Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крытычная сытуацыя на цукровых заводах і мясакамбінатах Беларусі


Алесь Дашчынскі, Менск Беларускія цукровыя заводы, акрамя Гарадзейскага, спыніліся на правядзеньне капітальнага рамонту і рэканструкцыі. З-за абмежаваньняў на ўвоз прадукцыі ў Расею мясакамбінаты таксама перажываюць складаны пэрыяд.

Ад студзеня да сакавіка Беларусь экспартавала цукру амаль на 87% меней, чым за аналягічны пэрыяд летась.

Прычына — увядзеньне абмежаваньняў на ўвоз прадукцыі ў Расею. Сёлета цукровыя заводы маюць права паставіць у Расею толькі 180 тысяч тон цукру, а ў наступным годзе амаль удвая меней.

Як вынік, шэраг беларускіх прадпрыемстваў вымушаны спыніцца на рамонт.

Пра сытуацыю на Жабінкаўскім цукровым заводзе апавяла галоўны тэхноляг Аксана Сідо:

“Звычайна, як было ў мінулыя гады, пасьля бураковай вытворчасьці мы адразу запускаем сырцовую вытворчасьць. А рамонт ужо пераносіцца на летнія месяцы. Сёлета, у сувязі з такімі абставінамі, мы рамонт перанесьлі на вясну, а летам будзем запускацца на сырэц”.

Спадарыня Сідо сказала, што частка работнікаў вымушаная была пайсьці ў адпачынак у сакавіку й красавіку:

“Змушана мы ўсе былі ў адпачынках. Усе пагалоўна, у сакавіку—красавіку. Частка людзей, якія тады працавалі, цяпер у адпачынку. Рэч у тым, калі будзе сырцовая прадукцыя, усе, хто завязаны ў гэтай вытворчасьці, будуць працаваць. Цяпер хто пайшоў у адпачынкі, хто пайшоў без утрыманьня”.

Цукровыя заводы больш прадукцыі пастаўляюць на ўнутраны рынак. Да прыкладу, Беларусь ужо заявіла пра пачатак ліцэнзаваньня ўвозу карамэлі з Украіны.

Беларускія мясакамбінаты таксама пераарыентоўваюцца на ўнутранага спажыўца, бо абмежаваны экспарт у Расею. Гэта можа прывесьці да спыненьня заводаў ці скарачэньняў.

Да прыкладу, Берасьцейскі мясакамбінат раней увозіў у Расею каля 50% прадукцыі й найперш сыравіны.

Цяпер галоўны інжынэр Дзьмітры Тарасюк кажа, што на заводзе павялічылася вытворчасьць каўбасаў:

“Спрабуем знайсьці новыя рынкі. У нас каўбасная вытворчасьць расьце. Мы думаем, дзе такіх людзей больш-менш кваліфікаваных знайсьці. Тэхнічнае пераабсталяваньне ідзе. Таму ніхто нікому не здаецца”.

Замежнае прадпрыемства “Инко-фуд”, зарэгістраванае ў свабоднай эканамічнай зоне “Берасьце”, вырабляе прадукцыю на экспарт.

Першы намесьнік дырэктара Міхаіл Таргоўцаў апавёў:

“На дадзены момант сытуацыя зусім крытычная. Мы практычна спыніліся. На наступным тыдні мы ня будзем рабіць адгрузак у Расею і ва Ўкраіну. І гэта складала каля 90% нашай вытворчасьці. Людзі будуць альбо без утрыманьня ў адпачынках, альбо проста ў адпачынках. І гэта будзе тычыцца каля сямісот зь дзевяцісот нашых працаўнікоў”.

Спадар Таргоўцаў кажа, што прадпрыемству не дазваляюць імпартаваць сыравіну зь іншых краінаў, а прымушаюць працаваць на беларускай. А гэтая сыравіна вельмі дарагая.

Як вынік, гатовая прадукцыя не вытрымлівае канкурэнцыі ня толькі ў Расеі і Ўкраіне, але і ў Казахстане і Малдове.

У канцэрне “Белдзяржхарчпрам” падаваць інфармацыю пра сытуацыю на цукровых заводах і мясакамбінатах адмаўляюцца. Прадстаўнік канцэрну Васіль Грыбоўскі патлумачыў “Свабодзе”, што гэтая інфармацыя закрытая для прэсы.
XS
SM
MD
LG