Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Імпэрыялісты ніколі ня здолеюць заглушыць праўдзівага голасу савецкага радыё” (1957)


Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 7 траўня ў розныя гады мінулага.

На гэтым тыдні 1937 году “ЛіМ” за подпісам “Кіногледачы” рэцэнзуе агучаную вэрсію стужкі “Першае каханьне”: “Хто паверыць, што фашысцкая ахранка складаецца з такіх дурняў, як Бенальда і Робі? Няўжо фашысцкія дзяржыморды настолькі мяккасардэчныя, што даюць сваім палітычным злачынцам смажанага гуся, няўжо падпольны камітэт у поўным складзе пайшоў-бы на суд і наладжваў-бы там абструкцыю без рызыкі быць злоўленым? Якое глупства! Фільм павінны быць неадкладна зняты з экрана, а ініцыятары яго агучэння павінны панесці адказнасць за растранжырванне народных грошай”.

“Советская Белоруссия”, год 1957. Начальнік Галоўнага ўпраўленьня радыёфікацыі Мінкульту БССР Б.Пяркоўскі даводзіць: “Савецкае радыё служыць інтарэсам народу. У гэтым яго перавага і адрозьненьне ад радыё ў капіталістычных краінах і асабліва ў ЗША. Там радыё ўжываецца дзеля прапаганды цемрашальства, расізму, чалавеканенавісьніцтва, дзеля злоснага паклёпу на Савецкі Саюз і краіны народнай дэмакратыі. У капіталістычных краінах радыё шырока выкарыстоўваецца дзеля ваеннай прапаганды. Аднак імпэрыялісты ніколі ня здолеюць заглушыць праўдзівага голасу савецкага радыё”.

У 1987 годзе “Вечерний Минск” друкуе лісты замежных слухачоў Беларускага радыё. Вэрнэр Шубэрт піша: “Калі я сказаў адной з маіх аднаклясьніц, што пішу ліст у Менск, яна спытала: “Гэта, відаць, недзе ў Баўгарыі ці Румыніі?” Заўважце, гэта сказала добрая вучаніца адзінаццатай клясы гімназіі!.. Амаль кожны мой аднагодак можа назваць больш за дзесятак амэрыканскіх зорак поп-музыкі, але ніхто яшчэ не назваў Алы Пугачовай. І яшчэ шмат трэба ліквідаваць рознага роду ілжывых зьвестак пра вашу краіну. У гэтым мне дапамагаюць вашыя перадачы”.
XS
SM
MD
LG