Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Юшчанка і Януковіч дамовіліся аб правядзеньні выбараў</B>


Радыё Свабода, Прага Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка і прэм’ер-міністар Віктар Януковіч дамовіліся аб правядзеньні датэрміновых парлямэнцкіх выбараў ва Ўкраіне. Пра кампраміснае рашэньне паведамілі абодва палітыкі пасьля сустрэчы ў Сакратарыяце прэзыдэнта.

Віктар Юшчанка паведаміў журналістам, што ў часе сустрэчы зь Віктарам Януковічам яны дамовіліся адносна шэрагу прынцыповых пытаньняў, што дазваляе выйсьці з палітычнага крызысу.

“Уласна кажучы, мы сёньня размаўлялі пра крокі, патрэбныя для выйсьця з канфлікту з годнасьцю для абодвух бакоў, бяз тэзісу “пераможцы і пераможаныя”, а самае галоўнае – з урокамі для ўсёй нацыі”, – сказаў прэзыдэнт Украіны.

Юшчанка паведаміў, што абмяркоўваў з прэм’ерам тэхнічныя крокі для правядзеньня датэрміновых выбараў, якія неабходна зрабіць усім, у тым ліку і ўраду, і парлямэнту, і Канстытуцыйнаму суду, і Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Віктар Юшчанка сказаў: “Самая галоўная нашая дамоўленасьць – мы прынялі прынцыповае рашэньне, прынцыповае пагадненьне аб правядзеньні датэрміновых выбараў. Гэта першае. І другое, узаемнае абяцаньне – гэта тое, што трэба зрабіць, каб выбары былі дэмакратычнымі. Усё астатняе – гэта ўжо зьмест тых дзеяньняў, лягістыка, якую пачне распрацоўваць ужо сёньня працоўная група, якую мы ствараем, і якая цягам бліжэйшых двух дзён павінна пакласьці на стол усе рэкамэндацыі – што трэба зрабіць для таго, каб адкрыць паседжаньне парлямэнту, прыняць адным рашэньнем усё, што трэба для правядзеньня выбараў. Паставіць кропку, ісьці на выбары”.

Прэм’ер-міністар Віктар Януковіч сказаў журналістам, што хацеў бы дадаць да словаў прэзыдэнта тое, што галоўнай мэтай супольнага рашэньня зьяўляецца правядзеньне справядлівых і дэмакратычных выбараў. Януковіч таксама заявіў, што ніякія палітычныя амбіцыі ня вартыя таго, каб рызыкаваць стабільнасьцю ў краіне.

“Мы дасягнулі галоўнай мэты – супакоілі грамадства і дзяржаву”, – сказаў прэм’ер-міністар Украіны.

Тым часам на пытаньне адносна даты датэрміновых выбараў не адказалі ні прэзыдэнт, ні прэм’ер.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG