Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – Дзень работнікаў радыё, тэлебачаньня і сувязі


Ігар Карней, Менск У 1895 годзе фізык, сябра Расейскага фізычна-хімічнага таварыства Аляксандар Папоў прадэманстраваў створаны ім першы ў сьвеце радыёпрымач. Праўда, у некаторых краінах вынаходнікам радыё лічыцца італіец Марконі. Прыхільнікі вэрсіі, што радыё вынайшаў Папоў спасылаюцца на тое, што вынаходку прадэманстравалі ў 1895 годзе. Тыя, хто лічыць бацькам радыё Марконі, спасылаюцца на патэнт пра вынаходзтва. Марконі атрымаў яго ў чэрвені 1897 году. У Беларусі сьвята Дзень работнікаў радыё, тэлебачаньня і сувязі захавалася ад савецкага часу.



Ніна Чайка: “Ад таго, што я чую па радыё, мяне кідае ў дрыжыкі”

Іван Кобзік на пачатку 1990-х трапіў на папулярную тады радыёстанцыю “Беларуская маладзёжная” 19-гадовым студэнтам. Іван кажа, што хутка творчы імпэт зьмяніўся расчараванасьцю.

“Была незалежнасьць, быў дэмакратычны лад. І была радыёстанцыя “Беларуская маладзёжная”, на той момант, відаць, самая прагрэсіўная на Беларускім радыё. Таму, вядома, гэта і вялікі досьвед, і вялікае натхненьне, уражаньне. У 1994-м “Беларускую маладзёжную” закрылі, на яе парэштках узьнікла “Радыё-2”. У нейкім сэнсе – альтэрнатыўны канал таму афіцыёзу, які ішоў па першай праграме, па “радыёкропцы”. Асабліва пакуль галоўным рэдактарам быў журналіст Уладзімер Дзюба, мы маглі працаваць і гаварыць амаль усё, што думалі і лічылі патрэбным казаць слухачам. Потым паціху гэта ўсё зьнікла, пачалі забараняць простыя эфіры. Урэшце я мусіў пакінуць радыё”.

Сёньняшняе сьвята называецца Днём работнікаў радыё, тэлебачаньня і сувязі. У нядаўнім мінулым вядучая праграмы “Размова па сутнасьці” на Першым нацыянальным канале радыё Ніна Чайка перакананая: 7 траўня – гэта дзень радыйны. Але цяпер, на яе думку, асабліва хваліцца калегам няма чым:

“Ведаеце, можна шмат чаго адзначаць, але гэта менавіта дзень радыё. Што для мяне радыё? Перш наперш гэта інтэлектуальны голас, гэта розум, духоўнасьць, гэта прыгожыя эмоцыі. І гэта ўсё было калісьці. Радыё грамадзтву патрэбна было і будзе. Іншая рэч – якое сёньня радыё, менавіта беларускае радыё. Ад таго, што я іншы раз чую па радыё, мяне кідае ў дрыжыкі. Але ў любым разе радыё я згадваю з сумам, з болем, са шкадаваньнем, таму што мне здаецца, што я нарадзілася сапраўды для радыё”.

Алег Хаменка: “Усе радыёстанцыі сталі як блізьнюкі”

Музыка гурту “Палац” Алег Хаменка некалі вёў на “Радыё Мінск” праграму “Тузін гітоў”. Хаменка кажа, што ў часе працы пераканаўся: квота на 75-працэнтную прысутнасьць у эфіры беларускіх выканаўцаў не разьвівае нацыянальную музыку. Часам гэтую норму заканадаўства выкарыстоўваюць для таго, каб закрыць “нефарматныя” праграмы. У выніку, кажа Хаменка, станцыі ў FM-дыяпазоне сталі аднолькавымі:

“Немагчыма зрабіць, дзякуючы гэтаму ўсяму, нейкую сваю накіраванасьць, сфармаваць сваё аблічча. Усе радыёстанцыі сталі як блізьнюкі. А кожнаму радыё неабходна было б мець сваё аблічча. Проста каб кіраваць усімі гэтымі радыёстанцыямі, зроблена так, што ўсе павінны быць менавіта такога фармату, і ўсё. І тая музыка, якая цяпер пануе ў радыёэфіры значнай часткі Беларусі, гэта, вядома, тое, што называюць расейскамоўнай папсой”.

Новыя мэдыя-праекты: радыё “Рацыя”, “Эўрапейскае радыё для Беларусі”, “TV Беларусь”

На сярэдніх і кароткіх хвалях, а таксама праз інтэрнэт можна пачуць беларускамоўную станцыю “Радыё Рацыя”, якая перадае зь Беластоку, а таксама “Эўрапейскае радыё для Беларусі” – яно працуе з Варшавы.

Увосень гэтага году павінен пачаць працу спадарожнікавы тэлеканал “TV Беларусь”. Плянуецца, што канал будзе вяшчаць з двух спадарожнікаў 15 гадзін на суткі.

Аляксандар Лукашэнка ўжо назваў гэты праект “абсалютна дурным, бесталковым і несяброўскім”.

Каб канал арыентаваўся на рэальныя інфармацыйныя патрэбы грамадзянаў Беларусі, патрэбна каардынацыя зь беларускім бокам. Так лічыць дырэктар зачыненага ўладамі Беларускага гуманітарнага ліцэю, рэжысэр Уладзімер Колас.

“Наша ідэя такая: неабходна фармуляваць тое, што трэба для Беларусі, тут, у нас. Нават калі вось такая сяброўская дапамога і ідзе з боку Польшчы, то трэба, каб захады каардынаваліся. Мы правялі канфэрэнцыю па незалежных электронных СМІ і стварылі падчас яе працы грамадзкі камітэт. У прынцыпе мы ўжо ўвайшлі ў кантакт з прадстаўнікамі гэтага незалежнага тэлеканалу, але пакуль такога супрацоўніцтва яшчэ не наладзілася. Але спадзяемся, што яно наладзіцца”.

Паводле зьвестак Міністэрства інфармацыі, у Беларусі зарэгістраваныя 210 тэле- і радыёстанцыяў. У FM-дыяпазоне па ўсёй краіне працуе 30 радыёстанцыяў, зь іх 15 – у Менску. 120 арганізацыяў маюць ліцэнзію на трансьляцыю кабэльных тэлеканалаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG