Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладых творцаў сёньня не хвалюе тэма вайны


Валянціна Аксак, Менск “Акупацыя.Містэрыі” – так называецца фільм, зьняты некалькі гадоў таму маладым беларускім рэжысэрам Андрэем Кудзіненкам. Ён паглядзеў на апошнюю вайну без гераічнага патасу, без падзелу яе ўдзельнікаў на сваіх і ворагаў, а ўбачыў у ёй толькі трагедыю людзей, пастаўленых у сьмяротныя варункі. Фільм быў афіцыйна забаронены да паказу ў Беларусі, але яго аўтары атрымалі прызнаньне за мяжой. Ці хвалюе цяпер маладых беларускіх творцаў тэма вайны?

Сяржук Цімохаў: “Мастацтва павінна несьці станоўчыя эмоцыі”

Мастака Сержука Цімохава тэма апошняй усясьветнай вайны хвалюе з агульнагуманітарнага гледзішча: “Усё гэта хвалюе, канечне, найперш з тае кропкі гледжаньня, каб болей нічога падобнага ніколі не адбылося”.

Але як мастак, спадар Цімохаў тэму вайны, тэму чалавечай трагедыі ў сваёй творчасьці сьвядома абыходзіць. Ён мае на гэты конт свае творчыя прынцыпы:

“Я схіляюся да думкі, што мастацтва павінна быць у пэўнай ступені прыгожым, эстэтычным і несьці толькі станоўчыя эмоцыі. Таму на сёньняшні момант я нічога не раблю і няма ў мяне жаданьня рабіць нешта на тэму вайны”.

Піт Паўлаў: “Мне здаецца, ёсьць больш цікавыя сучасныя тэмы”

У гітарыста гурту “N.R.M.” і лідэра гурту “Гарадзкія” Піта Паўлава праз дзядоў і бабуляў сувязь з апошняй вайной самая непасрэдная. Але ў творчасьці гэтая тэма калі зрэдчас і гучыць, то толькі апасродкаваным чынам.

“Адзін мой дзед загінуў на вайне, другі перажыў яе ў Беларусі, – расказвае Піт Паўлаў.– Адна мая бабуля зьбягала ад вайны ў глыбокую Расею, другая перажыла яе ў Ленінградзкай блякадзе. Таму канечне ў мяне ёсьць маё ўласнае стаўленьне і бачаньне гэтай вайны, але, мне здаецца, ёсьць больш цікавыя сучасныя тэмы, больш блізкія, больш прывабныя, больш актуальныя. Я пішу пра тое, што мяне ў дадзены момант хвалюе”.

Андрэй Хадановіч: “Я яшчэ не гатовы да танцаў на труне гэтай вайны...”

Паэт Андрэй Хадановіч зь вялікай сымпатыяй ставіцца да творчасьці маладога рэжысэра Андрэя Кудзіненкі, які па-іншаму, чым традыцыйны савецкі і цяперашні беларускі кінэматограф, паглядзеў на вайну. Але сам ён калі і ўпусьціць калі-небудзь гэтую тэму ў свае вершы, то толькі ў карнавальным выглядзе. Але лічыць, што для такога творчага мэтаду яшчэ не надышоў час.

“Я яшчэ не гатовы, можа таму, што дзед-вэтэран, які дайшоў да Бэрліну і мае савецкія ўзнагароды за гэтую вайну, яшчэ жывы, – кажа Хадановіч. – Я яшчэ не гатовы да карнавалізацыі, да танцаў на труне гэтай вайны. І разьлічваю абмінуць гэты творчы лёс”.
XS
SM
MD
LG