Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску плянуецца моладзевая акцыя супраць адмены льготаў


Альгерд Невяроўскі, Менск Адпаведную заяўку ў гарвыканкам падалі актывісты моладзевых і студэнцкіх арганізацыяў. Арганізатары кажуць, што акцыя будзе непалітычная і пройдзе пад лёзунгамі “Мы супраць адмены льготаў” і “Мы ня хочам быць зайцамі”. Лягатыпам акцыі будзе менавіта заяц — сымбаль безьбілетніка. Мітынг плянуюць правесьці 20 траўня на плошчы Бангалор, будуць выступаць музыкі.

"І потым проста дастаюць з нашых кішэняў грошы"

У аргкамітэт правядзеньня акцыі ўвайшлі прадстаўнікі моладзевых арганізацыяў — “Маладога фронту”, “Моладзі БНФ”, Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, моладзевай камісіі Хэльсынскага камітэту, “Вольнай моладзі”, Беларускай асацыяцыі маладых палітыкаў, “Грамадзянскага форуму” і “Моладзевага хрысьціянска-сацыяльнага саюзу — маладыя дэмакраты”.

Сэнс акцыі тлумачыць сябра аргкамітэту, старшыня “Моладзі БНФ” Алесь Каліта:

“Гэта наш пратэст супраць дзеяньняў уладаў у справе адмены льготаў. Увогуле пратэст супраць фармату адмены льготаў. Усё так падпольна выношваецца, і потым проста дастаюць з нашых кішэняў грошы. Мэта мітынгу — прыцягнуць увагу студэнтаў і ўлады да гэтай праблемы, мабілізаваць школьнікаў і студэнтаў, а таксама запрапанаваць правядзеньне негвалтоўных акцыяў супраціву адмене льготаў”.

Арганізатары мітынгу запрасілі на мітынг гурты “Крама”, “IQ-48” ды іншых выканаўцаў.

Лукашэнка: "Дармаедства недапушчальнае"

Аляксандар Лукашэнка 24 красавіка падчас выступу з пасланьнем да народу й парлямэнту заявіў, што “стратэгія дзяржавы павінна будавацца ў кірунку ад сацыяльнай абароны да сацыяльнага разьвіцьця. Гэта азначае, што дармаедзтва недапушчальнае”.

Аляксандар Лукашэнка лічыць, што льготы “бальшыні людзей надвор’я ня робяць, а ў выніку распыляюцца велізарныя бюджэтныя сродкі”.

Пяткевіч: "трэба адмяніць ільготы ўсім да адзінага”.

Намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч выступіла ўчора зь яшчэ больш радыкальнай заявай. Падчас сустрэчы з дэпутатамі ніжняй палаты і прадстаўнікамі грамадзкіх арганізацыяў яна заявіла, што “трэба перасіліць сябе і пайсьці радыкальна — адмяніць ільготы ўсім да адзінага”.

Паводле Натальлі Пяткевіч, “не ад вялікіх грошай, не ад добрага жыцьця дзяржава эканоміць. Сёньня трэба падтрымаць насельніцтва ў сувязі з павелічэньнем цэнаў на энэргарэсурсы. Можна захаваць ільготы, але мы адпаведна атрымаем жыроўкі ў тры-чатыры разы большыя”.

Частка льготаў захаваецца, але яны стануць адраснымі. Натальля Пяткевіч сказала, што законапраект “Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорыяў грамадзянаў” на ўсенароднае абмеркаваньне выносіцца ня будзе.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Камянецкі паведаміў агенцтву БелаПАН, што гэты законапраект разгледзяць на пленарным паседжаньні напрыканцы траўня.

Глядзіце таксама:

Студэнты зьбіраюць подпісы за захаваньне льгот на праезд
XS
SM
MD
LG