Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць менчукі пра замену ільготаў на грашовыя выплаты?


Галіна Абакунчык, Менск Кіраўніцтва краіны абмяркоўвае пытаньне пра поўнае альбо частковае скасаваньне ільготаў для рознай катэгорый насельніцтва. Як вы ставіцеся да таго, што частку ільгот заменяць грашовымі выплатамі?

Слухаць:



Спадар: “Я за тое, каб мянты плацілі. Толькі за гэта. І ўвогуле, якія ільготы могуць быць? Чаму вось яна – маці-адзіночка – павінна плаціць, я павінен плаціць, а нехта не павінны?”

Спадарыня: “Ільготы грашовымі? Дык, нібыта, і ільготаў ніякіх няма. Дзе іх узяць, гэтыя ільготы?”

Юнак: “Ну, без ільготаў мы ня зможам павандраваць па краіне. Нават гэтыя грашовыя выплаты нам не дапамогуць. Лепш бы ўсё заставалася, як раней”.

Спадарыня: “Як я з усімі імі стамілася – што так, што гэтак – безвынікова. Вы ведаеце, такой дзікасьці я, на сёмым дзесятку, яшчэ ў жыцьці сваім ня бачыла, як цяпер. Я маю ільготы – усяго толькі паводле трэцяй групы – і цягам двух гадоў не магу атрымаць ніводнага леку. А яны там усё нешта разьбіраюцца”.

Карэспандэнтка: “Як вы ставіцеся да таго, што частку грашовых ільгот заменяць грашовымі выплатамі?”

Спадар: “У мяне ёсьць ільготы, іх дастаткова. І мне ўсё роўна, як будзе. Як хочуць, так няхай і робяць”.

Юначка: “Я лічу, што ільготы – гэта істотная дапамога для людзей, якія ўсё сваё жыцьцё на нечым эканомяць. А гэтыя ільготы дазваляюць чалавеку зрабіць сабе нейкі падарунак. Я лічу, што адмена гэтых ільгот – кепская рэч”.

Спадар: “Я заўсёды да такіх пытаньняў стаўлюся з падазрэньнем і адмоўна. Бо любая зьмена ў гэтым кірунку, яна заўсёды зьвязаная з тым, што дзяржаве патрэбныя грошы. І гэтыя грошы хочуць вытрасьці вось такім шляхам”.

Юнак: “Лепш ільготы, чым грашовыя выплаты, бо гэтак лягчэй існаваць. Нават перамяшчацца па горадзе”.

Юначка: “Мне ня вельмі гэта падабаецца, бо мне лепш набываць квіток па заніжанаму кошту колькі я захачу, чым нейкая канкрэтная сума грошай, якую я ня буду ведаць, на што патраціць”.
XS
SM
MD
LG