Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бел-чырвона-белыя сьцягі зьявіліся на БТ


Уладзімер Глод, Менск Сёньня хакеісты нацыянальнай зборнай Беларусі ў апошнім матчы другога этапу чэмпіянату сьвету ў Расеі прайгралі камандзе Нямеччыны зь лікам 5:6. Беларускія хакеісты завяршылі сёлетні чэмпіянат на 11 месцы. На леташнім чэмпіянаце сьвету ў Рызе зборная Беларусі выйшла ў чвэрцьфінал і заняла 6 месца, залетась у Вене беларускія хакеісты былі 10-я.



БТ прызнала, што ў заўзятараў могуць быць розныя палітычныя погляды

У часе трансьляцыяў матчаў сёлетняга чэмпіянату сьвету на трыбунах можна было пабачыць групы падтрымкі каманды Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. А падчас гульні з камандай Славаччыны бел-чырвона-белы сьцяг разгарнулі за лавамі зборнай Беларусі.

Беларускае тэлебачаньне паказвала ў жывым эфіры ўсе гульні зборнай Беларусі. І заўжды ў лядовых палацах лунае багата бел-чырвона-белых сьцягоў.

Абмінуць іх БТ ня можа, паколькі так званая “карцінка” з чэмпіянату трансьлюецца бяз зьменаў для ўсіх краінаў.

Абедзьве групы падтрымкі, што з гістарычнымі, што зь цяперашнімі афіцыйнымі сьцягамі, шчыра радуюцца, калі беларусы закідваюць шайбу, і моцна перажываюць, калі яна залятае ў браму беларускіх хакеістаў.

Гэта, дарэчы, ўчора вымушаны быў прызнаць і тэлекамэнтатар Уладзімер Навіцкі. Ён сказаў, што ў абедзьвюх групаў розныя палітычныя погляды, але яны разам падтрымліваюць нацыянальную каманду.

“Заўзятары трымаюць чырвона-зялёныя сьцягі, а на шчоках малююць бел-чырвона-белыя палоскі”

Заўзятар Максім не прапусьціў ніводнай гульні з удзелам беларусаў. Хлопец ужо паўтара году працуе і жыве ў Маскве. На кожную гульню ён бярэ з сабою бел-чырвона-белы сьцяг й сьцяжкі з выявай “Пагоні”.

“Мой сьцяг – гэта бел-чырвона-белы, – гаворыць Максім. – А чырвона-зялёнага я ніколі ў рукі не вазьму. Але цікава, што калі крычаць вядомы лёзунг “Жыве Беларусь!”, дык яго крычаць і людзі з чырвона-зялёнымі сьцягамі. Больш за тое, ёсьць заўзятары, якія трымаюць чырвона-зялёныя сьцягі, а на шчоках малююць бел-чырвона-белыя палоскі. Тут такая стракатасьць, якая бывае, мабыць, толькі на чэмпіянатах сьвету”.

Максім таксама гаворыць, што маскоўская міліцыя ніякіх перашкодаў заўзятарам з нацыянальнымі беларускімі сымбалямі ня робіць:

“Я думаю, што бальшыня зь іх нават ня ведае, які сьцяг у беларускай каманды. Карацей кажучы, калі ты ў Менску зьявісься зь бел-чырвона-белым сьцягам, дык там і дзесяці мэтраў зь ім ня пройдзеш. А тут у нас няма ніякіх турботаў. Усё дастаткова ветліва, акуратна”.

“Нам паказалі наша месца”

У адрозьненьне ад папярэдняга чэмпіянату, каманда Беларусі сёлета засталася за межамі першай васьмёркі. Заўзятар Максім выказвае сваю вэрсію прычынаў паразаў:

“Мабыць, наш цяперашні трэнэр Фрэйзэр, адрозна ад Гэнлана, яшчэ не знайшоў тых нітачак, што дазваляюць зрабіць каманду, якая магла, сьцяўшы зубы, праз кроў і пот чагосьці дамагчыся”.

Спартовы журналіст Сяргей Аляхновіч называе тры прычыны, зь якіх, як ён мяркуе, хакеісты Беларусі не маглі сёлета выступіць лепш:

“Па-першае, Фрэйзэр ня змог сабраць пад сьцягам нацыянальнай каманды ўсіх найлепшых гульцоў – адсутнічалі Салей, Калюжны, Касьціцын-старэйшы, Грабоўскі. Па-другое, ня вельмі добрая гульня брамніка Мезіна. Летась у Рызе ён сапраўды быў больш за паўкаманды. А сёлета ў яго гульня не пайшла. Па-трэцяе, можа і добра, што нам паказалі наша месца.

Цяпер беларускі хакей знаходзіцца даволі далёка ад узроўню першай сямёркі. Я б сказаў так: існуюць шэсьць вялікіх камандаў плюс Славаччына. І мы астаемся ад славакаў настолькі, наколькі яны астаюцца, прыкладам, ад канадцаў ці швэдаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG