Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хоць гэта й невялікія грошы, але яны будуць ужо ў сваёй кішэні...”


Радыё Свабода Як вы паставіцеся да таго, калі ў Беларусі ільготы заменяць на грашовыя выплаты? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да мінакоў на вуліцах Горадні.

Спадар: “Добра стаўлюся, для некаторых гэтая “халява” спыніцца. Шмат хто карыстаецца гэтым незаслужана, а так грошы дастануцца тым, каму яны й павінны прызначацца”.

Спадарыня: “Думаю, што так будзе лепш, паколькі чалавек сам за грошы здолее нешта купіць, а то за гэтымі ільготамі толькі хадзі й прыніжайся. Нават у тых самых лекараў, а так чалавек сам купіць лекі. А я ня маю ніякіх ільготаў, няшчасную пэнсію атрымліваю й існую...”

Спадарыня: “Я нават ня ведаю. Я сама на 3 групе, у нас толькі лекі на 50%, а праезд, як у ва ўсіх людзей”.

Карэспандэнт: “А вось, скажам, калі ўсё ж замест ільготаў на лекі, вам пачнуць выплачваць грошы – ці зручней гэта вам будзе?”

Спадарыня: “Мне здаецца ўсё роўна, паколькі без лекаў я не магу й купляю іх штомесяц. Купляць давядзецца й з ільготамі й без іх”.

Спадарыня: “Ня ведаю нават што вам адказаць... Магчыма й добра, калі грошы пачнуць выплачваць. Хаця, зь іншага боку, калі не атрымліваеш іх, то й думаць не даводзіцца. Я ўсё жыцьцё прапрацавала настаўніцай і акрамя пэнсіі ніякіх ільготаў...”.

Спадарыня: “Цяжка адказаць, але думаю, што магчыма гэта будзе лепш. За грошы чалавек купіць лекі, а той, хто карыстаўся ільготамі незаконна, грошай не атрымае”.

Спадар: “Я пра гэта ня думаў, ды й ільготаў ня маю”.

Спадар: “На маю думку нічога ня трэба мяняць, бо будуць злоўжываньні, якія ёсьць і зараз. Ды й беларускай дзяржаве эканамічна гэта будзе цяжка вытрымаць”.

Спадар: “Вось нават едзеш калі ў аўтобусе патрабуюць білет. Даеш ільготны, а яна пытаецца – чаму гэта ў вас ільготны, вы не падобны на пэнсіянэра. Дык трэба вазіць з сабой пасьведчаньне, што ў мяне праезд 50%”.

Карэспандэнт: “Дык а вам было б зручней атрымаць грошы й купіць білецік?”

Спадар: “Мне здаецца, так. І мог бы гэтыя грошы скарыстаць ня толькі на праезд, а купіў бы ўнуку цукерак. Хоць гэта й невялікія грошы, але ты ўжо гэтую капейку маеш у кішэні”.

Спадарыня: “Гледзячы якія ільготы? Я хачу сказаць, што на праезд у транспарце мне, як пэнсіянэрцы, 50% - гэта значныя грошы. На лекі я не магу сказаць канкрэтна, паколькі на ільготныя рэцэпты выдаюць толькі беларускія лекі, а яны не заўсёды якасныя й не заўсёды дапамагаюць”.

Спадарыня: “Думаю, што гэта трэба рабіць паступова, паколькі тыя людзі, хто яшчэ з савецкіх часоў прызвычаіўся мець ільготы, для іх гэта маральна будзе цяжка. Ды й для дзяржавы, думаю, вырашыць такія праблемы адразу ня ўдасца, бо адным будзе зручней так, другім – інакш і г.д.”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG