Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчукі перасталі арыентавацца па назвах вуліцаў


Юлія Шарова, Менск 7 траўня спаўняецца два гады з таго моманту, як у Менску перайменавалі шэраг вуліцаў. Так, праспэкт Скарыны стаў праспэктам Незалежнасьці, праспэкт Машэрава – праспэктам Пераможцаў. Ці прызвычаіліся менчукі за два гады да новых назваў? Ці не было ў іх праблемаў у зьвязку з тым, што старыя й новыя назвы блытаюць? Пра гэта карэспандэнтка "Свабоды" гутарыла зь мінакамі.

Слухаць:



Спадар: “Я жыву ў Менску нямала, і калі, скажам, я вучыўся на Паркавай магістралі, дык я прызвычаіўся, я й да гэтага часу называю яе Паркавай магістральлю. Потым Машэрава, а цяпер зноў перайменавалі. Для мяне гэта Паркавая магістраль, хай сабе пераназываецца хоць дзесяць разоў”.

Карэспандэнтка: “Лёгка было прызвычайвацца?”

Дзяўчына: “Цяжка, канечне. Неяк прызвычаіліся да адной назвы, а тут...”

Іншая дзяўчына: “Увогуле, гэта наша спадчына. Калі мы ведалі зь дзяцінства назвы гэтых вуліцаў пад такімі імёнамі, дык цяжка пераходзіць на іншыя”.

Яшчэ адна дзяўчына: “Я не асабліва прыстасавалася да тых назваў, таму мне было лёгка”.

Іншая дзяўчына: “Калі размаўляеш зь сяброўкамі ці сябрамі, адзін кажа: “Скарыны”, іншы: “Незалежнасьці”. Не супадае, хоць кажаш пра адно і тое ж месца”.

Хлопец: “На першым этапе былі нейкія праблемы: трэба было тлумачыць, што Машэрава – гэта Пераможцаў, а Пераможцаў – гэта былы Машэрава. Але не скажу, што нешта радыкальна памянялася ў маім жыцьці ў зьвязку з гэтым пераназваньнем. Як усё было, гэтак і засталося”.

Малады чалавек: “Для мяне Машэрава як засталося, гэта і будзе Машэрава, а не Пераможцаў. Прызвычаіліся ўсе. І нікога не пыталіся, навошта гэтыя вуліцы пераназываць. На просьбу вэтэранаў? Ня чулі мы гэтых просьбаў”.

Ягоная спадарожніца: “Лепей бы яны за гэтыя грошы, якія патрацілі, павысілі б ім пэнсіі, ім, напэўна, было б прыемней і лепей”.

Малады чалавек: “Юрыдычныя адрасы памяняць, прапіска... Цяганіны вельмі шмат. Столькі грошай...”

Спадарыня: “Я працую на вуліцы Чачэрына, і там увесь час задаюць пытаньне: “А дзе цяпер Машэрава?” У мяне пытаюцца, дзе цяпер Варвашэні вуліца. Я кажу: “Цяпер ня ведаю, дзе Варвашэні. Раней была тут”. Таму мы цяпер не па вуліцах арыентуемся, а па шпіталі, па яшчэ нейкім будынку, які ўсе ведаюць. Старыя менчукі, прынамсі”.

Спадар: “Катэгарычна супраць”.

Ягоная спадарожніца: “Мы лічым, што Скарына – гэта нашая гісторыя, нашая культура, і вельмі шкада, што перайменавалі праспэкт”.

Юнак: “Мы выхадцы зь іншай краіны, і ў той момант, калі я прачытаў пра гэта ў інтэрнэце, я быў вельмі зьдзіўлены”.

Ягоная маці: “А мне гэта не спадабалася. Бо ўсё ж такі Францыск Скарына – гэта гісторыя Беларусі, і не хвілінная, скажам так. І потым мы папросту прызвычаіліся ўжо. Мяняць назвы вуліцаў гэтак хутка – непрыгожа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG