Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія сьвяты любяць адзначаць гарадзенцы?


Сяргей Астраўцоў Якое сьвята для вас галоўнае? На гэтае пытаньне адказвалі жыхары Горадні.



Сталая спадарыня: “Хачу сказаць, што адназначна важныя ўсе рэлігійныя сьвяты. Ну, а Дзень перамогі для нас сьвяты, у нас бацькі ваявалі”.

Маладзён: “Дзень перамогі — вельмі важнае сьвята, Новы год таксама”.

Маладая спадарыня: “Новы год, Вялікдзень, хутчэй за ўсё. Усе стараюцца сабрацца ў гэтыя сьвяты”.

Яе сяброўка: “Раство, Новы год, Вялікдзень. Першамай таксама сустракаем у кампаніі зь сябрамі”.

Спадар: “Напэўна толькі Новы год, усё астатняе займае праца, неяк не атрымліваецца адпачываць. Я прыватны прадпрымальнік”.

Малады спадар: “Новы год сьвяткую абавязкова, а таксама рэлігійныя сьвяты, Вялікдзень. Жонка праваслаўная, я каталік, так што адзначаю абодва Вялікдні. Яшчэ я ўсё часьцей успамінаю пра 17 верасьня, пра такое “сьвята”. Натуральна, што не адзначаю, таму што, скажам, на мой погляд, у 1939 годзе быў пачатак Другой усясьветнай вайны, толькі з двух бакоў”.

Малады спадар: “25 сакавіка — вельмі важнае для мяне сьвята, гэта дзень, калі наш народ нарэшце здолеў на поўны голас заявіць пра сваё права й сваё жаданьне жыць самастойна. У маёй маладосьці традыцыя адзначэньня гэтага сьвята была вельмі простая, таму што 25 сакавіка адзначалася ў нашым горадзе маніфэстацыямі, імпрэзамі. На жаль, у апошні час гэтага не назіраецца. Мае сябры ўсе адзначаюць гэтае сьвята. 25 сакавіка — гэта таксама Зьвеставаньне ў каталікоў. Гэта такі дзень, які дарыць надзею”.

Маладзён: “Напэўна, гэта Каляды, напэўна, гэта Дзень незалежнасьці 25 сакавіка — такія самыя знакавыя сьвяты”.

Студэнт: “Напэўна, Вялікдзень і тое, што будзе цяпер, Дзень перамогі, самыя значныя сьвяты”.

Маладая спадарыня: “Вялікдзень, Новы год, Куцьця, а таксама стары Новы год”.

Дзяўчына: “Вялікдзень. Я лічу, што гэта самае важнае сьвята для ўсіх вернікаў”.

Малады спадар: “Раство. Я хаджу ў царкву і лічу, што дзяржаўныя сьвяты павінны стаяць на другім пляне пасьля рэлігійных, таму што ў нас хрысьціянская дзяржава, і трэба ўлічваць веру грамадзянаў”.
XS
SM
MD
LG