Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адзначаецца Дзень Перамогі ў Эстоніі?


Юры Дракахруст, Прага Сёньня ў Эстоніі, як і ў іншых краінах Эўразьвязу, адзначаецца Дзень Перамогі над нацызмам. Гэта адбываецца праз два тыдні пасьля хваляваньняў у Таліне з нагоды пераносу помніка савецкім салдатам. Улады рыхтуюцца да магчымых хваляваньняў 9 траўня, калі Дзень Перамогі адзначаецца ў Расеі.

Эстонія адзначае Дзень Перамогі 8 траўня другі раз. Сёньня прадстаўнікі ўладаў і замежныя дыпляматы ўскладаюць кветкі да магілаў загіблых у Другой Усясьветнай вайне. Помнік савецкім салдатам, які ў Эстоніі называюць Бронзавым салдатам, цяпер стаіць на вайсковых могілках. Два тыдні таму ягоны перанос выклікаў пратэсты, якія суправаджаліся рабаўніцтвам крамаў. Тады было арыштавана 1200 чалавек.

Кветкі сёньня ўскладаюцца і Бронзавага салдата. Учора прадстаўнік міністэрства абароны Эстоніі заявіў:

Мікка: “Заўтра – дзень памяці ахвяраў і загіблых у Другой Усясьветнай вайне. Заўтра мы не адкрываем помнік Бронзаваму салдату”.

Помнік быў адкрыты для наведнікаў з пачатку мінулага тыдня. Аднак яго афіцыйнае адкрыцьцё адбудзецца пазьней, калі на вайсковыя могілкі будуць перанесеныя парэшткі салдатаў, якія былі пахаваныя пад помнікам на старым месцы.

Паводле эстонскіх уладаў запрашэньні на 8 траўня на цырымонію ўшанаваньня памяці загіблых у вайну былі накіраваныя ў 27 пасольстваў. Аднак расейскі пасол заявіў, што будзе ўшаноўваць памяць загіблых 9 траўня.

Розныя погляды на Другую Усясьветную вайну працягваюць падзяляць Эстонію і Расею, а таксама людзей у самой Эстоніі. Гаворыць Андрэас Казэкамп, прафэсар гісторыі ў Тартускім унівэрсытэце:

“Для нас трагічныя падзеі Другой Усясьветнай пачаліся з 1939 году, з разьмяшчэньня савецкіх базаў і з поўнай акупацыяй саветамі трох балтыйскіх краін у 1940 годзе”.
Казэкамп: “Для нас Другая Ўсясьветная вайна доўжылася з 1939 па 1945 год. Гэта заходняе разуменьне, якое падзяляюць эстонцы і эўрапейцы. Для расейцаў гэта была Вялікая Айчынная вайна, якая пачалася ў 1941 годзе з нападу Гітлера на СССР. Перад гэтым Савецкая Расея была саюзьніцай нацысцкай Нямеччыны. Для нас трагічныя падзеі Другой Усясьветнай пачаліся з 1939 году, з разьмяшчэньня савецкіх базаў і з поўнай акупацыяй саветамі трох балтыйскіх краін у 1940 годзе”.

Дзьмітры Клёнскі – адзін з кіраўнікоў руху “Начны дазор”, які абараняў Бронзавага салдата. Ён гаворыць, што расейцы, якія жывуць у Эстоніі, адчуваюць несправядлівую дыскрымінацыю.

“Чалавек паклаўся спаць у адной краіне і раптоўна прачнуўся ў іншай”.
Клёнскі: “Пераважная большасьць з нас не адчувае сябе імігрантамі, прынамсі псыхалягічна. Але нас цяпер разглядаюць як імігрантаў з Расеі. Але прабачце, чалавек паклаўся спаць у адной краіне і раптоўна прачнуўся ў іншай. Гэты чалавек не пераяжджаў сюды”.

Дзьмітры Клёнскі – грамадзянін Эстоніі па нараджэньні, ён свабодна гаворыць па-эстонску. Паводле яго, Бронзавы салдат быў сымбалем для расейскамоўнай грамады Эстоніі і ягоны перанос стаў ударам па і без таго нізкаму даверу расейскамоўных жыхароў краіны да эстонскіх уладаў.

Эстонскія ўлады рыхтуюцца да магчымых акцыяў пратэсту 9 траўня, да якіх заклікае шэраг грамадзкіх расейскамоўных арганізацыяў Эстоніі. У той жа час многія грамадзкія дзеячы – як эстонцы, гэтак і неэстонцы, гавораць аб неабходнасьці аднаўленьня даверу паміж рознымі грамадамі Эстоніі.

Гл. таксама: • У чым прычыны забурэньняў у Эстоніі?

• “Бронзавы салдат” усталяваны на Вайсковых могілках Таліну
XS
SM
MD
LG