Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эстонскае консульства ў Менску не працуе


Радыё Свабода Ад 3 траўня Генэральнае консульства Эстоніі ў Рэспубліцы Беларусь не прымае дакумэнтаў у беларускіх грамадзянаў на атрыманьне візаў. Менгарвыканкам дазволіў пікетаваць будынак дыпляматычнай місіі Эстоніі, што месьціцца на 2-м завулку Кальцова, цэлы тыдзень — ад 3 да 10 траўня з адзінаццатай да дванаццатай гадзіны.

У першыя дні пікетаваньне будынку генконсульства Эстоніі праводзілася актыўна, там зьбіралася некалькі дзясяткаў пікетоўцаў.

Сёньня а 12-й гадзіне каля будынку было бязьлюдна — ці то праз дождж, ці то стаміліся прадстаўнікі Камуністычнай партыі Беларусі й Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі, якія падавалі заяўку на пікетаваньне.

Консульства 8 траўня таксама не працавала.

Сакратар генконсульства Эстоніі ў Беларусі сказала ў інтэрвію Радыё Свабода, што пра пікетаваньне дыпмісіі беларускія ўлады ім не паведамілі. Супрацоўнікі консульства выпадкова дазналіся пра дазвол Менгарвыканкаму.

Пікетоўцы перашкаджаюць працы дыпмісіі, кажа сакратарка:

Сакратарка: “Мы з чацьвярга, усе гэтыя дні, дакумэнтаў на візы не прымалі. Пабачым, што будзе заўтра, пастараемся пачаць прымаць дакумэнты”.

Карэспандэнтка: “А чаму? Яны перашкаджаюць уваходзіць людзям, ці што?”

Сакратарка: “Так, яны перашкаджаюць нам выходзіць”.

Карэспандэнтка: “А вашы прадстаўнікі вялі зь пікетоўцамі перамовы?”

Сакратарка: “Не, не. Мы толькі ноту даслалі ў МЗС. Як мы выпадкова даведаліся, Менгарвыканкам даў дазвол на пікеты да 10 траўня, і таму пакуль з прыёмам дакумэнтаў на адкрыцьцё візаў беларускім грамадзянам складана”.

Загадчык ідэалягічнага аддзелу Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі Іван Сінічкін сьцьвярджае, што моладзь да генконсульства прыходзіць з уласнай ініцыятывы:

Сінічкін: “Тыя, хто неабыякавы, туды і прыходзяць. У мяне дзядуля ваяваў, і глядзець на тое, што адбывалася ў Таліне, спакойна немагчыма. Мы ж ня можам выехаць у Талін і супрацьстаяць неяк там — таму законныя прадстаўнікі Эстоніі тут павінны ведаць, што перакройваць гісторыю цяпер недапушчальна”.

Наведнікі генконсульства, якія маюць расейскае грамадзянства, да таго, што генконсульства не працуе, паставіліся з паразуменьнем. Што да талінскіх падзеяў з помнікам савецкаму салдату, яны выказалі такое меркаваньне:

Спадар: “Спроба самасьцьвердзіцца ў эстонскага кіраўніцтва — вось такім ня самым высакародным чынам, якая, і гэта відавочна, супярэчыць нормам маралі”.

Спадарыня: “Гісторыю перакройваць нельга. Дрэнна, добра — але гэта было. І цяпер ваяваць з помнікамі й пахаваньнямі якіх бы ні было салдатаў, якія ахвяравалі сваім жыцьцём, — гэта амаральна”.

Маладыя беларусы выказвалі такія меркаваньні:

Дзяўчына: “Я падтрымліваю людзей, якія выказваюць пратэст”.

Спадар: “Непрыгожая атрымалася сытуацыя напярэдадні сьвятаў. І ў цэлым у кантэксьце дачыненьняў краінаў Балтыі й Расеі, і дачыненьняў краінаў заходніх і Расеі”.

Юнак: “Я палітыкай не цікаўлюся, у мяне шмат сваіх праблемаў”.

Спадар: “Я лічу, што нельга так рабіць, помнік — памяць пра подзьвіг савецкіх салдатаў. Нельга такога рабіць”.

Спадар: “Калі глядзець на сытуацыю вачыма эстонскага народу, калі яму так гэта не падабаецца, можа, яны і маюць рацыю, калі помнік зносяць”.

Гл. таксама: • Гомель: БРСМ ладзіць мітынгі школьнікаў супраць пераносу помніка ў Таліне

• Эстонскае консульства ў Менску не працуе

• Генэральнае консульства Эстоніі ў Менску працуе ў звычайным рэжыме
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG