Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дзень Перамогі — гэта сьвята кожнага савецкага грамадзяніна”


Галіна Абакунчык, Менск 9 траўня ў Беларусі адзначаецца Дзень Перамогі. У краіне каля дзясятка афіцыйных дзяржаўных сьвятаў, якія зьяўляюцца выходнымі днямі. “Якое сьвята для вас самае галоўнае?” Гэтае пытаньне людзям на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.



Спадарыня: “Я вам адкажу: асабліва мне дарагі Вялікдзень і Дзень Перамогі. Мне дзесяць гадоў было, калі нас білі, душылі, вешалі, палілі. Мой бацька быў у партызанскім атрадзе, мы сядзелі ў зямлянках галодныя, пілі ваду гнілую. А цяпер мы жывем цудоўна”.

Карэспандэнтка: “Якое сьвята для вас самае галоўнае?”

Спадарыня: “Новы год і дні нараджэньня дзяцей”.

Юначка: “Для мяне найбліжэйшыя сьвяты, якія адзначаем усёй краінай, усе разам. Да прыкладу, Новы год, Дзень Перамогі, якія вельмі важныя для Беларусі”.

Спадар: “Усе сьвяты добрыя. Да прыкладу, дзень нараджэньня, Новы год”.

Спадарыня: “Я, як чалавек веруючы, найбольш люблю Вялікдзень і Каляды. Ну і, канечне, Дзень Перамогі. Бо мне падаецца, што мы гэтаму сьвяту абавязаныя, і лічу яго галоўным сьвятам у траўні”. Спадар: “Дзень нараджэньня мамы. А астатняе — толькі пустая трата грошай. Лепш бы людзям грошы давалі й жыць давалі”.

Юначка: “Ведаеце, 9 Траўня зьяўляецца для мяне такім сьвятам, а таксама Дзень Незалежнасьці. Менавіта гэтыя два сьвяты для мяне важныя, бо гэта незалежнасьць маёй дзяржавы, маёй краіны. І на сёньня незалежнасьць Беларусі вельмі цаню”.

Карэспандэнтка: “Якое сьвята для вас самае галоўнае?”

Юнак: “Нават ня ведаю. Магчыма, Новы год, бо гэта чаканьне нейкага сьвята і цуду. А ўсе астатнія сьвяты занадта афіцыёзныя”.

Спадарыня: “Дзень нараджэньня майго ўнука”.

Спадар: “Я згодны, што і 9 Траўня, Дзень Перамогі. Гэта галоўнае сьвята. Звычайна гэта таксама Новы год, але Дзень Перамогі — гэта сьвята кожнага савецкага грамадзяніна, у каго бацькі й дзяды ваявалі й нават загінулі”.

Юначка: “Нават ня ведаю. Ну, звычайна віншуюць з Новым годам, з Днём Перамогі, Вялікаднем. Вось такое — самае, самае”.

Юнак: “Я люблю 9 Траўня, Новы год і свой дзень нараджэньня, вядома”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG