Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі бок перакладае адказнасьць за забруджаньне Даўгавы на Расею


Ігар Карней, Менск Да 8 траўня Латвія вызначыцца з памерам кампэнсацыі, якую мае атрымаць за тое, што беларускія нафтапрадукты трапілі спачатку ў Заходнюю Дзьвіну, а затым і ў латвійскую Даўгаву.

Паводле папярэдніх падлікаў, сума можа дасягнуць 5 мільёнаў даляраў. Пасьля шэрагу экспэртызаў экалягічныя страты Латвія ацэньвае ў сем разоў вышэй, чым раней. Беларускі бок настойвае, што ўсе прэтэнзіі Латвія мусіць адрасаваць не Беларусі, а Расеі, якой належыць нафтаправод.

Міністар навакольнага асяродзьдзя Латвійскай Рэспублікі Раймандс Вэёніс у інтэрвію тэлеканалу LTV7 заявіў: падлік стратаў плянуецца завяршыць да 8 траўня.

Латвія зьбіраецца патрабаваць матэрыяльнай кампэнсацыі за забруджаньне водаў Даўгавы і стварэньне пагрозы экалёгіі Латвіі ад Беларусі, бо пляма прыйшла зь Віцебскай вобласьці. Сума кампэнсацыі можа дасягнуць 5 мільёнаў даляраў.

Камэнтар на гэты конт дае першы намесьнік міністра аховы прыроды й навакольнага асяродзьдзя Беларусі Аляксандар Апацкі, які ўваходзіць у склад адмысловай камісіі ў надзвычайных здарэньнях:

“Цяжка штосьці казаць за латыскі бок. Безумоўна, там ёсьць некаторыя праблемы. Яны несувымерныя зь беларускімі. Але мы ня ведаем, як яны рабілі свае разьлікі, бо ў іх да гэтага асаблівы, эўразьвязаўскі падыход. І сума, канечне, вялікая.

Аднак трэба ўлічваць, што яны выставілі й затраты на працы ў ачышчэньні. Таму гэта ня толькі сума экалягічных стратаў — хутчэй за ўсё, гэта агульная сума. Але камэнтаваць складана, калі ня бачыш канкрэтных разьлікаў і канкрэтнага зьместу прэтэнзіяў”.

Беларускі бок цалкам вінаваціць у аварыі расейскую кампанію “Западтранснефтепродукт”, уладальніцу нафтаправоду.

Сёньня міністар у надзвычайных сытуацыях Энвэр Барыеў заявіў, што Расея кампэнсавала толькі выдаткі на ліквідацыю аварыі на нафтаправодзе Ўнеча — Вэнтсьпілс у раёне Бешанковічаў. У эквіваленце гэта 70 тысяч даляраў.

Аднак за пытаньні, якія тычацца экалягічных стратаў ад катастрофы, адкзвае Міністэрства аховы прыроды й навакольнага асяродзьдзя.

Як удакладніў адзін з кіраўнікоў ведамства Аляксандар Апацкі, канчатковая сума яшчэ падлічваецца. Але, паводле чыноўніка, яна можа быць яшчэ большая за латыскую. Разам з тым спадар Апацкі удакладняе: да Беларусі ў Латвіі ня можа быць ніякіх прэтэнзіяў:

“Не, гэта не да нас. Яны мусяць весьці непасрэдную працу зь вінаватымі, з расейцамі. Ня хочуць зь імі, могуць і зь беларускім бокам, але мы тады ўсё роўна будзем дамагацца адказнасьці ад вінаватага боку. Але латыскіх пытаньняў мы пакуль не абмяркоўвалі.

Да таго ж гэта ўжо трэцяя сума, якую агучвае латыскі бок, таму ў гэтым пытаньні няма адназначнасьці. Афіцыйна павінны агучыць свае прэтэнзіі. Можна штосьці проста казаць, але ёсьць афіцыйна вызначаны парадак выстаўленьня пазову. А гэтага яшчэ не было. Таму праблемаў як такіх няма — вінаваты ёсьць, няхай даказваюць, пацьвярджаюць”.

Нагадаем, што ад пачатку Латвія ацэньвала страты ад экалягічнай катастрофы ад пападаньня дызэльнага паліва ў Даўгаву на 700 тысяч даляраў.

Аварыя на нафтаправодзе Ўнеча — Вэнтспілс адбылася 23 сакавіка ў Бешанковіцкім раёне. Тады болей за 100 тон дызэльнага паліва выцекла ў раку Ўлу — прыток Заходняй Дзьвіны на тэрыторыі Латвіі. Адтуль пляму плыняй занесла ў Даўгаву.
XS
SM
MD
LG