Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы Бэльгіі выказалі салідарнасьць з Эстоніяй


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Прадстаўнікі беларускай грамады Бэльгіі перадалі ў амбасаду Эстоніі ў Бэльгіі і Люксэмбургу ліст з падтрымкай эстонскіх уладаў у эстонска-расейскім канфлікце.

У эстонскай амбасадзе ў Брусэлі да беларусаў спачатку паставіліся насьцярожана, бо, як патлумачыла потым спадарыня пасол Малет Тальвэт, у сувязі з напружанай сытуацыяй у расейска-эстонскіх дачыненьнях дыпляматы захоўваюць павышаную асьцярожнасьць.

Старшыня Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня Зьміцер Піменаў расказвае:

“Але потым выйшла сама спадарыня амбасадар, запрасіла нас у свой кабінэт, папрасіла пакінуць запіс у кнізе наведвальнікаў і увогуле яна была вельмі ўзрушаная”.

У лісьце гаворыцца, што “перанос “Бронзавага салдата” зьяўляецца выключна ўнутранай справай незалежнай Эстоніі, народ якой пацярпеў ня толькі ад нацысцкай агрэсіі гітлераўскай Нямеччыны, але і ад камуністычнай акупацыі савецкай Расеяй”, а захады Расеі “разглядаюцца як умяшаньне ва ўнутраныя справы сувэрэннай дзяржавы, бо сувэрэнітэт дае права самастойна, без умяшаньня суседніх дзяржаваў, вырашаць дзе і якія помнікі усталёўваць”.

Прадстаўнікі беларускай грамады – Зьміцер Піменаў, грэка-каталіцкі сьвятар айцец Ян Майсейчык і намесьнік старшыні арганізацыі “Маладая Беларусь” Альгерд Мядзьведзеў абмеркавалі таксама са спадарыняй амбасадарам сытуацыю ў Беларусі.

“Яна выказала свае вельмі добрыя водгукі пра беларускую справу. Спадарыня пасол падкрэсьліла, што Беларусь у свой час таксама вельмі шмат нацярпелася ад акупантаў і што яна вельмі цешыцца, што ў Бэльгіі знайшліся людзі, якія падтрымалі эстонскія ўлады”, - сказаў Зьміцер Піменаў.

Амбасадар Малет Тальвэт паабяцала сёньня ж перадаць ліст падтрымкі беларускай грамады ў Бэльгіі ў канцылярыю прэзыдэнта Эстоніі, а беларусы Бэльгіі зьвяртаюцца да беларусаў у іншых краінах з заклікам таксама выказаць салідарнасьць з эстонскімі ўладамі.

З.Піменаў і А.Мядзьведзеў у эстонскай амбасадзе ў Брусэлі з амбасадарам Малет Тальвэт З.Піменаў і А.Мядзьведзеў у эстонскай амбасадзе ў Брусэлі з амбасадарам Малет Тальвэт
XS
SM
MD
LG