Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўлу Севярынцу адмянілі адпачынак


Любоў Лунёва, Менск Кіраўніцтва спэцкамэндатуры ў вёсцы Малое Сітна, дзе Павал Севярынец адбывае пакараньне за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 году, загадала палітвязьню вярнуцца на “хімію”, калі ён ужо ехаў дадому ў адпачынак.

Раніцай Паўла Севярынца адпусьцілі на пяць дзён, ад 8 да 12 траўня, наведаць сваіх бацькоў у Віцебску. Калі ён даехаў да Полацку, яму патэлефанавалі са спэцкамэндатуры й загадалі вярнуцца. Павал Севярынец пасьпеў сказаць некалькі словаў “Свабодзе”:

“Я мусіў, паколькі сёньня няма аўтобуса, дабірацца пешшу да станцыі Алёшча, адтуль дызэлем ехаць на Полацак. Ужо ў Полацку патэлефанавалі мне на мабільны з камэндатуры й загадалі вяртацца назад.

На маё абурэньне і запыты, што здарылася, было сказана, што пятнаццаць хвілінаў таму паступіў загад вярнуцца назад у Сітна і адзначыцца па прыбыцьці. Сюжэт даволі тыповы для сёньняшняй беларускай міліцыі, якая, на жаль, прымушаная выконваць палітычныя тэлефонныя загады”.

Раней, калі палітвязьню давалі кароткачасовы адпачынак, то некалькі разоў гэта завяршалася тым, што тэлефанавалі са спэцкамэндатуры й загадвалі вярнуцца раней за дазволены тэрмін.

Павал Севярынец лічыць, што сёньняшняе рашэньне ўладаў абумоўленае жаданьнем абмежаваць ягоныя кантакты з паплечнікамі. 9 траўня Павал меўся ўзяць удзел у онлайн-канфэрэнцыі на сайце "Нашай Нівы".
XS
SM
MD
LG