Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З нафтаправоду "Вэнтсьпілс-Унеча" вылілася ад 500 да 1000 тон паліва


Радыё Свабода У Віцебскую абласную управу МНС сыгнал пра прарыў нафтаправода ў вёсцы Бабаедава Бешанковіцкага паёну паступіў каля 8-й раніцы. Пра надзвычайнае здарэньне паведаміў мясцовы жыхар Мікалай Тыркіч.

Я абходчыкам рабіў на нафтаправодзе раней. Цяпер нас скарацілі, і я жыву во ў гэтым доме. А тады еду, гляджу – салярка ў канаве цячэ ажно да другой вёскі. Кажу да жонкі: "Не, тут нешта нячыста!" Пайшоў у кантору, сказаў, ды старшыня выклікаў МНС".


Ліквідацыя наступстваў аварыі каля вёскі Бабаедава

Уцечку паліва ўдалося лякалізаваць

На ліквідацыю аварыі зьехаліся супрацоўнікі МНС з розных падраздзяленьняў вобласьці. Як распавёў кіраўнік Віцебскай абласной управы МНС Васіль Чакан, паліва, якое трапіла ў мэліярацыйны канал, удалося лякалізаваць. Былі ўзьведзеныя 9 запрудаў, каб нафтапрадукты ня трапілі ў бліжэйшую рэчку Сьвячанку.

Паводле спадара Чакана, каб гэта не зрабілі своечасова, магла б паўтарыцца сытуацыя з аварыяй 23-га сакавіка, калі паліва па вадзе трапіла ў Заходнюю Дзьвіну, і гэта прывяло да забруджвання водных артэрыяў ня толькi на тэрыторыi Беларусi, але й на тэрыторыi памежнай Латвii.

"Усё! Мы абляцелі тэрыторыю, паглядзелі там ніжэй – уцечкі няма. Пасьпелі перахапіць – паставілі запруду вось гэтую. А інакш... Вось гэта рэчка Сьвячанка, яна ўпадае ў Улу, тая – у Заходнюю Дзьвіну, і гэта была б тая самая сытуацыя. І тая самая пагроза".

Невядома, колькі часу спатрэбіцца на ліквідацыю наступстваў

Паводле Васіля Чакана, з нафтаправоду вылілася 500 тон паліва, паводле ацэнак іншых адмыслоўцаў – да тысячы тон. Гэта больш, чым было падчас мінулае аварыі.


Супрацоўнікі МНС і прадпрыемства “Захад-Транснафтапрадукт”працуюць на месцы здарэньня

Сёньняшняя прарыў нафтаправоду здарыўся прыблізна за 8 кілямэтраў ад папярэдняга. Паводле начальніка Інспэкцыі аховы прыроды Бешанковіцкага раёну Дзьмітрыя Талстога, тэрміны ліквідацыі наступстваў дакладна вызначыць немагчыма. Наступствы мінулай аварыі таксама яшчэ цалкам не ліквідаваныя.
XS
SM
MD
LG