Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест ільготаў – адрасная сацыяльная дапамога


Іна Студзінская, Менск Улада ініцыявала законапраект аб адмене большасьці льгот. Дакладна яшчэ невядома, якія льготы і для якіх катэгорыяў насельніцтва будуць скасаваныя, хаця намесьніца кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Пяткевіч у Палаце прадстаўнікоў заявіла, што трэба адмяніць усе льготы. Пры гэтым гаворыцца, што адначасова з прыняцьцем закону неабходна распрацаваць праект указу аб адраснай сацыяльнай дапамозе.

Эканаміст Міхал Залескі на замову Ўсясьветнага банку яшчэ ў 2000 годзе напісаў кнігу “Адрасная сацыяльная дапамога”. Ён перакананы:

“Безумоўна, ва ўсіх краінах ёсьць людзі, якім патрэбна дапамога. Але возьмем ільготы для спэцыфічных катэгорыяў. Ёсьць абсалютна цывілізаваны прыклад – эстонскі (ва ўсіх жа краінах ёсьць сілавікі – і ў Амэрыцы, і ў Эстоніі): вось ваш бюджэт, у межах бюджэту хоць помнікі сабе залатыя стаўце, але ў межах выдаткаванага вам бюджэту. Рабіце сабе і праязныя бясплатныя, і кватэры бясплатныя. А ў нас так заўсёды: “І члены іх сем’яў”. “Мы з братам па ночку”, як у тым беларускім анэкдоце”.
”Абсалютна цывілізаваны прыклад – эстонскі!”
Сама думка наконт пераходу да адраснай сыстэмы льготаў вельмі правільная, лічыць эканаміст Аляксандар Чубрык. Што да льготаў найменш абароненых катэгорыяў, Аляксандар Чубрык кажа:

“Я ня думаю, што пэнсіянэры, вэтэраны, чарнобыльцы займаюць вялікую долю ў выдатках бюджэту на ільготы. Таму гэтыя групы, хутчэй за ўсё, кранацца ня будуць. Цяжка сабе ўявіць, што пры сучаснай рыторыцы наконт перамогі і гэтак далей улады адважацца пайсьці на такі крок”.

Эканаміст Міхал Залескі перакананы: “Трэба каб так было: ёсьць пэўны ліміт бюджэтны на дапамогу. Я зьвяртаюся па канкрэтную дапамогу як пэнсіянэр. Я сам прымаю рашэньне, на што мне не хапае”.
“Да сацыяльнай справядлівасьці гэтыя захады не прывядуць!”
Карэспандэнтка: “А вось гэтыя захады, што зараз робяцца – яны прывядуць да сацыяльнай справядлівасьці?”

“Скажу адразу коратка: не прывядуць! – адказвае Залескі. – Яны прывядуць да вялікіх абурэньняў і крыўдаў у грамадзтве. Таму што калі мы дзелім ільготнікаў па катэгорыях, у нас атрымліваецца мноства і мноства катэгорыяў: 300 катэгорыяў ільготнікаў розных. Гэта ня значыць, што ўсім нічога не патрэбна. Яны розныя. Ёсьць прынцыпова – ідэалёгія. Ідэалёгія застаецца камуністычнай”.
Львіная доля льгот — гэта аплата пуцёвак у санаторыі, дамы адпачынку, лячэньня
Згодна з гэтай ідэалёгіяй (і дадзенымі Міністэрства статыстыкі) вынікае, што львіная доля льгот — гэта аплата пуцёвак у санаторыі, дамы адпачынку, лячэньне. Асноўную частку пуцёвак атрымлівалі самыя высокааплатныя групы насельніцтва. Ільготы павінны атрымліваць толькі сацыяльна неабароненыя групы насельніцтва, лічыць эканаміст Аляксандар Чубрык:

“Праблемы, хутчэй, у такіх катэгорыях ільготаў, як паездкі ў санаторыі, на лячэньне, на лекі таксама. Гэта хутчэй тычыцца ня простых грамадзянаў, а такіх катэгорыяў ільготнікаў, як чыноўнікі, дырэктары вытворчасьці, сілавікі тыя самыя”.

Мяркуецца, што канчаткова законапраект ад ўпарадкаваньні ільготаў будзе прыняты Палатай прадстаўнікоў пры канцы траўня.

Гл. таксама • Чаму ўлады адмяняюць ільготы?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG