Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ня варта наракаць на эстонцаў, калі ў саміх бервяно ў воку...”


Юлія Шарова, Берасьце Пасьля падзеяў у Эстоніі ва ўсіх постсавецкіх краінах так ці іначай уздымаецца праблема захаваньня і ўшанаваньня памяці загіблых у II усясьветную вайну. У Беларусі тры знакавыя мэмарыяльныя комплексы – Берасьцейская крэпасьць, “Прарыў” і “Хатынь”. У якім яны стане і ці даглядаюцца належным чынам?

5 траўня, усяго за колькі дзён да чарговых угодкаў Перамогі, я прыехала ў горад над Бугам, загадзя дамовіўшыся пра інтэрвію з дырэктарам мэмарыяльнага комплексу “Берасьцейская крэпасьць-герой” Валерыем Губарэнкам.

Рэканструкцыя крэпасьці: кругазварот вады ў прыродзе

Падыходжу да жалезабэтоннай скульптуры “Смага”. З захаваньнем гэтай скульптуры былі праблемы, але іх вырашылі – на бліжэйшыя дваццаць гадоў. Бачныя прыкметы нядаўняга рамонту. Камэнтуе Валеры Губарэнка:

“У расколіны трапляе вільгаць ад сьнегу, дажджу ды іншага. Замярзаючы, лёд расьціскае бэтон, зьяўляюцца эразійныя ўтварэньні, якія вядуць да разбурэньня гэтай бэтоннай канструкцыі”.

Берасьцейская крэпасьць, 9.05.2007. Жалезабэтонныя помнікі, якія рабілі толькі ў СССР, патрабуюць цяпер асаблівага дагляду Жалезабэтонныя помнікі, якія рабілі толькі ў СССР, патрабуюць цяпер асаблівага дагляду

Рэканструкцыю мэмарыялу пачалі ў 1996 годзе, і з таго часу яна мае характар пэрманэнтнага працэсу. Ня так даўно ўмацавалі штых, які стаіць ля галоўнага манумэнта – была небясьпека, што канструкцыя вышынёю 100 мэтраў і вагою 620 тонаў абрынецца. Цяпер на чарзе новыя аб’екты. Рэканструкцыя будзе ісьці бясконца, кажа Валеры Губарэнка. Яшчэ гадоў пяць-дзесяць – і давядзецца зноў займацца тымі аб’ектамі, якія даводзілі да ладу ў 1997 годзе:

“Гэта крузазварот вады ў прыродзе. Гэта велічэзны комплекс, ён знаходзіцца на тэрыторыі 70 гектараў. Ён уключае ў сябе больш за 40 адзінак розных збудаваньняў”, - тлумачыць сп. Губарэнка.

Але рэканструкцыя зацягваецца і таму, што за адзінаццаць гадоў удалося атрымаць толькі 6 мільёнаў даляраў. Грошы зьбіраліся і працягваюць зьбірацца літаральна зерне да зерня. Спадар Губарэнка працягвае:

“Ярмошын прыяжджае, былы прэм’ер-міністар Рэспублікі Беларусь. Кажа: “Во, Губарэнка, хочаш, я табе кінжал падару аўганскі?” Я кажу: “Не”. “А што?” “Грошай дай”. “А нашто табе грошы?” “Канал дачысьціць ня можам”. “Прыяжджай, пішы ліст”. Напісалі ліст, прыехаў да яго. Ён піша Харужыку, міністру прыродных рэсурсаў: знайсьці і выдаткаваць. А той піша ўжо на вобласьць. Нажываю сабе ворагаў, разумееце? Я ж колькі хадзіў па вобласьці, прасіў – мне ніхто нічога ня даў”.

Берасьцейская крэпасьць, 9.05.2007. Валеры Губарэнка: “Рэканструкцыя – гэта кругазварот вады ў прыродзе” Валеры Губарэнка: “Рэканструкцыя – гэта кругазварот вады ў прыродзе”

Траціна засвоеных сродкаў – 2 мільёны даляраў – прыйшлі ад краінаў СНД у пэрыяд з 1997 да 2003 году. У 1996 годзе дзяржсавет “саюзнай дзяржавы” вырашыў выдаткаваць на рэканструкцыю крэпасьці па 300 тысячаў даляраў з кожнага боку. У 2004-2005 годзе зь бюджэту Беларусі на рэканструкцыю далі амаль 4 мільярды рублёў, гэта каля двух мільёнаў даляраў. У свой час 200 тысячаў даляраў выдаткаваў маскоўскі ўрад. Астатняе – ахвяраваньні ці нязначныя сумы з розных крыніцаў.

6 мільёнаў даляраў – грошы невялікія. З гэтым мой суразмоўца пагаджаецца:

“Рэальна трэба яшчэ столькі ж. Бо ўсе руіны трэба будзе адрамантаваць і закансэрваваць. Гэта кальцавыя казармы ўсе, гэта Белы палац, гэта інжынэрная ўправа каля мэмарыяльных плітаў. Гэта ўсё патрабуе рэстаўрацыйных работ”, - кажа сп. Губарэнка.

Руіны крэпасьці кансэрвавалі толькі аднойчы, у 1971 годзе, калі будаваўся комплекс. Але кансэрвацыйныя матэрыялы тады былі няякасныя, таму праблема захаваньня цяпер ізноў актуалізавалася.

Берасьцейская крэпасьць, 9.05.2007. Руіны Інжынэрнай управы празь некаторы час могуць рассыпацца Руіны Інжынэрнай управы празь некаторы час могуць рассыпацца

“...крэпасьць выглядае прыстойна, але хочацца большага...”

Гутару зь мінакамі. Пытаюся: ці належным чынам, на іхную думку, даглядаецца крэпасьць?

Дзяўчына: “Комплекс? Так, мяркую, яго добра рэстаўруюць”.

Спадарыня: “Наконт нашай Берасьцейскай крэпасьці – тое, што я звонку бачу, мне нібыта падабаецца. Хоць, наколькі я ведаю ад людзей, якія там працуюць, хацелася б большага фінансаваньня”.

Спадарыня: “Якраз Берасьцейская крэпасьць выглядае дастаткова прыстойна. Але канечне ж заўсёды хочацца большага”.

Спадар: “Крэпасьць? У прынцыпе, у такім нармальным стане. Вось летась ёю займаліся, то цяпер больш-менш нармальна. Але я мяркую, што болей трэба надаваць гэтаму ўвагі”.

Берасьцейская крэпасьць, 9.05.2007. Штых-абэліск трымаецца дзякуючы адмысловай тэхніцы, што гасіць ваганьні ветру Штых-абэліск трымаецца дзякуючы адмысловай тэхніцы, што гасіць ваганьні ветру

“Хатынь” панізілі ў статусе?

Яшчэ адзін славуты мэмарыяльны комплекс у Беларусі – “Хатынь”. Пра ягоны цяперашні стан я пагутарыла са скульптарам Леанідам Левінам, адным са стваральнікаў мэмарыялу.

Летась яго рэканструявалі, пачысьцілі, прыбралі. Спадара Левіна турбуе цяпер іншае:

“Мне вельмі не падабаецца, што гэты помнік зьняты з рэспубліканскага і перайшоў у падпарадкаваньне Менскай вобласьці. Навошта гэта рабілася? Я не кажу пра кіраўніцтва, якому трэба сачыць за агульным станам. Гэта ўсё калі ласка, гэта ўсё гаспадарскія справы. Але вось палітычная гучнасьць – гэта ўжо іншыя справы. Я лічу, тут ёсьць нейкая памылка”, - мяркуе сп. Левін.

На думку Леаніда Левіна, перавод “Хатыні” (адбылося гэта больш за год таму) у падпарадкаваньне Менскай вобласьці можна разглядаць як паніжэньне значнасьці мэмарыяльнага комплексу. Між тым, менавіта ў Хатынь едуць замежныя турысты, на памяці Хатыні выхоўваюць школьнікаў...

“Прарыў” патрабуе абароны ад вандалаў

Мэмарыяльны комплекс “Прарыў”, што месьціцца каля Ўшачаў на Віцебшчыне, ня мае такой папулярнасьці, як Берасьцейская крэпасьць ці “Хатынь”. Аднак амаль паўгода таму пра яго згадалі – ня з самай радаснай нагоды. У сьнежні 2006 году там здарыўся інцыдэнт: невядомыя вандалы скралі элемэнты манумэнтальнай кампазыцыі “Апошні прывал”. Гэта бронзавы макет з трох карабінаў, выкладзеных пірамідай. Інцыдэнт набыў вялікі розгалас, але потым пра яго нібыта забыліся.

Я патэлефанавала ў музэй народнай славы ва Ўшачах.

Мне адказаў супрацоўнік музэю:

– Будзе праведзеная хутка рэстаўрацыя скульптурным камбінатам. Усё ў парадку.

– Гэты макет з трох карабінаў – яго знайшлі ці будуць аднаўляць?

– Знайшлі, усё знайшлі. Стужачкі толькі тры, што былі разьбітыя, іх адліюць нанова дый годзе.

– Пасьля такога інцыдэнту ці не паўстала праблема аховы? Нейкую варту паставіць...

– Гэта ў пэрспэктыве, у пэрспэктыве.

– Але ж ідзе такая гаворка?

– Канечне.

– На сёньняшні дзень ёсьць патрэба ў нейкім касмэтычным рамонце, у рэканструкцыі?

– Мы рабілі рамонт год таму. Ня ўсё ж адразу. Гэта ж вялікія грошы патрэбныя. Што вы думаеце, усё так проста?..

У беларусаў нізкая культура памяці

Нягледзячы на тое, што для ўшанаваньня памяці ахвяраў вайны ў Беларусі фармальна робіцца шмат, сытуацыя не выглядае ідэальнай, лічыць гісторык Ірына Кашталян. У свой час яна дасьледавала праблему пахаваньняў Другой усясьветнай вайны ў Беларусі і прыйшла да высновы: культура памяці беларускага народу дастаткова нізкая. Гадоў праз дваццаць можа здарыцца так, што Хатынь ці Берасьцейская крэпасьць нікому ня будуць патрэбныя – калі сыдуць асобы, сапраўды неабыякавыя да падзеяў той вайны.

Сымптаматычна выглядае паніжэньне статусу “Хатыні”. На думку Ірыны Кашталян, з гэтага можа вынікаць паступовае скарачэньне фінансаваньня комплексу. І тады можна сьмела праводзіць паралелі зь пераносам помніка савецкаму салдату ў Таліне. Адна рэч, што ў Эстоніі ўсё ж ішла гаворка пра перазахаваньне парэштак савецкіх жаўнераў і рабілася гэта адкрыта.

Ірына Кашталян зазначае:

“Я лічу, што можна правесьці такую паралель, бо ў нас рэгулярна ў розных гарадох знаходзяцца парэшткі нейкіх ахвяраў войнаў – салдатаў. І далёка не заўсёды яны перазахоўваюцца з датрыманьнем усіх заканадаўчых нормаў. Таму ня варта наракаць на эстонцаў, калі ў саміх бервяно ў воку – дастаткова вялікае і без усялякіх пэрспэктываў яго выцягненьня...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG