новы шлях” Сяргей дадаў:

“На жаль, тое за што змагаліся нашы вэтэраны, знаходзіцца пад пагрозай зьнішчэньня з боку ўладаў, якая імкнецца скасаваць усе дасягненьні дэмакратыі”.

Дзень Перамогі, 9 траўня, Менск, парк Горкага, вэтэраны, віншаваньні, міліцыя

Супрацоўнікі міліцыі Ленінскага раёну падышлі да маладых людзей, калі ў тых ужо не засталося ніводнай улёткі. Маладыя людзі прадэманстравалі міліцыянтам толькі паштоўку.

“Мы нічога такога ня робім... Мы маем права затрымаць чалавека, каб высьветліць ягоную асобу... Адміністрацыйны кодэкс нам дазваляе гэта рабіць”, — сказаў міліцыянт.

Супрацоўнікі міліцыі параіліся са сваім кіраўніцтвам і выклікалі па рацыі спэцназаўцаў, каб тыя даставілі пяцярых актывістаў арганізацыі ў пастарунак. Але тыя зь нейкіх прычынаў не маглі хутка прыйсьці на месца затрыманьня.

На заўвагі мінакоў, чаму не затрымліваюць падлеткаў нападпітку, якія нясуць бутэлькі зь віном, міліцыянты казалі, што маюць больш важны клопат. Потым яны перапісалі ў юнакоў пашпартныя зьвесткі й сышлі.
XS
SM
MD
LG