Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выкраданьне беларускі ў Нігерыі зьвязанае з нафтавымі інтарэсамі?


Радыё Свабода Ад 5 траўня нігерыйскія тэрарысты трымаюць у закладніцах беларускую грамадзянку Ірыну Экпа-Умо. Супрацоўніца брытанскай транснацыянальнай кампаніі "Whassan Eurest Nigeria", якая апошнім часам стала жыве ў Лягасе, была выкрадзеная невядомымі ў “нафтавай сталіцы” Нігерыі Порт-Харкорце.

Як падаюць са спасылкай на крыніцы ў мясцовай паліцыі нігерыйскія журналісты, тэрарысты мелі тэлефонную размову з былым мужам Ірыны, уладальнікам мэдычнай практыкі ў Лягасе доктарам Экпа-Умо. Яны патрабавалі за вяртаньне жанчыны 1,2 мільёны даляраў і пагражалі, што могуць выкарыстаць Ірыну ў рытуальных мэтах у часе сьвяткаваньня Дня памяці Адака Бора 16 траўня.

Паводле экспэртаў, пасьлядоўнікамі нігерыйскага рэвалюцыянэра Адака Бора зьяўляюцца ўдзельнікі “Руху вызваленьня дэльты ракі Нігер”. Гэта пераважна ваяўнікі народнасьці іджа, якія імкнуцца да ўласнага кантролю над нігерыйскім палівам і традыцыйна захопліваюць у закладнікі замежных нафтавікоў. Кожны раз падобныя тэракты прыводзяць да росту цэнаў на нафту. Ваяўнікі іджа маюць у сваім арсэнале стралковую зброю і ракетныя ўстаноўкі.

Сэпаратыстаў аб’ядноўваюць этнічныя і зямляцкія сувязі, а таксама культавыя рытуалы продкаў. Рытуальнае забойства ёсьць звычайнай зьявай у шэрагу рэгіёнаў. Многія жыхары лічаць, што могуць стаць сапраўднымі мільянэрамі, калі ў якасьці амулета будуць выкарыстоўваць чалавечыя органы.

Паводле афіцыйнай беларускай інфармацыі, нігерыйскі амбасадар у Расеі Даніэль Сулейман запэўніў МЗС Беларусі адносна таго, што ягоная краіна робіць усё дзеля вызваленьня Ірыны Экпа. Паведамляецца, што перамовы з тэрарыстамі вядуць таксама і прадстаўнікі брытанскай кампаніі. Дарэчы, у панядзелак увечары Ірына патэлефанавала да сваіх калегаў і паведаміла, што жывая і здаровая. Свае ўмовы выкупу ў 1,2 мільёны даляраў нігерыйскія ваяўнікі выстаўлялі і кампаніі "Whassan Eurest Nigeria" У размове з журналістамі брытанцы ніяк не камэнтуюць гэтыя патрабаваньні, а таксама свае дзеяньні ў адказ. Яны лічаць, што агучаная інфармацыя можа пашкодзіць жанчыне. Паводле некаторых зьвестак, выплаты калі і робяцца, то неафіцыйна. Тады, быццам бы, закладнікаў выпускаюць без усялякіх перашкодаў.

Тым часам спэцыялісты антытэрарыстычнага цэнтру КГБ Беларусі, камэнтуючы інфармацыю пра выстаўленыя тэрарыстамі ўмовы, кажуць, што “выкупы плаціць нельга, паколькі кожны новы выкуп спараджае новае выкраданьне”.

Гл. таксама

• У скрадзеную ў Нігерыі беларуску маглі страляць?
XS
SM
MD
LG