Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах працягваюцца штосуботнія талокі


Альгерд Невяроўскі, Менск Актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ прыбіраюць тэрыторыю мэмарыялу. Апошнім часам Курапаты наведваюць замежныя дэлегацыі. Сёньня там была дэлегацыя з нямецкай акцыі “Выкупленьне”.

Сёньня рабочая субота, і ў Курапатах працавала ўсяго некалькі актывістаў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Людзі прыбіралі сьмецьці і сухое гальлё ды палілі яго на вогнішчы. Уладзімер Юхо бывае ў Курапатах ледзь не штодня і фактычна першым даведваецца, што адбываецца на тэрыторыі мэмарыялу. Вось, што ён распавёў:

“На гэтым тыдні, відаць 3 траўня, тут была, як я зразумеў, польская дэлегацыя. Калі пазаўчора я прыйшоў у Курапаты, то ўбачыў польскія сьцягі амаль каля кожнага крыжа. Па ўсёй алеі, ад крыжа Пакутнікам Беларусі і да нашай нацыянальнай Галгофы наверсе, каля кожнага крыжа быў польскі сьцяжок. І вось тут, у самым цэнтры Курапатаў, дзе шмат крыжоў каля магілы, усюды ёсьць польскія сьцяжкі. І па гэтых сымбалях я зразумеў, што тут была польская дэлегацыя”.



Уладзімер Юхо прыбірае тэрыторыю мэмарыялу

Што гэта была за акцыя, высьветліць не ўдалася, бо амбасада Польшчы сёньня не працавала. Уладзімер Юхо не выключае, што такім чынам нейкая польская дэлегацыя, у дзень Канстытуцыі Рэчыпаспалітай, ушанавала памяць расстраляных у Курапатах палякаў.



Польскія сьцяжкі пад курапацкімі крыжамі

Тым часам каля галоўнага курапацкага крыжа зьявілася іншая дэлегацыя, прыкладна ў 30 чалавек. Гэты былі актывісты нямецкай акцыі “Выкупленьне”, якая наведвае краіны, што былі акупаваныя Нямеччынай у часе Другой усясьветнай вайны, каб усталяваць добрыя адносіны з народамі гэтых краінаў.

Гаворыць удзельнік акцыі “Выкупленьне” Вэрнэр Фальк з Бэрліну:

“Мы наведваем Курапаты ўжо ў чацьверты раз, каб прасачыць гісторыю тых пакутаў, што перажыла Беларусь. Гэта і і ахвяры сталінскіх часоў, і ахвяры нацызму ў гады Другой усясьветнай вайны, і ахвяры Чарнобылю. Каб па-філязофску асэнсаваць пакуты беларускага народу, як калісьці іх асэнсаваў Янка Купала”.



Вэрнэр Фальк і яго калегі ў Курапатах

Штосуботнія талокі ў Курапатах будуць працягвацца да самых “Дзядоў”.
XS
SM
MD
LG