Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ліквідатарам Чарнобыльскай аварыі грошай няма, а на Лінію Сталіна, помнік Жукаву ёсьць...”


Радыё Свабода Агляд званкоў на Свабоду за 9 траўня. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць СМС- паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24

Пэнсіянэр, Сянно, Віцебская вобл.: “Добрай раніцы, паважнае Радыё Свабода. Я тэлефаную наконт Вашага пытаньня аб магчымасьці будаўніцтва атамнай электрастанцыі на тэрыторыі Беларусі. Я катэгарычна супраць гэткага будаўніцтва АЭС у Беларусі. Беларусь яшчэ не апрытомнела ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Значная тэрыторыя забруджана на некалькі стагоддзяў, а на ёй будуць жыць нашы дзеці і ўнукі.

Лепш плаціць за электраэнэргію, як мы плацім цяпер, але быць спакойнымі, што ня будзе чарговага сюрпрызу мірнага атаму, за які прыйдзецца плаціць кампэнсацыю іншым дзяржавам. Асабліва небясьпечна будаўніцтва АЭС у сучасных умовах і пры сучаснай уладзе. Неабходна зьніжаць энэргаёмкасьць вырабляемай прадукцыі за кошт укараненьня сучасных тэхналёгій, поўнасьцю выкарыстоўваць уласныя энэргарэсурсы. І калі нам хапае электраэнэргіі цяпер, то, думаю, хопіць і на наступныя гады. А далей паглядзім. А там электраэнэргію Чарнобыльскай АЭС няхай падлічаць эканамісты і энэргетыкі. І ці будуць яны ў захапленьні ад…”

“Добрай раніцы, паважанае Радыё Свабода! Прапаную правесьці ўсенародны рэфэрэндум аб мэтазгоднасьці будаўніцтва АЭС у Беларусі. Які нам абяцалі ўлады правесьці, але потым пра гэта чамусьці забыліся. І яшчэ прапанаваць два наступныя пытаньні: аб легітымнасьці прэзыдэнта, які ўдзельнічаў у фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 2006 года, як ён сам заявіў журналістам, і аб датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах. У заключэньне віншую ўсіх супрацоўнікаў Радыё Свабода зь Днём Перамогі. Дзякуй за ўвагу”.

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Добры вечар, паважаныя сябры! Улады выставілі Сініцына і Парфяновіча як пешак на шахматным полі, каб дазнацца, якая рэакцыя ў грамадзтве наконт здачы Беларусі ў склад Расейскай імпэрыі. Аднак, нягледзячы на Маніфэст згаданых палітыкаў, мы будзем шанаваць, любіць і берагчы нашу родную Бацькаўшчыну, змагацца за яе незалежнасьць і будучыню. Жыве Беларусь! Дзякую”.

Георгі Аркадзьевіч Крупскі, урач прафіляктычнай мэдыцыны, Полацк: “Меркаваньне вучоных перадавых краінаў сьвету аб экалёгіі. Калі мы не паразумнеем, то бок не пачнём будаваць сваё асабістае, грамадзкае, эканамічнае і дзяржаўнае жыцьцё ў адпаведнасьці з законамі прыроды, мы можам наблізіцца да небясьпечнай мяжы, за якой наступіць выраджэньне жыцьця і крах існуючай цывілізацыі. Зразумела, жыцьцё невынішчальнае, як не вынішчальная любая энэргія. Але мы, неразумныя людзі, жывем цяпер невукамі, не жадаем карыстацца з розуму, якім нас узнагародзіла прырода ад нараджэньня, па-барбарску атручваем паветра, ваду, навакольнае асяродзьдзе.

Такімі мы жыцьцю не патрэбныя. І яны прыбярэ нас, як прыбрала іншыя цывілізацыі Атлянтыду, Старажытны сьвет. Яна будзе ствараць новых і новых жывых істотаў да таго часу, пакуль яны не пачнуць паважаць яе жыцьцё”.

Спадар: “Добры дзень, Радыё Свабода. Учора па расейскім каналам паказалі ўрачыстае перазахаваньне ў Хімках 6 савецкіх лётчыкаў. Сваякі загінуўшых дзякавалі ўладам, што нарэшце з Плошчы парэшткі перанесьлі на могілкі, дзе яны і павінны быць, дзе зьявілася месца, куды можна прыйсьці і пакласьці кветкі. Атрымліваецца вельмі цікава. З аднаго боку, людзі дзякуюць сваёй уладзе, за ня проста перанос, а разбурэньне помніка, каб на гэтым месцы пабудаваць катэдж. Дзякуюць за тое, што ў гэтым працэсе згубілі адзін мех з парэшткамі, аб чым сказала адна з сэнатарак…”

Спадар: “Расейскія лукашэнкаўскія гісторыкі-прапагандысты ўсяляк замоўчваюць факты падрыхтоўкі пачатку Другой Сусьветнай вайны. Сталін разам з Гітлерам у верасьні 39-га года пачалі Другую Сусьветную вайну як саюзьнікі нападам на Польшчу, згодна з сакрэтнымі пратаколамі да дамовы Рыбэнтропа-Молатава. Пасьля падзелу Польшчы 28 верасьня зноў была падпісана дамова паміж Германіяй і Савецкім Саюзам аб сяброўстве і мяжы. У палон да Савецкага Саюзу трапіла каля 25 тысяч польскіх афіцэраў, якіх праз паўгады па рашэньні Палітбюро тайна расстралялі ў Катыні каля Смаленску.

Фактычна, гэтыя дамовы Сталіна з Гітлерам далі “зялёнае сьвятло” для захопу Гітлерам Заходняй Эўропы, а Сталіну для захопу Літвы, Латвіі, Эстоніі і часткі Фінляндыі, дзе пасьля пачаліся масавыя рэпрэсіі і тэрор супраць мясцовага насельніцтва. А 30 студзеня 1940-га году паміж Савецкім Саюзам і Германіяй была падпісана дамова гандлёва-эканамічная, па якой паўтары гады ў Германію ішлі эшалёны і караблі са стратэгічнымі таварамі. Так Сталін падкарміў Германію на сотні мільёнаў даляраў. Пра пачатак вайны і яе ход у 1941-м годзе прапагандысты замоўчваюць факты, што за гэты час трапіла ў палон каля 5 мільёнаў чырвонаармейцаў, зь якіх каля 2/3 загінула ад голаду і холаду. Усяляк замоўчваецца і прыніжаецца памер дапамогі ЗША і Ангельшчыны Савецкаму Саюзу, якая дасягнула каля 500 мільярдаў даляраў. Усё гэта Вы ня знойдзеце ў цяперашніх падручніках па гісторыі і пра гэтыя факты ня ведае большасьць беларусаў”.

Спадар: “Праглядзеў тэлеперадачу праграмаў Польшчы за 8 і 9 траўня. І што зьдзівіла, ні воднай перадачы пра вайну, пра перамогу. Нібыта і не было 1 верасьня 1931 года, нібыта не было Асьвенціма і іншых канцлягераў на тэрыторыі Польшчы. Няўжо ім так спадабаліся гестапаўскія гумавыя дубінкі і аўчаркі, што нават не ўспамінаюць пра Перамогу і мінулую вайну, тых, што паўсталі ў Варшаве?! Я думаю, што і Чэхаславакія таксама не забыла 8 траўня 1945 года, калі паўстаўшая Прага клікала на дапамогу. І прыйшла Чырвоная Армія. Кароткая памяць аднак у людзей”.

Спадарыня: “Вось надыходзіць Дзень перамогі. Мне вельмі хочацца павіншаваць нашых вэтэранаў. Але зноў я хачу сказаць, што ім нялёгка будзе сустрэць гэты дзень перамогі, таму што настолькі высокія цэны. Нават няшчасныя агуркі-памідоры вышэй за 5 тысяч. Ня кожны вэтэран зможа сабе гэта дазволіць. У мяне баліць душа за нашых вэтэранаў, бо мой дзед паклаў галаву, абараняючы нашу беларускую Радзіму. Але мне хочацца толькі запытацца, чаму столькі наўкола нядбайнасьці. Чаму так не рупяцца пра нашых вэтэранаў?! Баліць мая душа, але я не змагу нічога зрабіць, бо ніхто праўды ня любіць. Калі кажаш праўду, цябе пачынаюць прыніжаць, тваіх дзяцей. Мой бацька ўсё жыцьцё пражыў бяз бацькі. Ён наведаў нашу навагрудзкую бальніцу, дзе вельмі нядбайна да яго паставіліся. Мяне абурае такое стаўленьне да людзей: ні харчаваньня нармальнага, ні ўвагі мэдычнага пэрсаналу, толькі грубасьць, толькі зьнявагі, толькі абразы любога чалавека. Які нізкі ў нас узровень мэдыцыны! Калі ж нарэшце ён крыху павысіцца?!”

Спадарыня: “Добры вечар, “Свабода”! У вандроўцы Зьміцера Бартосіка на “лінію Сталіна” прафэсійная журналісцкая работа. Заміж слова “прафэсійная” хочацца сказаць нешта ўдзячнае і прыемнае. Дзякуй! Дзякуй! Які палітычны цынізм: ліквідатарам Чарнобыльскай аварыі грошай няма, а на Лінію Сталіна, помнік Жукаву ёсьць – абы дагадзіць Крамлю. Ёсьць грошы на розныя пышныя сьвяточныя імпрэзы, маршы, канцэрты, хаця б на 9 траўня.

Я згодная з тымі, хто лічыць, што 9 траўня павінен быць дзень малітвы, кветак, ціхага смутку. У страшным полымі вайны загінуў кожны чацьвёрты, а можа, нават кожны трэці беларус. Да чаго ўся гэта пышнасьць? Толькі б дажыць і пабачыць іншую Беларусь. Іншую! І галоўнае, іншыя адносіны паміж людзьмі. Для мяне асабіста гэта вельмі важна. Прадоўжыце працу па Саюзу беларускай моладзі. Сёньня казаў пра гэта Міхась Скобла. Гэта вельмі важна. У школе вельмі дураць моладзь, псуюцца маладыя душы. А можа, пачуюць пра гэты Саюз беларускай моладзі тыя маладыя людзі.я кія ходзяць з бутэлькамі без сэнсу ў жыцьці. Дзякуй. Усяго найлепшага”.

Іваноў, Смаргонь: “Вось плянуюць адмяніць ільготы інвалідам 1-й і 2-й групаў. Мусіць наш урад у сувязі зь дзіркай у бюджэце ад падвышэньня коштаў на расейскі газ адыграцца на такіх безабаронных людзях. Няхай гэтыя дэпутаты Нацыянальнага сходу сабе скароцяць мільённыя аклады на палову, прывілеі. Чаму яны адыгрываюцца на зусім безабаронных людзях?! Гэта пазбавіць хворага пасьля інфаркту бясплатных мэдыкамэнтаў! Гэта жыўцом у фінансавую яму заганяць! Да пабачэньня”.

Анастас Семяновіч: “Вельмі шаноўнае спадарства Радыё Свабода, добры вечар! Хачу ўсіх слухачоў Радыё Свабода, Вас, каханыя і дарагія работнікі Радыё Свабода, павіншаваць са сьвятам Перамогі. Моцнага Вам здароўя, а таксама хачу Вам сказаць шчыры дзякуй за Вашу шчырую і аб’ектыўную інфармацыю, якую для лукашыстаў не пачуеш, якую ад лукашыстаў не пачуеш. Жыве Беларусь!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG