Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 траўня: сьвяточнае шэсьце для адных, дзень памінаньня — для другіх


Ганна Соўсь, Менск Сёньня ў Менску адбылося афіцыйнае сьвяточнае шэсьце вэтэранаў з нагоды Дня Перамогі. У ім узяў удзел Аляксандар Лукашэнка разам са сваімі сынамі. У віншавальным слове кіраўнік Беларусі гаварыў пра НАТО, каляровыя рэвалюцыі й сытуацыю ў Эстоніі. Тым часам частка вэтэранаў вайны не бярэ ўдзелу ў афіцыйных урачыстасьцях. Яны лічаць 9 траўня сумным днём памінаньня.

Шэсьце ад Кастрычніцкай да плошчы Перамогі нагадвала традыцыйныя савецкія ўрачыстасьці.

Кіраўніка Беларусі павіталі дзяўчынка й хлопчык зь піянэрскімі гальштукамі. У калёне пад чырвона-зялёнымі сьцягамі ішлі вэтэраны, прадстаўнікі раёнаў Менску, працоўных калектываў. Сярод шыльдаў прадпрыемстваў быў заўважаны нават лягатып нямецкага “Опэля”.

Вядучыя наўпроставай тэлетрансьляцыі адзначылі, што Аляксандар Лукашэнка традыцыйна бярэ ўдзел у шэсьці разам зь сям’ёй.

Прэзыдэнт і ягоныя сыны, а таксама і ўсе ўрадоўцы ішлі бяз жонак. Разам зь Віктарам Лукашэнкам была ягоная дачка. Аляксандар Лукашэнка ішоў наперадзе калёны на некаторай адлегласьці ад першага шэрагу. Усяго ў шэсьці ўзялі ўдзел каля 6 тысяч чалавек.

Павіншаваўшы ўсіх са сьвятам Перамогі, Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг заяваў:

“Цяперашнія прэтэндэнты на ўсясьветнае ўладарства спрабуюць выкарыстаць вайну ў якасьці інструмэнту замежнай палітыкі. Пры дапамозе сілы адстойваюць свае геапалітычныя і драпежніцкія эканамічныя інтарэсы, душаць тыя дзяржавы, якія сталі на незалежны шлях разьвіцьця. Пры гэтым прыкрываюць сваю агрэсіўную сутнасьць ілжывымі словамі пра дэмакратыю, абарону правоў чалавека і свабоду”.

Аляксандар Лукашэнка скарыстаў у сваёй прамове папулярныя за савецкім часам абвінавачаньні Захаду ў гонцы ўзбраеньняў, выказаў занепакоенасьць разьмяшчэньнем базаў НАТО ля межаў Беларусі.

Паводле кіраўніка Беларусі, “гэтак званыя прыхільнікі дэмакратыі абапіраюцца на дэструктыўныя сілы ўнутры дзяржавы. Спробы зладзіць каляровую рэвалюцыю неаднойчы рабіліся і ў дачыненьні да нашай спакойнай Беларусі”. Аднак, паводле Лукашэнкі, “гэта падрыўная тактыка атрымала годны адпор з боку беларускага народу”.

Аляксандар Лукашэнка выказаў стаўленьне і да пераносу помніка савецкаму салдату ў Таліне:

“Гнеў і абурэньне выклікаюць ў нас акты глумленьня над героямі й ахвярамі войнаў — такія, як дэмантаж помніка савецкаму воіну-вызвольніку ў Эстоніі ці закрыцьцё польскімі ўладамі савецкай экспазыцыі ў музэі канцлягеру Асьвенцім”.

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі жыве цяпер каля 70 тысячаў вэтэранаў і 49 тысячаў удзельнікаў вайны. Адзін зь іх, пісьменьнік Валянцін Тарас, ня бярэ ўдзелу ў афіцыйных урачыстасьцях. Ён лічыць 9 траўня сумным днём памінаньня:

“Адзначаю са сваёй сям’ёй. З намі ўдава нашага славутага пісьменьніка, на жаль, нябожчыка Вячаслава Адамчыка. Мы на лецішчы. І, як заўсёды, у гэты дзень адчуваю адсутнасьць маіх сяброў. Акрамя партызанскіх хлопцаў, якія загінулі ў 1943—1944 гадах, яшчэ пайшлі з жыцьця Рыгор Бярозкін, Алесь Адамовіч, Навум Кісьлік, Васіль Быкаў. Першая чарка была памінальная, як заўсёды”.

Валянцін Тарас згадвае, як некалі Артур Вольскі спрабаваў стварыць аб’яднаньне дэмакратычных вэтэранаў вайны:

“На жаль, з гэтага нічога не атрымалася. Мы адразу адчулі ўціск. На адзін зь Дзён Перамогі нам не далі ўскласьці кветкі на плошчы Перамогі. Нас адцясьніла міліцыя, АМАП. Ці варта неяк падзяляцца сёньня? Ужо ж зусім старыя і нягеглыя і тыя, і другія. Няхай тыя, хто жыве толькі мінулым, ціхенька адыдуць разам са сваім Сталіным. А тыя, хто думае інакш, іх таксама вельмі мала. І выдзяляцца ў нейкую асобную суполку я не лічу мэтазгодным”.

Гэтымі днямі па дзяржаўным радыё сярод ваенных песень гучаць і песьні на вершы Валянціна Тараса на музыку Ўладзімера Мулявіна з цыклю “Праз усю вайну” 1985 году. Прапануем вам паслухаць у выкананьні “Песьняроў” фрагмэнт песьні на словы Валянціна Тараса “Праважала сына маці”.

Слухаць:
XS
SM
MD
LG