Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эстонскае консульства ў Менску не працуе


Алесь Дашчынскі, Менск Генэральнае консульства Эстоніі ў Менску сёньня не працавала. Паводле консула Эрыка Сійгура, зь меркаваньняў бясьпекі дыпляматы ня могуць выйсьці з памяшканьня, калі на вуліцы ёсьць пікеты.

Сёньня некалькі дзясяткаў сяброў БРСМ і вэтэранскіх арганізацыяў зноў пікетавалі будынак генэральнага консульства Эстоніі. Яны пратэстуюць супраць пераносу помніка савецкаму салдату ў Таліне.

Паводле Эрыка Сійгура, пікетаваньне працягвалася і ў выходныя.

У суботу пікетоўцы вялі сябе агрэсіўна й спрабавалі адчыніць браму консульства. На месцы падзеяў не было міліцыі. У гэты ж дзень спадар Сійгур перадаў вусны пратэст у МЗС Беларусі з той нагоды, што беларускі бок не захоўвае гарантаванай бясьпекі.

Пакуль адказу ад беларускага боку няма.

Камэнтуючы падзеі вакол консульства, Эрык Сійгур сказаў:

“Эстонскі бок выступае за свабоду меркаваньняў, нават калі яны адрозьніваюцца ад нашых ці іншых. Але ёсьць Венская канвэнцыя аб дыпляматычных дачыненьнях, дзе канкрэтна сказана пра абавязкі дзяржавы адносна дыпмісіяў і консульстваў. Яны павінны гарантаваць бясьпеку і спакой”.
XS
SM
MD
LG