Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Відэазапісы, зьнятыя на мабільнікі, могуць цікавіць міліцыю


Любоў Лунёва, Менск У Беларусі, адрозна ад суседняй Расеі, пакуль не было выпадкаў, калі школьнікі падчас заняткаў здымалі на відэа з дапамогай мабільніка нестандартныя сытуацыі на ўроках. Але бывалі выпадкі, калі падлеткі нападпітку рабілі відэазапіс бойкі зь мінакамі, як яны псуюць гарадзкую маёмасьць. Менскім сьледчым апошнім часам відэазапісы, зробленыя мабільнымі тэлефонамі, дапамагаюць выкрываць злачынцаў.

Карыстацца мабільнікамі ў школах забаронена

Шмат хто са старшаклясьнікаў мае мабільны тэлефон зь відэакамэрай. Звычайна яны здымаюць сваіх сяброў у школе, у двары і на дыскатэках. Супрацоўнікам міліцыі не даводзілася разглядаць заявы ад бацькоў аб тым, што дзеці на ўроках здымалі некарэктныя паводзіны настаўнікаў або грубыя ўчынкі ў дачыненьні да настаўнікаў.

У сярэдніх навучальных установах дзецям забаронена карыстацца мабільнымі тэлефонамі. Але, нягледзячы на гэта, яны прыносяць у школу мабільнікі і нават часам карыстаюцца імі на ўроках як шпаргалкамі. Цяпер дзеці маюць магчымасьць сфатаграфаваць верш і падглядваць на манітор. Тое самае тычыцца і кантрольных па матэматыцы і фізыцы – у мабільным тэлефоне ўсе неабходныя формулы.

Настаўніца біялёгіі Сьвятлана Воранава распавяла “Свабодзе”:

“У нашай гімназіі не забараняецца карыстацца мабільнымі тэлефонамі... на перапынках. У практыцы няма такіх выпадкаў, калі дзеці здымалі на ўроках нейкія кадры і потым іх выкарыстоўвалі ў якасьці доказаў падчас сьледчых экспэрымэнтаў. Але мы ведаем, што бываюць такія выпадкі, калі падлеткі самі сябе здымаюць і потым гэтыя здымкі дапамагаюць у працы праваахоўных органаў. Маюцца на ўвазе тыя выпадкі, калі яны зьдзяйсьняюць якія-небудзь правапарушэньні ў нецьвярозым стане”.

Відэазапіс дапамог міліцыянтам высьветліць ролю кожнага ў крымінальнай справе

Днямі падлеткі, якія былі нападпітку, на вуліцы ў Заводзкім раёне сталіцы ўчынілі бойку зь мінакамі. Адзін зь іх здымаў мабільнікам напады хуліганаў. Гэты відэазапіс і дапамог супрацоўнікам міліцыі, якіх выклікалі людзі, высьветліць ролю кожнага ў крымінальнай справе.

Начальнік сьледзтва міліцыі Савецкага раёну Менску Вадзім Вярбіцкі расказаў “Свабодзе”, што відэазапісы правапарушэньняў або злачынстваў рознымі шляхамі трапляюць у міліцыю. Бываюць выпадкі, калі людзі самі прыходзяць і распавядаюць, што сталі сьведкамі таго, як у двары дома адбылася бойка і нехта ў ёй моцна пацярпеў. Бывае, што з дапамогай мабільніка ўдалося зафіксаваць твары хуліганаў, якія псуюць гарадзкую маёмасьць (пішуць нецэнзурныя словы, альбо разбураюць дзіцячыя пляцоўкі).

“Бывалі такія выпадкі, калі людзі самі прыносілі. Гэта адбываецца спантанна, калі нават нічога такога і не чакаеш. Людзі самі прыносяць, кажуць: вось зьняў. І такая сытуацыя бывае. Усё што заўгодна. Але, безумоўна, усё ацэначна”, - кажа Вадзім Вярбіцкі.

Адвакаты прыгадваюць выпадкі, калі ў грамадзянскіх працэсах у судах выкарыстоўвалі відэазапісы сямейных скандалаў, якія былі зробленыя дзецьмі абоадным з удзельнікаў канфлікту, каб высьветліць – хто ўчыняў скандалы ці адмыслова іх правакаваў. Але і ў часе сьледзтва і ў судзе такія доказы носяць ацэначны характар. Яны зьяўляюцца доказамі, да якіх трэба ставіцца крытычна.
XS
SM
MD
LG