Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Скрабец зоймецца рэабілітацыяй несправядліва асуджаных


Уладзімер Глод, Менск Сёньня былы палітвязень, старшыня дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Скрабец абвясьціў пра пачатак праекту “Рэабілітацыя”. Мэта акцыі — апраўдаць нявінных людзей, якія пацярпелі ад рэжыму А.Лукашэнкі. Сяргей Скрабец падкрэсьліў, што праект невыпадкова пачынаецца 9 траўня.

Над праектам будуць працаваць, акрамя Сяргея Скрабца, жонка былога кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандра Казуліна — Ірына, юрысты Алег Воўчак, Гары Паганяйла ды іншыя.

Спадар Скрабец гаворыць, што спачатку справа будзе наладжана на базе Беларускага Хэльсынскага камітэту:

“Я зьяўляюся сябрам БХК і ачольваю там пэнітэнцыярную камісію. І новы праект пераклікаецца з маёй працай у Хэльсынскай групе.

Мы ўжо даслалі лісты нашым сябрам Казуліну, Статкевічу, Клімаву, якія знаходзяцца за кратамі, каб яны далучаліся да агульнай працы непасрэдна там, дзе цяпер адбываюць пакараньне”.

Сяргей Скрабец: “Прыйдзе час зьменаў. І людзі, абвінавачаныя ўладамі толькі за абарону сваіх правоў, маюць права тады быць рэабілітаванымі”.
Адвакат Гары Паганяйла тлумачыць, што на першым этапе ствараецца банк зьвестак людзей, якія пацярпелі ад рэжыму. У яго ўвойдуць ня толькі палітвязьні:

“Напрыклад, чалавека пазбавілі бізнэсу. Ён не займаўся палітыкай, але хтосьці паклаў вока на ягоны бізнэс. І, фактычна, скарыстаўшы сфальшаваныя матэрыялы, яго садзяць у турму. А потым забіраюць бізнэс і кажуць: ідзі, куды хочаш. Так, дарэчы, са многімі робяць. Альбо кагосьці трэба скампрамэтаваць на ягонай пасадзе.

І такія людзі могуць да нас зьвяртацца. Мы будзем вывучаць іхныя матэрыялы. І калі пабачым, што ёсьць падставы сумнявацца ў справядлівасьці прысуду, яны патрапяць у банк зьвестак рэпрэсаваных”.

У заяве для мэдыяў, якую сёньня распаўсюдзілі арганізатары праекту, называюцца й іншыя катэгорыі пацярпелых.

Гэта моладзь, якая адстойвае свабоду на вуліцах, рабочыя, якія выступаюць супраць кантрактнай сыстэмы, пэнсіянэры, чарнобыльцы, інваліды, якія выступаюць супраць адмены льготаў.

Сяргей Скрабец упэўнены, што акцыя “Рэабілітацыя” мае пэрспэктывы:

“Мы сёньня толькі пачынаем яе. Але мы будзем рабіць так, каб нашы прадстаўнікі былі ў кожным горадзе Беларусі. Прыйдзе час зьменаў. І людзі, якія абвінавачаныя ўладамі, на наш погляд, толькі за абарону сваіх правоў, маюць права тады быць рэабілітаванымі”.

Праект “Рэабілітацыя” – далёка ня першая акцыя, арганізатарам якой выступае Сяргей Скрабец. Раней сёлета ён ужо абвясьціў пра намер стварыць дэмакратычны моладзевы рух “Каліноўцы”. Разам з Валерам Фраловым – паплечнікам па дэпутацкай групе “Рэспубліка” – яны 2 красавіка праводзілі акцыю да так званага Дня яднаньня Беларусі і Расеі. Удзельнічалі ў ёй усяго некалькі дзясяткаў чалавек.
XS
SM
MD
LG