Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якую эканамічную праграму прадставіла апазыцыя?


Віталь Цыганкоў, Менск На сайце Аб''яднанай грамадзянскай партыі была апублікаваная эканамічная плятформа, распрацаваная Нацыянальнай Радай Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Ці ўдалося апазыцыі знайсьці кампраміс паміж рознымі эканамічнымі падыходамі? Ці магчыма ў адной праграме аб’яднаць правыя і левыя погляды на эканоміку? Гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадача "Экспэртыза Свабоды" абмяркоўваюць адзін з распрацоўшчыкаў плятформы, кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук і эканаміст Аляксандар Чубрык.

Дакумэнт з папулісцкім адбіткам

Цыганкоў: “На сайце Аб’яднанай Грамадзянскай партыі была апублікавана эканамічная плятформа, распрацаваная экспэртамі Нацыянальнай Рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Паведамляецца, што гэты дакумэнт будзе прадстаўлены для ўхваленьня дэлегатам Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Яраслаў Раманчук – адзін з распрацоўшчыкаў гэтага дакумэнту. Яраслаў, які прадукт Вы мелі на мэце прадставіць для абмеркаваньня? Ці гэта больш кароткі агітацыйны матэрыял, ці гэта сапраўдная эканамічная праграма для спэцыялістаў?”

Раманчук: “На двух старонках ня можа быць сапраўдная эканамічная праграма. Гэта -- тэзісы, гэта тая плятформа, на якой будзе грунтавацца ўся эканамічная праграма, якая таксама ў нас ёсьць. Гэта тыя тэзісы, тыя накіраваньні стратэгіі, якая зьяўляецца вынікам кампрамісу паміж рознымі палітычнымі сіламі”.

Цыганкоў: “Мне здаецца, што гэты дакумэнт паспрабаваў аб’яднаць самыя розныя эканамічныя падыходы. Там ёсьць і даволі лібэральныя, і часам даволі левыя і папулісцкія. Яраслаў, наколькі Вам здаецца мэтазгодным аб’дноўваць такія розныя падыходы ў гэтым дакумэнце? Ці рэальнае іх выкананьне?”

Раманчук: “Выкананьне рэальнае тады, калі ў нас будзе рэальны ўрад, рэальная ўлада. І тады можна будзе гэтыя прыярытэты расставіць. Я лічу, што гэта дакумэнт адказных людзей, якія ведаюць, што ў краіне рабіць.

На этапе падрыхтоўкі гэтага дакумэнту было шмат розных прапановаў і ад сацыял-дэмакратаў, і ад БНФ, і ад экспэртнай супольнасьці… І ўрэшце, мы прыйшлі да высновы, што вось такі кампрамісны варыянт, у якім ёсьць, безумоўна, важны лібэральны элемэнт адказнага ўраду, таксама ёсьць элемэнты вельмі моцнага сацыяльнага забесьпячэньня, на якіх настойваюць ня толькі камуністы альбо левыя, а таксама на гэтым настойваюць і лібэралы.

Несправядліва было б лічыць, што лібэралы толькі за тое, каб прыватызаваць, памяншаць інфляцыю, дэфіцыт бюджэту. Адказнасьць у тым, каб была стабільнасьць, каб людзі потым падтрымалі і наступны ўрад, які прыйдзе на дэмакратычнай аснове пасьля таго, як першы дэмакратычны ўрад пачне рэалізацыю гэтай праграмы”.

“Нельга блытаць эканамічную плятформу з улёткай”

Цыганкоў: “Аляксандр, як Вы ацэніце гэты дакумэнт? У мяне такое ўражаньне, што гэта, безумоўна, дакумэнт апазыцыйных палітычных сілаў, якія імкнуцца прыйсьці да ўлады. Скажам, калі б АГП, у якую ўваходзіць Яраслаў Раманчук, узначальвала ўрад, наўрад ці яна магла выконваць такі дакумэнт, ці не так?”

Чубрык: “Тое, што Вы кажаце -- што гэта дакумэнт тых сілаў, якія мяркуюць прыйсьці да ўлады, гэта накладае адбітак на ягоны тэкст. Праблема ў тым, што дакумэнт падрыхтаваны шматлікімі блёкамі ў складзе дэмакратычных сілаў. Гэта наклала на яго даволі папулісцкі адбітак.

Але папулізм – гэта палітыка сучаснай улады. Але ў іх гэта справа, а ў дадзеным дакумэнце толькі словы. І тут існуе такая даволі няроўная канкурэнцыя, на мой погляд. Такім чынам, тое, што напісана ў “Плятформе”, было б прасьцей рэалізоўваць ураду, якія ўжо знаходзіцца ва ўладзе”.

Цыганкоў: “Калі я абмяркоўваў з палітычнымі аналітыкамі, чуў меркаваньне, што ён недастаткова папулісцкі для шырокіх народных масаў. Надта многа пунктаў, ня вельмі чытэльны для выбаршчыкаў. Яраслаў, што Вы скажаце?”

Раманчук: “Нельга блытаць эканамічную плятформу з улёткай. Таму гэты дакумэнт накіраваны на эліты, на намэнклятуру, на нашых зьнешніх партнэраў, на тое, каб яны пабачылі, а што ж будзе рабіць дэмакратычны ўрад.

Калі будзе дэмакратычная ўлада, таксама будуць кампрамісы. Таму мы палічылі, што трэба зрабіць нейкія рэалістычны дакумэнт. Калі будзе парлямэнцкая кампанія, безумоўна, будуць улёткі, безумоўна, будуць тлумачэньні, што стаіць за кожным з гэтых пунктаў”.

Палітычны кампраміс зрабіў “Плятформу” даволі супярэчлівай

Цыганкоў: “Аляксандр, давайце пройдземся больш канкрэтна па некаторых пунктах. Што Вы лічыце самым удалым, а што, можа быць, ня вельмі, з чым бы Вы не згадзіліся ў гэтым дакумэнце?”

Чубрык: “Я адзначу, што дакумэнт часткамі даволі супярэчлівы. Кампраміс, пра які казаў Яраслаў, наклаў некалькі супярэчлівых рэчаў. Напрыклад, плянуецца разьвіцьцё фондавага рынку, і ў той жа час дэкляруецца паступовы продаж дзяржаўнай уласнасьці і паступовае скарачэньне ўдзелу дзяржавы. З “паступовым” скарачэньнем даволі цяжка будзе будаваць фондавы рынак.

Яшчэ такія супярэчлівыя рэчы, як абмежаваньне ролі дзяржавы, і павялічэньне сацыяльных выдаткаў. Нічога амаль не сказана пра тое, што будуць зьніжацца нейкія іншыя выдаткі. Напрыклад, на фінансаваньне прадпрыемстваў”.

Цыганкоў: “Там наадварот сказана, што льготы захаваюцца”.

Чубрык: “Я і кажу, што сацыяльныя выдаткі мусяць павялічыцца і невядома, якім чынам у межах тых сродкаў, якімі прапануецца абмежаваць дзяржаву, будуць выкананыя гэтыя сацыяльныя патрабаваньні.

Мне больш падабаецца ідэя пра абмежаваньне дэфіцыту бюджэту ці нават пра тое, каб заканадаўча ўвесьці бездэфіцытнасьць бюджэту. Але ж я, канечне, разумею, што тут могуць быць нейкія праблемы з кампрамісам. У выніку гэтага кампрамісу ўвайшлі вельмі шмат такіх пунктаў, якія проста блытаюцца адзін з адным, і каб гэты дакумэнт можна было разьбіць гэта на некалькі блёкаў, (уласнасьць, цэны, бізнэс), воку было б за што зачапіцца”.

Цыганкоў: “Мне, напрыклад, самым нерэальным падалося наступнае: абмежаваньне цэнаў за адзін квадратны мэтар сацыяльнага жыльля да ўзроўню сярэднемесячнага заробку. Цяпер заробак 250 даляраў, а цэны пад 2 тысячы даляраў за мэтар у Менску. Гэта што да чаго павінна збліжацца? Ці цэны на жыльлё гэтак зьнізяцца, ці заробак вырасьце?”

Раманчук: “А гэта проста патлумачыць. Што такое сацыяльнае жыльлё і колькі яго будзе будавацца? Калі мы акрэсьлім, што гэта тычыцца, скажам, да тысячы кватэраў у год, то, безумоўна, гэта можна ацэньваць як датацыі такім сацыяльна незабясьпечаным групам, як інвалідам ці мнагадзетным сем’ям”.

Чубрык: “Галоўная ідэя гэтага дакумэнту – усталяваць дыялёг па шырокіх пытаньнях эканамічных рэформаў у краіне. Калі так, то гэты дакумэнт мае даволі вялікае, істотнае значэньне”.

Раманчук: “Важна было, каб нейкія лічбы там прагучалі, якія гавораць аб тым, які накірунак будзе мець эканамічная палітыка. Калі маем абмежаваньне па інфляцыі, па дэфіцыту бюджэту, па зьнешняму доўгу, то гэта нагадвае мне, напрыклад, маастрыхскія крытэры, якія таксама будзе наш новы ўрад мець на ўвазе, таму што арыентацыя на Эўропу там вельмі яскравая.

Што тычыцца ільгот, ня можа існаваць сыстэма, у якой 63% насельніцтва атрымліваюць розныя тыпы ільгот. І мы адзначым тыя катэгорыі, якія, на наш погляд, зьяўляюцца найбольш сацыяльна важнымі. Чарнобыльцы там ёсьць, там ёсьць інваліды, безумоўна. Урэшце атрымаўся дакумэнт, які, на мой погляд, можна прэзэнтаваць ня толькі ў нашай краіне, а таксама на Захадзе і ў Расеі”.
XS
SM
MD
LG