Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Тбілісі прымаюць эстонскага прэзыдэнта


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Сёньня пачаўся афіцыйны візыт у Грузію прэзыдэнта Эстоніі Тоомаса Хэндрыка Ільвэса. У часе трохдзённага візыту ён абмяркуе з грузінскім прэзыдэнтам Міхаілам Саакашвілі праблему інтэграцыі Грузіі ў НАТО, урэгуляваньне абхаскага і паўднёваасэтынскага канфліктаў, пытаньні двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва.

На гэты візыт зьвернута асаблівая ўвага – у зьвязку з тым, што ён адбываецца ў дні канфлікту паміж Масквой і Талінам, прычынаю якога стаў перанос помніка савецкаму салдату-вызвольніку з цэнтру Таліну на вайсковыя могілкі.

Стасункі паміж Тбілісі і Масквой таксама застаюцца нацягнутымі, хоць леташні канфлікт, выкліканы затрыманьнем у Грузіі расейскіх афіцэраў і абвінавачаньнем іх у шпіянажы, крыху прытушаны.

Тады Расея прыняла шэраг санкцыяў супраць Грузіі. Цяпер востра разьвіваецца канфлікт паміж Масквой і Талінам. Напярэдадні візыту ў Тбілісі эстонскі прэзыдэнт заявіў, што “гэтым візытам Талін хоча яшчэ раз даць грузінам яснае пасланьне, што Грузія не адзінокая, што ў яе ёсьць сябры, што за яе дзеяньнямі сочаць і яе крокі выклікаюць цікавасьць”.

“Тбілісі знаходзіцца на баку Эстоніі”

Са свайго боку грузінскія афіцыйныя асобы заявілі, што ў часе візыту прэзыдэнта Эстоніі будзе выказана падтрымка Эстоніі ў яе канфлікце з Расеяй.

Старшыня парлямэнту Ніно Бурджанадзэ заявіла журналістам, што “Тбілісі знаходзіцца на баку сувэрэннай і незалежнай Эстоніі, якая мае поўнае права самастойна прымаць рашэньні, якія тычацца яе ўнутраных справаў”. “Ніякая краіна ня мае права што-небудзь дыктаваць сувэрэннай дзяржаве, ставіць ультыматум ці казаць, як жыць”, – адзначыла Бурджанадзэ.

Чакаецца, што парлямэнт Грузіі прыме заяву ў падтрымку Эстоніі.

Адкрыцьцё мэмарыялу на Вайсковых могілках у Таліне адбудзецца 8 траўня

Тым часам сытуацыя ў эстонскай сталіцы пад кантролем: няма ніякіх вулічных хваляваньняў.

Работы для эксгумацыі парэшткаў загінулых у ІІ усясьветнай вайне вайскоўцаў завершаныя. Бронзавы салдат перанесены на новае месца, на вайсковыя могілкі.

Як перадаюць інфармацыйныя агенцтвы, людзі ўжо прыходзяць з кветкамі да магілы невядомага салдата. Урачыстае адкрыцьцё мэмарыялу заплянаванае на заўтра.

Адносна спакойна і ў Маскве пасьля таго, як у мінулы чацьвер пракрамлёўскія моладзевыя групоўкі зьнялі блякаду амбасады Эстоніі.

Эстонія запрапануе пакет санкцыяў супраць Расеі

Талін зьбіраецца ўзьняць пытаньне пра стасункі з Масквой на заплянаваным на 18 траўня саміце “Эўрапейскі Зьвяз – Расея” ў расейскай Самары. Пра гэта заявіў міністар замежных справаў Эстоніі Урмас Паэт. Вядома, што эстонскія парлямэнтары распрацавалі пакет магчымых санкцыяў супраць Расеі, якія яны зьбіраюцца прапанаваць на абмеркаваньне кіраўніцтву Эўразьвязу.

Сёньня міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што Расея абураная спробамі некаторых краінаў зьдзекавацца з памяці загінулых у барацьбе з фашызмам. Ён дадаў, што гэтаму патураюць некаторыя арганізацыі, такія, як НАТО і Эўразьвяз.

Тым часам назіральнікі не выключаюць, што 9 траўня, калі Расея адзначае Дзень перамогі, могуць адбыцца новыя антыэстонскія акцыі.

• Эстонскае консульства ў Менску не працуе
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG