Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Суд над маладафронтаўцамі: 30 траўня, 14:15</B>


Любоў Лунёва, Менск Актывісты “Маладога фонту” Наста Палажанка, Зьміцер Хведарук, Алег Корбан, Аляксей Янушэўскі й Барыс Гарэцкі атрымалі сёньня афіцыйныя позвы ў суд. Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Судовае паседжаньне пачне судзьдзя Руслан Аніскевіч 30 траўня ў 14:15. Працэс будзе адкрыты.

Судзьдзя Савецкага раённага суду Менску Руслан Аніскевіч пастанавіў праводзіць адкрытае паседжаньне. На судзе дазволяць прысутнічаць журналістам, дыпляматам і паплечнікам маладафронтаўцаў.

Раней усе судовыя паседжаньні за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі адбываліся за зачыненымі дзьвярыма. Так было падчас суду над актывістамі “Партнэрства” Энірай Браніцкай, Міколам Астрэйкам, Цімафеем Дранчуком і Аляксандрам Шалайкам у судзе Цэнтральнага раёну Менску.

Пазьней у судзе Кастрычніцкага раёну за зачыненымі дзьвярыма судзілі лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча. Судзьдзі тлумачылі гэта абаронай сьведкаў, якія давалі паказаньні ў часе сьледзтва.

У справе Насты Палажанкі, Барыса Гарэцкага, Аляксея Янушэўскага, Зьмітра Хведарука і Алега Корбана сьледчыя КДБ і пракуратуры таксама дапыталі дзясяткі сьведкаў — паплечнікаў маладафронтаўцаў.

Сёньня сябры “Маладога фронту” падалі дакумэнты ва ўпраўленьне юстыцыі на рэгістрацыю менскай гарадзкой арганізацыі. Яны разьлічваюць, што ў выпадку рэгістрацыі судовыя прысуды маладафронтаўцам будуць менш жорсткія.

Гаворыць Наста Палажанка:

“ Мы ня ведаем, чаму судовае паседжаньне перанесьлі на такі доўгі тэрмін, але я думаю, што ўсё, канечне ж, вырашалася зьверху.”.
“Наша справа знаходзіцца ў судзе ўжо даўно. Мы ня ведаем, чаму судовае паседжаньне перанесьлі на такі доўгі тэрмін, але я думаю, што ўсё, канечне ж, вырашалася зьверху. Магу толькі сказаць, што ўвесь гэты час мы займаліся сваёй справай. Цяпер працуем над рэгістрацыяй. Лічу, што гэтая справа не дапаможа нам, але дапаможа наступным, тым людзям, якія могуць апынуцца ў такой сытуацыі як мы цяпер”.

Барыс Гарэцкі дадаў:

“Суду мы не баімся і ніякі судовы працэс нас не запалохае...”
“Суду мы не баімся і ніякі судовы працэс нас не запалохае, таму што мы, безумоўна, спадзяемся на лепшае, але рыхтуемся да самага горшага. Магчыма, падача дакумэнтаў на рэгістрацыю “Маладога фронту” дапаможа завяршэньню справы ў судзе. Можа, гэта аблегчыць наш лёс, але як яно будзе, залежыць, бадай, ад Госпада”.

Тым часам працягваюцца допыты сяброў “Маладога фронту” ў Менскай вобласьці.

Гл. таксама: • Маладафронтаўцы намагаюцца зарэгістраваць менскую арганізацыю
XS
SM
MD
LG