Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З-за канфлікту з Эстоніяй Эўразьвяз можа заблякаваць прыём Расеі ва Ўсясьветную арганізацыю гандлю


Кастусь Бандарук, Прага Дэманстрацыі пракрамлёўскіх актывістаў каля эстонскай амбасады ў Маскве спыніліся, аднак спрэчка вакол пераносу помніка савецкаму салдату ў Таліне і абвастрэньне расейска-эстонскіх дачыненьняў пераходзіць у эканамічную плашчыню.

Сёньня, консульскае аддзяленьне эстонскай амбасады ў Маскве аднавіла працу ў поўным аб’ёме, паведаміў прэс-сакратар амбасады Франэк Персідзкі. Ён пацьвердзіў, што амбасадарка Эстоніі ў Расеі Марына Кальюранд накіравалася ў двухтыднёвы адпачынак, хоць яму невядома – куды. Пасьля гэтага прадстаўнікі пракрамлёўскіх рухаў “Нашы”, “Мясцовыя”, “Маладая гвардыя” і “Маладая Расея” спынілі мітынгі, успрымаючы ад’езд амбасадаркі як сваю перамогу.

“Цяпер, усё ціха і спакойна. Вакол амбасады няма дэманстрантаў. Амбасада працуе ўвесь час. Мы былі вымушаныя закрыць консульскае аддзяленьне зь меркаваньняў бясьпекі”, - паведаміў Франэк Персідзкі.

Тым ня менш сёньня каля амбасады адбыўся пікет, арганізаваны прадстаўнікамі моладзевага блёку “Народнага саюзу” і “Саюзу афіцэраў”. Удзельнікі пікету, як і іхныя папярэднікі, патрабуюць спыніць перазахаваньне загіблых савецкіх салдатаў, магілу якіх эстонскія ўлады плянуюць перанесьці з цэнтру сталіцы на вайсковыя могілкі.

МЗС Расеі заявіла, што справа помніка нэгатыўна адаб’ецца на двухбаковых дачыненьнях. Масква заклікала ўлады Эстоніі правесьці грунтоўнае сьледзтва ў справе вулічных хваляваньняў у Таліне, у выніку якіх адзін расейскі грамадзянін загінуў ад удару нажом.

Міністэрства замежных справаў Эстоніі шмат разоў заяўляла, што за мітынгамі стаяць расейскія ўлады, і абвінаваціла Крэмль ў парушэньні Венскай канвэнцыі аб статусе дыпляматаў.

Эўразьвяз, НАТО і ЗША выказалі салідарнасьць з Эстоніяй, перемяшчэньне помніка яны назвалі ўнутранай справай Эстоніі і заклікалі гарантаваць бясьпеку дыпляматычным прадстаўніцтвам.

Паводле міністра замежных справаў Эстоніі Урмаса Паэта, супрацоўнікі амбасады падвяргаюцца псыхічным і фізычным нападкам. Дэманстранты закідвалі амбасаду камянямі і памылкова атакавалі аўтамабіль швэдзкага дыплямата. Каля амбасады зьявіўся намётавы лягер, а актывісты руху “Нашы” зьбіралі подпісы пад пэтыцыяй з заклікам “да дэмантажу амбасады фашыстоўскай Эстоніі”. Зь меркаваньняў бясьпекі сваякі дыпляматаў былі накіраваныя ў Талін.

У тэлефоннай размове са сваім нямецкім калегам Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў выказаў “зьдзіўленьне з прычыны адсутнасьці належнай рэакцыі Эўразьвязу на паводзіны Таліну, якія, як лічыць Лаўроў, супярэчаць эўрапейскім каштоўнасьцям і культуры”.

Намесьнік прэм’ера Расеі Сяргей Іваноў заклікаў да байкоту эстонскіх тавараў, на што адгукнуліся сеткі крамаў “Сёмы кантынэнт”, “Капейка” і “Самахвал”. Расея прыпыніла пастаўкі нафтапрадуктаў ў Эстонію. У адказ прэмер Эстоніі Андрус Ансіп заявіў, што любыя санкцыі з боку Расеі асуджаныя на правал”.

На долю Расеі выпадае ўсяго 10% эстонскага экспарту. Затое, як паведамляе газэта “Дэйлі Тэлеграф” небывалы з часу халоднай вайны ўзровень ўзаемнага недаверу паміж Брусэлям і Масквой можа прывесьці да таго, што Эўразьвяз заблякуе ўступленьне Расеі ва Ўсясьветную арганізацыю гандлю.
XS
SM
MD
LG