Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Д.Рагозін: Мы хацелі б удзелу Лукашэнкі ў расейскіх справах


Радыё Свабода У суботу ў Маскве абвешчана аб стварэньні новай палітычнай партыі – “Вялікая Расея”. Ініцыятары заявілі, што іх партыя ня будзе ні апазыцыйнай, ні пракрамлёўскай і гатовая падтрымліваць ўладу ў яе добрых пачынаньнях і адкрыта крытыкаваць за памылкі.

Адзін з ініцыятараў стварэньня новай партыі, дэпутат расейскай Дзяржаўнай думы Дзьмітрый Рагозін разьлічвае, што на выбарах у Дзярждуму “Вялікая Расея” здабудзе ня менш за чвэрць галасоў выбарнікаў.

Раней гучалі заявы аб далучэньні Аляксандра Лукашэнкі да ўдзелу ў дзейнасьці “Вялікай Расеі”. Сам Лукашэнка заяўляў, што нічога ня ведае пра гэтую ініцыятыву. Паводле кіраўніка Беларусі, “у Расеі няма такога заканадаўства, каб нават беларус удзельнічаў у палітычных працэсах у гэтай краіне”.

У інтэрвію нашаму радыё магчымасьць удзелу Лукашэнкі ў дзейнасьці “Вялікай Расеі” пракамэнтаваў Дзьмітрый Рагозін.

“Сапраўды, мы хацелі б знайсьці магчымасьць удзелу Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў нейкіх расейскіх справах, – сказаў Рагозін. – На сёньняшні момант саюзная дзяржава нібыта існуе, а нібыта і не існуе”.

Расейскі палітык падкрэсьліў, што ў Расеі вялікая колькасьць людзей з сымпатыяй ставіцца да Аляксандра Лукашэнкі. “Маюць гэтыя людзі рацыю ці не, я не бяруся судзіць, – сказаў Рагозін. – Я проста кажу пра тое, што ў Расеі рэальна існуюць такія настроі. І калі існуе попыт, то павінна быць і прапанаваньне. Мы шукаем магчымасьць прававога разьвязаньня гэтай складанай праблемы”.

Дзьмітрый Рагозін ачольвае рух “Кангрэс расейскіх грамадаў”. Ва ўстаноўчым зьезьдзе новай партыі ён браў удзел як госьць, хаця лічыцца галоўным ідэолягам і ініцыятарам стварэньня “Вялікай Расеі”.

На зьезьдзе “Вялікай Расеі” было абвешчана, што асноўнай ідэалёгіяй партыі стане “нацыянальны кансэрватызм з апораю на расейскія традыцыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG