Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Аркуш: “Я веру, што ўсё на гэтым сьвеце адбываецца не выпадкова”


Радыё Свабода Алесь Аркуш – удзельнік праграмы “Ў што я веру”

Не выпадкова паўстала краіна Рэспубліка Беларусь. Не выпадкова зьявіўся горад Полацак. Не выпадкова прыйшоў на гэты сьвет я.

Ва ўсім, што адбываецца, ёсьць пэўны сэнс. І часам ня варта той сэнс адшукваць і дамагацца, каб ён адкрыўся ў скарочаным і спрошчаным варыянце, нібыта пераказ хрэстаматыйнага літаратурнага твору для нядбалага вучня.

У Эўропе жыло шмат розных народаў, якім так і не пашчасьціла займець сваю дзяржаву. Мы аказаліся сярод абраных. Чаму? Гэтае пытаньне хутчэй да палітыка, журналіста або пісьменьніка, якія могуць паразважаць над беларускім лёсам. Але нейкага ўнівэрсальнага, дакладнага адказу на гэтае пытаньне няма. Ёсьць вера у тое, што Рэспубліка Беларусь нарадзілася не выпадкова і што наша краіна трывала пазначана на мапах сьвету.

Як уладкаваць жыцьцё ў сваёй краіне? Гэта вырашаць яе грамадзянам. Мы мусім навучыцца ўсё рабіць разумна і дэмакратычна, найперш улічваючы ўласныя дзяржаўныя інтарэсы. І я веру, што грамадзяне Беларусі будуць жыць ва ўтульнай, цывілізаванай краіне, бо так уладкаваны гэты сьвет: ніхто не нараджаецца з наборам ведаў і досьведу. Трэба прайсьці жыцьцёвы шлях, каб зразумець, каб усьвядоміць, каб вызначыць арыенціры. Працягласьць шляху да паўнавартаснай беларускай Беларусі залежыць ад нас саміх. Бо, як вядома, якасьць вучобы палягае не на колькасьці гадоў навучаньня, а на жаданьні тыя веды набыць.

Я веру ў не выпадковасьць свайго радаводу. І кожны лёс маіх крэўных мне блізкі і цікавы да самых дробязей. Тут таксама шмат таямнічага. Чаму мой дзед, яшчэ за царскім часам, паехаў у ЗША на заробкі, але потым вярнуўся да роднай хаты, каб пабудаваць сям’ю на радзіме? На гэтае пытаньне таксама няма дакладнага адказу. Але я веру, што тое было не выпадкова.

Я веру, што шмат якія таямніцы робяцца і празь мяне. І разуменьне гэтага надае маім справам і ўчынкам адказнасьці.

*** Алесь Аркуш – паэт, выдавец, журналіст. Жыве і працуе ў Полацку.
XS
SM
MD
LG