Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму няма зьвестак ад палітвязьня Зьмітра Дашкевіча?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Болей за 10 дзён няма зьвестак ад Зьмітра Дашкевіча, якога мусілі перавезьці з турэмнага шпіталя ў калёнію. Павал Севярынец падараваў кнігі бібліятэцы ў вёсцы, дзе ён адбывае “хімію”. Чаму не зьмяніўся рэжым харчаваньня для Аляксандра Казуліна?

Бацькі лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча бачыліся з сынам 25-га красавіка ў менскім турэмным шпіталі і з таго часу ня маюць пра яго ніякіх зьвестак. Бацька актывіста Вячаслаў Дашкевіч непакоіцца.

“Нічога ад сына няма. Быў сёньня на пошце, атрымаў газэты, але ад Зьмітра лістоў няма. Нават ня ведаем, ці адвезьлі яго зноў у калёнію з шпіталя. Казалі, што 29-га красавіка этапам павязуць, але ці так, невядома.”

Нагадаем, Зьміцер Дашкевіч патрапіў у шпіталь пасьля таго, як у яго забалела сьпіна. У калёніі палітвязьню давялося цягаць цяжкія барвёны, між тым у дзяцінстве Дашкевіч атрымаў траўму сьпіны. Адміністрацыя калёніі пра гэта ведала, але накіравала Дашкевіча працаваць на лесапільным ўчастку.

Аляксандар Казулін працягвае выхад з галадоўкі

Пасьля болей як месячнага перапынку Аляксандра Казуліна ў калёніі наведаў адвакат. Гэтым разам гэта быў Зьміцер Гарачка, які летась ужо абараняў палітыка на працэсе ў Маскоўскім раённым судзе. Зьвесткамі пра стан здароўя Казуліна адвакат падзяліўся з ягонай дачкой Юліяй, якая распавяла:

“Пэрыяд аднаўленьня пасьля выхаду з галадоўкі працягваецца. Ён кажа, што адчувае сябе слаба. Гэта слабасьць выяўляецца, прыкладам, у тым, што ён ня можа ўдарыць па мячу, яму гэта цяжка зрабіць. Альбо ня можа падцягнуцца. Мяне гэта непакоіць”.

Паводле зьвестак адваката, Аляксандр Казулін дагэтуль не працуе і яму падоўжаны адмысловы рэжым харчаваньня для выхаду з галадоўкі. Былы кандыдат на прэзыдэнта у канцы 2006 года галадаваў 53 дні, пратэстуючы супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Павал Севярынец дбае пра культуру вяскоўцаў

Лідэр маладзёвага руху Павал Севярынец падараваў сабраныя ім кнігі школьнай бібліятэцы вёскі Малое Сітна, дзе ён адбывае два гады “хіміі” за арганізацыю вулічнай акцыі пратэсту. Маці актывіста патлумачыла, якія гэта кнігі.

“Гэты розныя кнігі. У яго за гэты тэрмін назьбіралася такая невялікая бібліятэка – 40 кніг. І мастацкая літаратура, і паэзія, і кнігі па гісторыі Беларусі”.

Паводле Тацяны Севярынец, днямі яе сын атрымаў ад мясцовых уладаў паведамленьне, што ў чэрвені ў вёсцы будзе ўсталяваны мэмарыяльны знак, якога ён дамагаўся. Знак будзе ўсталяваны на месцы, дзе стаяла старажытная фартэцыя, паведамілі з Полацкага райвыканкаму.

Візыт амэрыканскага дыплямата не зьмяніў стаўленьня да А.Фінькевіча

Паводле актывіста “Маладога фронту” Артура Фінькевіча, які ў Магілёве адбывае пакараньне абмежаваньнем волі, стаўленьне да яго адміністрацыі камэндатуры застаецца ранейшым. Не зьмянілася яно і пасьля наведваньня актывіста намесьнікам амбасадара ЗША Джонатанам Мурам. Тым часам Аляксандар Казулін паведаміў сваякам, што візыт да яго амбасадараў з Эўропы спрычыніўся да пагаршэньня стаўленьня да яго з боку адміністрацыі калёніі “Віцьба-3”. Аднак у чым выявілася гэтае пагаршэньне, пакуль невядома.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG