Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Латвія падлічваюць страты ад расейскага нафтаправоду


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня будзе названы канчатковы памер матэрыяльнай шкоды, нанесенай Латвіі ў выніку сакавіцкага прарыву на нафтаправодзе «Вэнтсьпілс-Унеча» ў Бешанковiцкiм раёне. Як паведаміў Міністар навакольнага асяродзьдзя Латвіі Раймонд Вяёніс, паводле папярэдніх падлікаў, грашовая кампэнсацыя, якую запатрабуе Латвія ад Беларусі, складзе каля 5 мільёнаў даляраў.

Яшчэ не падлічаныя страты ад першай аварыі на расейскім нафтаправодзе, як пачаліся работы па ліквідацыі другой. Таксама ў Бешанковіцкім раёне 5 траўня ў выніку прарыву на паверхню вылілася ад 500 да 1000 тон паліва. Забруджана каля 50 квадратных кілямэтраў тэрыторыі.

“Там больш, як на вайне раней было: было і віцебскае, было і менскае начальства...”

Найбліжэйшая да месца здарэньня вёска – Бабаедава.

“Ай, там больш, як на вайне раней было: было і віцебскае, было і менскае начальства, – расказвае мясцовы жыхар Пётар Семяніда. – Бешанковіцкае ў поўным складзе было, вельмі шмат міліцыі. Салярку, якая па каналу ішла, ужо вывезьлі, каб не патрапіла ў Вулянку. А цяпер там робяць тэхдогляд. Працы шмат. Трубу цяпер закансэрвавалі, больш ня будуць пускаць”.

Пётар Семяніда мяркуе, што аварыя здарылася з-за зношанасьці трубаправоду. Бо яшчэ памятае, як яго пракладвалі гадоў 50 гадоў таму. Фізычную састарэласьць канструкцыі, як адну з прычынаў паломкі, называюць таксама экспэрты адмысловай камісіі. Аднак канчатковае рашэньне пра далейшую эксплёатацыю нафтаправоду можа быць вынесенае толькі на ўзроўні ўраду, кажа прэсавы сакратар Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Віталь Навіцкі:

“Адзін з магчымых мэханізмаў – гэта камісія надзвычайных сытуацыяў пры савеце міністраў. Гэтая камісія можа рэкамэндаваць савету міністраў прымаць нейкія кардынальныя меры. Але для таго, каб з такімі прапановамі выходзіць, трэба дакладна ведаць прычыну аварыі. Прычына вось гэтай, другой аварыі, яна на сто адсоткаў пакуль не вядомая. Ёсьць розныя вэрсіі, да прыкладу, фізычны знос. А можа быць і зьмяшчэньне грунту з-за ўзьдзеяньня грунтовых водаў”.

“Мы па першаму выпадку яшчэ канчаткова ня можам страты падлічыць!..”

Спадар Навіцкі кажа, што цяпер на месцы аварыі працуе каля 50 адзінак тэхнікі і каля сотні чалавек. Памеры фінансавых затратаў на ліквідацыю гэтай аварыі будуць вядомыя па завяршэньні работ. Страты ад папярэдняга здарэньня склалі каля 70 тысяч даляраў ЗША, якія ўладальнік транзытнай ніткі, расейская кампанія “Захад-Транснафтапрадукт” ужо кампэнсавала. Памер стратаў, нанесеныя навакольнаму асяродзьдзю, увогуле пакуль не вядомы, кажа намесьніца міністра Міністэрства прыродных рэсурсаў Галіна Валчуга:

“Мы па першаму выпадку яшчэ канчаткова ня можам страты падлічыць. Таму што гэта надзвычай складаная праца. А па другому выпадку зараз толькі падлічваецца плошча аварыі. Асобна па паветру, асобна па вадзе, асобна па зямлі. Калі ўсё гэта будзе падлічана, вось тады будуць вядомыя страты. Але пакуль няма таго і блізка. Можна адно сказаць, што яна ня мае тых маштабаў, што першы выпадак”.

Як паведамілі ў Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў, усяго на трубаправодзе "Вэнтсьпілс-Унеча" адбылося каля 10 выпадкаў выцяканьня нафтапрадуктаў. Палова зь іх – незаконнае праразаньне трубы для адпампоўваньня паліва.

Парыў нафтаправоду «Вэнтсьпілс-Унеча» ў Бешанковiцкiм раёне здарыўся таксама 23-га сакавiка каля вёскі Быцава. У выніку аварыі вылілася 100 тон дызэльнага паліва. Частка нафтапрадуктаў трапіла ў раку Ўла, а празь яе — у Заходнюю Дзьвіну. Гэта стала прычнай забруджаньня рэк ня толькi на тэрыторыi Беларусi, але й Латвii.
Гл. таксама

• З нафтаправоду "Вэнтсьпілс-Унеча" вылілася ад 500 да 1000 тон паліва

• Расейцы згадзіліся аплаціць наступствы аварыі на трубаправодзе

• Латвія запатрабуе ад Беларусі кампэнсацыю
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG