Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Сям’ю актывісткі Крысьціны Шацікавай дапыталі ў пракуратуры</B>


Радыё Свабода Сёньня памочніца пракурора Кастрычніцкага раёну Магілёва Іна Суркова дапытала Крысьціну Шацікаву, ейную маці Сьвятлану Міхайлаўну і двух сыноў — васьмігадовага Ягора й адзінаццацігадовага Мікіту.

Чатыры гадзіны Іна Суркова правярала факты са скаргі Крысьціны Шацікавай і ейнай маці на дзеяньні ўчастковых міліцыянтаў Аляксандра Грабарава й Аляксандра Касянкова.

Гаворыць Крысьціна Шацікава:

“У пракурора мы ўдакладнялі сутнасьць маёй скаргі й скаргі маёй маці адносна таго, што тэрарызуюць маю сям’ю і маіх дзяцей. Яна сама сказала, што падставы — 18-ты дэкрэт, што цяпер дужа лёгка забраць дзяцей. Я буду даводзіць справу да суду. Цяпер будуць дапытваць участковых, сацыяльных пэдагогаў, усіх, хто мае нейкае непасрэднае дачыненьне да ўціску маіх дзяцей”.

Грамадзкая актывістка зазначае, што частыя й беспадстаўныя візыты міліцыі дахаты й на вучобу да дзяцей пачаліся ў верасьні 2006 году. За гэты час толькі аднойчы зь ёй сустрэлася ўчастковая — і, паводле агучанай у пракуратуры інфармацыі, прэтэнзіяў да Крысьціны як маці не было.

Міліцыя аднак ня кінула хадзіць да Шацікавых. Крысьціна і ейная маці дамагаюцца аднаго — каб міліцыянты пакінулі сям’ю і дзяцей у спакоі.

Магілёў. Шацікавы

Напярэдадні Дня Волі Крысьціну Шацікаву схапілі й некалькі дзён пратрымалі ў псыхіятрычным шпіталі. Цяпер пракуратура Магілёва разглядае скаргу актывісткі з нагоды гэтага інцыдэнту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG