Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Харэўскі адказаў на 150 пытаньняў з гісторыі Беларусі


Іна Студзінская, Менск Грамадзкае аб’яднаньне “Вэтэраны Адраджэньня” і творчая ініцыятыва “Беларускі Гальфстрым” падрыхтавалі чарговую аўдыёкнігу – “150 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі”.

Пра стварэньне папулярнай гістарычнай энцыкляпэдыі Беларусі марылі яшчэ Вацлаў Ластоўскі, Язэп Лёсік, Уладзімер Пічэта.

У 1993 годзе спачатку на старонках газэты “Звязда”, а потым і асобным выданьнем выйшла кніга “100 пытаньняў і адказаў зь гісторыі Беларусі”.

Праз 10 гадоў складальнікі кнігі Зьміцер Санько і Іван Саверчанка вырашылі працягнуць праект, і зьявіліся ўжо “150 пытаньняў і адказаў”. Сярод аўтараў кнігі — Уладзімер Арлоў, Алесь Жлутка, Уладзімер Казьбярук, Павал Лойка, Анатоль Сідарэвіч, Сяргей Тарасаў, Міхась Чарняўскі.

І вось цяпер напярэдадні цэнтралізаванага тэставаньня, ўступных іспытаў у ВНУ зьявілася аўдыёкніга. Сяргей Харэўскі, голасам якога агучаныя адказы на пытаньні, удакладняе:

“Выданьне дапоўненае, проста яно так фармальна называецца. Там амаль 200 пытаньняў і адказаў – такі ўборысты том атрымаўся, у палепшаным, дапоўненым і адкамэнтаваным выглядзе”.

Спалучэньне літаратуры і забавы

Рэжысэр аўдыёкнігі “150 пытаньняў і адказаў зь гісторыі Беларусі” – Валер Мазынскі. Нядаўна ён працаваў над аўдыёкнігамі “Фэрма” і “1984” паводле аднайменных кнігаў Джорджа Оруэла.

Для сваіх аўдыёкніг Валер Мазынскі падбірае толькі прафэсіянальных актораў, дыктараў: Орўэла чытаў дыктар Беларускага радыё Валер Будзевіч, “Час чумы” Арлова – Сяргей Дзяркач. “Сымона-музыку” Якуба Коласа будзе чытаць актор Валер Шушкевіч.

А для гістарычнага выданьня быў абраны Сяргей Харэўскі, які мае досьвед выкладчыка. Але давялося праявіць і рэдактарскі досьвед, бо некаторыя тэксты былі даволі складана напісаныя. Расказвае Сяргей Харэўскі:

«Натуральна, паколькі тэкст такі дыдактычны і прызначаны на ўяўляльную для мяне аўдыторыю, мне гэта было рабіць ня цяжка. Зь іншага боку, для мяне гэта было цікава, я яшчэ раз перапраўджаў свае веды ў пытаньнях гісторыі, заўважаў і некаторыя недакладнасьці, якія з ходу тут жа і падпраўлялі. Ну і ўскосным вынікам гэтых чытаньняў стала і тое, што я гатовы адказаць на любое з гэтых 150 пытаньняў, нават ня маючы пры сабе гэтай кнігі».

Апошнія гады, дзесяцігодзьдзі людзі чытаюць усё менш і менш, а моладзь, дзеці наагул вельмі рэдка бяруць у рукі сур’ёзныя творы. Кіраўнік творчай ініцыятывы “Беларускі Гальфстрым” Франак Вячорка перакананы:

“Аўдыёкнігі дазваляюць спалучыць паўнацэннае чытаньне літаратуры і забаву. Тое, што характэрна і звыкла моладзі. Безумоўна, прагрэсіўная частка моладзі, якая карыстаецца тэхнічнымі навінкамі, такімі, як МР-3 плэер, аўдыё CD-плэер, яны могуць слухаць літаратуру па дарозе на працу, у школу ці ўнівэрсытэт”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG