Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні спадзяюцца на цуд


Сяргей Астраўцоў, Горадня У панядзелак увечары ў гарадзенскай капліцы Маці Божай Вострабрамскай адбылася экумэнічная малітва аб захаваньні гістарычнай забудовы гораду ад разбурэньня. У малітве ўдзельнічалі каталіцкі, пратэстанцкія ды ўніяцкія сьвятары і каля сямідзесяці вернікаў.

Экумэнічная імша ў каталіцкай капліцы на вул.Рэпіна адбываецца раз на месяц. У часе апошняй маліліся за тое, каб дапамагчы гораду, “каб ён квітнеў, а не разбураўся”, і “каб Ісус уступіўся за яго”. Горадню параўноўвалі са сьценамі Ерусаліму, на якіх стаяць вартаўнікі і вартуюць яго. Сьпяваў у касьцёле пратэстанцкі хор.

Настаяцель касьцёлу Маці Божай Вострабрамскай Аляксандар Шэмет патлумачыў, як узьнікла задума аб малітве за Горадню:

“Гэта была прапанова ўсіх сьвятароў розных вызнаньняў, каб маліцца ня толькі за дзяржаву, у якой мы жывем, але таксама і за горад, у якім мы знаходзімся сёньня. Таму што нас хвалюе, калі нішчыцца аблічча такога вельмі прыгожага гораду на тэрыторыі Беларусі – тое, што калісьці людзей прыцягвала, прываблівала. І таму мы вырашылі клапаціцца ў сваіх малітвах ня толькі аб унутраным жыцьці вернікаў, а таксама маліцца за тое, каб у Горадні было больш хрысьціянскіх храмаў розных вызнаньняў”.

Айцец Аляксандар дадае: “Мы маліліся, каб Госпад штосьці зрабіў, нейкі цуд даў”.

Удзельнічаў у экумэнічнай малітве ўніяцкі сьвятар Аляксандар Шаўцоў, сам гарадзенец. Ён расказаў вернікам аб тым, як прыяжджалі манахі з Львову, дзе захавалася мноства храмаў і манастыроў. І калі ён вадзіў іх па Горадні, то мусіў паказваць месцы, дзе калісьці стаялі манастыры і храмы, якія былі разбураны. Пра сёньняшнюю супольную малітву ён сказаў:

“Калісьці мужнасьць была ў людзей стаць на абарону сваіх сьвятыняў. Але зараз ведаю, што шмат гарадзенцаў супраць таго, што было зроблена з плошчай, супраць таго, што нішчацца будынкі, але пакуль што няма мужнасьці ў людзей, каб стаць на абарону гэтых помнікаў, гэтых будынкаў. І таму я сказаў слова аб тым, каб маліцца аб мужнасьці, мужнасьці дзейнічаць, мужнасьці і адвагі, каб нешта зрабіць. Ня проста маліцца, ня проста казаць аб гэтым ці проста абурацца, а нешта рабіць”.



На здымку: на экумэнічнай малітве зьлева направа ксёндз Аляксандар Шэмет, пастар Царквы поўнага Эвангельля “Жывое слова” Дзьмітры Малюкевіч, уніяцкія сьвятары Андрэй Крот і Аляксандар Шаўцоў. Гл. таксама • Горадня: моладзь пачала дзяжурыць каля дамоў, якія плянуецца зруйнаваць

• У Горадні разбураюць будынак ХVIII стагодзьдзя

• Першы крок для гарадзенскага рэфэрэндуму
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG