Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Freedom House”: Беларусь – сярод найгоршых


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Міжнародная праваабарончая арганізацыя “Freedom House” выпусьціла штогадовую справаздачу “Найгоршыя з найгоршых”. У ёй падаецца аналіз сытуацыі з палітычнымі правамі і грамадзянскімі свабодамі ў самых рэпрэсіўных грамадзтвах сьвету. Сярод іх – Беларусь.

Выбары – несвабодныя і несправядлівыя

Найперш адзначаецца, што леташнія прэзыдэнцкія выбары не былі свабодныя і справядлівыя. А напярэдадні галасаваньня былі зроблены жорсткія рэпрэсіўныя захады супраць апазыцыі. Вынікі выбараў выклікалі найбольшы грамадзкі пратэст за час знаходжаньня ва ўладзе Лукашэнкі. Адбыліся масавыя арышты, улучна з кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандрам Казуліным, які пазьней атрымаў пяць з паловай гадоў турмы.

У справаздачы адзначаецца, што Беларусь ня мае электаральнай дэмакратыі. Канстытуцыя надае прэзыдэнту вялікія паўнамоцтвы. Яму падкантрольныя ўрад, суды і нават заканадаўчы працэс. Прэзыдэнцкія дэкрэты маюць большую сілу, чым законы. У выніку канцэнтрацыі ўлады ў руках прэзыдэнта партыі выконваюць нязначную ролю ў палітычным працэсе. Апазыцыйныя партыі не прадстаўленыя ў Нацыянальным сходзе. У справаздачы падаюцца прыклады перасьледу Партыі камуністаў Беларускай, лідэраў дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча, Анатоля Лябедзькі, Зьмітра Дашкевіча.

Рэжым Лукашэнкі згортвае свабоду прэсы

Таксама “Freedom House” адзначае, што рэжым Лукашэнкі сыстэматычна згортвае свабоду прэсы. Нагадваецца, што Камітэт абароны журналістаў назваў Беларусь адной зь 10 самых цэнзураваных краінаў сьвету ў 2006 годзе. Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі падпарадкаваныя прэзыдэнту, а перасьлед і цэнзура незалежных СМІ зьяўляюцца звычайнай справай, – канстатуецца ў справаздачы.

У Беларусі адчувае на сабе інтэнсіўны дзяржаўны ідэалягічны ціск акадэмічная свабода. Перасьледуюцца ўстановы, якія выкарыстоўваюць праграмы заходняга стылю, прасоўваюць нацыянальную самасьвядомасьць ці падазраюцца ў неляяльнасьці. Раней былі закрытыя Беларускі гуманітарны ліцэй і Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, паводле афіцыйных інструкцый, пазбаўляюцца месца вучобы, працы і навуковых ступеняў студэнты і выкладчыкі, якія далучаюцца да апазыцыі.

Праваслаўная царква – у прэвілеяваным стане

“Freedom House” адзначае, што нягледзячы на гарантаваную канстытуцыяй роўнасьць перад законам усіх рэлігіяў і веравызнаньняў, урадавыя дэкрэты і рэгістрацыйныя патрабаваньні ўсё болей абмяжоўваюць жыцьцё і працу рэлігійных групаў. Праваслаўная ж царква знаходзіцца ў прэвілеяваным стане.

“Freedom House” канстатуе строгае абмежаваньне свабоды асацыяцыяў. Болей як 100 найбольш актыўных недзяржаўных арганізацыяў, якія маюць крытычнае стаўленьне да ўладаў, былі ліквідаваныя ці змушаныя спыніць існаваньне з 2003 да 2005 году. А ў сьнежні 2005 году былі ўнесеныя папраўкі да Крымінальнага кодэксу, якія клясыфікуюць як злачынства ўдзел у незарэгістраванай ці ліквідаванай палітычнай партыі ці грамадзкага аб’яднаньня. Забаронена замежная дапамога няўрадавым арганізацыям, партыям і асобам, якія падахвочваюць “умяшаньне ва ўнутраныя справы”. У 2006 годзе былі арыштаваныя і прысуджаныя да зьняволеньня чатыры актывісты фінансаванай ЗША незарэгістраванай грамадзянскай ініцыятывы “Партнэрства”, якая спрабавала арганізаваць назіраньне за выбарамі.

У Беларусі – не адменены дазвол на выезд

“Freedom House” адзначае перасьлед у Беларусі незалежных прафсаюзаў, арышты іх лідэраў за мірныя пратэсты. Таксама – падпарадкаванасьць судоў уладам. У справах з палітычным падтэкстам часта не паважаецца права на справядлівы іх разгляд. Праваабаронцы працягваюць дакумэнтаваць выпадкі зьбіцьця, катаваньняў і неадэкватнай абароны ў часе затрыманьняў апазыцыйных актывістаў.

Дагэтуль у Беларусі існуе ўнутраная пашпартная сыстэма, якая абмяжоўвае свабоду выбару месца жыхарства. Таксама не адменены штамп дазволу на выезд. Камандная эканоміка строга абмяжоўвае эканамічную свабоду.

Жанчыны ў Беларусі не зьяўляюцца спэцыяльным аб’ектам дыскрымінацыі. Але ёсьць істотныя неадпаведнасьці ў даходах паміж мужчынамі і жанчынамі. Дрэнна прадстаўлены жанчыны і на вядучых урадавых пазыцыях. У выніку беднасьці, шмат жанчын сталі ахвярамі міжнароднага нелегальнага сэкс-гандлю.

Гл. таксама: • У справаздачы Дзярждэпартамэнту Беларусь – у адной групе з Паўночнай Карэяй, Бірмай і Іранам

• Амбасада ЗША прыняла заяву з нагоды Ўсясьветнага дня свабоды друку

• На якіх умовах у Менску адкрыюць офіс Эўракамісіі?
XS
SM
MD
LG