Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце зрабілася трыкатажнай "мэкай"


Юлія Шарова, Берасьце Берасьце зрабілася сапраўднай трыкатажнай "мэкай" для расейскіх прадпрымальнікаў. Сюды едуць здалёк, каб гуртом набраць тавараў для рэалізацыі – гэта жаночая вопратка, пашытая на мясцовых прыватных прадпрыемствах. З гэтага бізнэсу сёньня жыве амаль увесь абласны цэнтар.

Крама “Беларускі трыкатаж” на берасьцейскім вакзале адчыняецца а 5.30 – за пяць хвілінаў да прыбыцьця маскоўскага цягніка. Некаторыя з пасажыраў гэтага цягніка адразу скіроўваюцца ў краму й закупляюцца там вельмі апэратыўна, каб пасьпець на менскі цягнік, што адыходзіць ужо а 6.27. Пакупнікоў цягам гэтай гадзіны ў краме даволі шмат, таму прадавачкам яўна не да размоваў з журналістамі. Падыходжу да крамы пазьней.
”За таварамі ў Берасьце езьдзяць пераважна “чаўнакі” з Расеі...”
Гутару з кабетамі, якія тут працуюць. Яны апавядаюць, што за таварамі ў Берасьце езьдзяць пераважна “чаўнакі” з Расеі, каб потым прадаваць беларускія сукенкі й гарнітуры на сваіх рынках. Што прымушае іх езьдзіць гэтулькі далёка?

Спадарыня: “Ну, напэўна, таму, што тут вялікі асартымэнт, і кошты нашмат ніжэйшыя. У першую чаргу гэта якасьць тавару, якасьць пашыву. Шмат хто пачынаў капіяваць нашы мадэлі ў Расеі. Кажуць, што там таньней. Але папрацаваўшы з тымі вытворцамі, прыватнымі прадпрыемствамі, якія шыюць у падпольлі, пераходзяць зноў на гэты асартымэнт”.

У пачатку 1990-ых гадоў у Берасьці было два буйных прадпрыемствы гэтага профілю – фабрыкі “Элма” й “Дынама”. Паступова распладзіліся прыватныя фірмы. Займаліся пераважна трыкатажам, але потым перайшлі на выпуск вырабаў з самых розных тканінаў.
”У газэтах найвялікшае месца паводле аб’ёму займаюць абвесткі: “Запрашаем швачак...”
Цяпер Берасьце ператварылася ў сапраўдную трыкатажную мэку, лічаць супрацоўнікі некаторых прыватных фірмаў, што спэцыялізуюцца на пашыве жаночай вопраткі. Сёньня такіх фірмаў на Берасьцейшчыне каля 600, гэта толькі афіцыйна зарэгістраваныя арганізацыі. Яшчэ ёсьць і шэраг падпольных майстэрняў.

“У нас і рынак працы вельмі пазыцыянаваны ў гэтым сэнсе, – кажа супрацоўнік адной з найбуйных берасьцейскіх швачных фірмаў. – Калі разгарнуць газэту “Вечерний Брест», то найвялікшае месца паводле аб’ёму займаюць абвесткі: “Запрашаем швачак, канструктараў, лякальнікаў, загадчыкаў вытворчасьці, наладчыкаў”. Усё, што зьвязана са швачнай вытворчасьцю”.

Неафіцыйны заробак звычайнай швачкі ў Берасьці можа сягаць 300-400 даляраў на месяц, распавёў мой суразмоўца. Бягучасьць кадраў на кожным прадпрыемстве калясальная: цэлая брыгада швачак можа раптоўна зьняцца й пайсьці на новую фірму, якую толькі што адчынілі. А праз тры месяцы зноў звольніцца. Гэта адна з праблемаў, зь якімі сутыкаюцца наймальнікі.

Яшчэ адна праблема – моцная канкурэнцыя.
”У нас у дзяржаве сытуацыя, зьвязаная з прыватным бізнэсам, непрадказальная...”
Спадар: “Усё ж такі расейцы, якія сюды прыяжджаюць, яны пачынаюць перабіраць ад адной фірмы да іншай. Збольшага ўсе маюць сфармаваную кліентуру, і людзі прыяжджаюць канкрэтна на нейкія фірмы. Але ёсьць і новыя пакупнікі. Адпаведна, калі б фірмаў было меней, прадукцыі ў тых, што застаюцца, ішло б болей. А так людзі пераходзяць”.

Чаго засьцерагаюцца берасьцейскія прадпрымальнікі, што вядуць такі бізнэс? Найперш, звужэньня расейскага рынку: там таксама шмат швачных фірмаў, працаваць на якіх, дарэчы, едуць і спэцыялісты зь Берасьця. Але ж могуць быць і непрыемнасьці іншага кшталту.

Спадар: “Увоз тканінаў у Беларусь, як гэта было зь мясам: калі перакрыюць, дык усё, крах. У нас у дзяржаве сытуацыя, зьвязаная з прыватным бізнэсам, непрадказальная. Ніхто не прагназаваў, што забароняць увоз мяса, таму тое ж самае можа быць”.

Дарэчы, пашытую ў Берасьці вопратку, недарагую й элегантную, жанчыны зь іншых беларускіх гарадоў практычна ня бачаць: фірмам ня выгадна прадаваць сваю прадукцыю тут, 99 адсоткаў тавару ідзе ў Расею.



На фота: Пакупніцы лёгка губляюцца на абшарах “трыкатажнай мэкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG