Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сініцын і Парфяновіч ня проста правакатары, а здраднікі...”


Радыё Свабода Агляд званкоў на Свабоду за 4 траўня. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць СМС- паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24.

Спадар, Менск: “Тое, што робіць бандыцкая Расея вакол будынку амбасады Эстоніі ў Маскве, выклікае вялікае абурэньне. Перанос помніка бронзавага салдата нізкай архітэктурнай якасьці з цэнтру Таліна на Ваенныя могілкі на ўскрайку горада – гэта ўнутраная справа Эстоніі. Трэба ўвесьці войскі НАТА на ўсходзе Эстоніі і ўсталяваць ракеты СПА на ўсходніх межах краіны, каб абараніць Эстонію ад фашысцкай Расеі. Пуцін паказаў свой сапраўдны твар. Усяго добрага”.

Анатоль Сахаруша: “Вітаю Вас. Мне здаецца, што Парфяновіч у палітыцы вельмі далёка завеславаў, калі ён бачыць незалежнасьць Беларусі ва ўваходжаньні ў склад Расеі. Не незалежнасьць яго хвалюе, а хвалюе ягоны фонд, які яны стварылі разам зь Сініцыным. Дзякуй за ўвагу”.

Віктар, Менск: “Хачу выказаць меркаваньне наконт ільгот ліквідатарам Чарнобылю. Адным словам -- шкада. Толькі не разумею, чаму ільготы маюць ваенныя, якія ня ўдзельнічалі ў баях, работнікі міліцыі і гэтак далей. Ім і пэнсія ў 45 год, памер пэнсіі 95 % ад заробку, і дзяржпайкі, і абмундзіраваньне і гэтак далей. А гэтым хворым патрыётам – хрэн ад улады. Шкада. Дзякуй за ўвагу”.

“Наконт ільготаў чарнобыльцам. Гэтых ахвяраў турэмнага камунізму ні ў якім разе нельга пазбаўляць ільготаў. Ільготы трэба зьнішчыць у намэнклятуршчыкаў БССР, лукашызму і цяперашняга часу – міліцыі, КДБ, ваенных, пракуратуру, судоў. Гэтыя вампіры на караку ў народа, шыкуюць за кошт няшчасных людзей,я кія ўсё жыцьцё працуюць, як пчолы, і сваёй працай кормяць гэтых шэршняў, якія нічога не вырабляюць, якія зусім ня маюць сумленьня і зьдзекуюцца з сумленнага народа. Дзякуй”.

“Маладафронтацаў прывялі да адказнасьці за неданясеньне. Але ж чаму парушаюцца законы аб забароне допыту непаўналетняга падлетка без прысутнасьці бацькоў ці настаўнікаў? Менавіта допыту непаўналетняга падлетка без прысутнасьці бацькоў ці настаўнікаў. Ня маюць права дапытваць без бацькоў. Дзякуй”.

Ільля Копыл, Менск: “Добры дзень, “Свабода”. Калі Лукашэнка скажа, што незалежнасьць Беларусі для яго галоўнае, я стаўлюся да яго зь недаверам, таму што нікому не вядома, што ён скажа заўтра. Калі я пачуў пра маніфэст Сініцына і Парфяновіча, я абурыўся. Гэтыя небаракі-палітыкі мараць зьнішчыць Беларусь на карысьць Крамля. Яны ня проста правакатары, а здраднікі. Зь Сініцыным усё зразумела, ён ужо з гэтым выступаў у 2001-м годзе. А вось Парфяновіч, спартыўны гонар Беларусі, тройчы алімпійскі чэмпіён… і так апусьціў сябе… так і хочацца сказаць на адрас гэтых дзьвюх палітычных прастытутак: ганьба! Дзякуй за ўвагу”.

Яцкевіч Аляксандр Анатольевіч, Віцебск: “Добры дзень, паважанае Радыё Свабода. Я хачу зьвярнуцца да ўсіх нашых беларусаў, якія яшчэ не адвыклі і крыху ўмеюць думаць, пастаўце два партрэты – партрэт прэзыдэнта і партрэт Пятра Міронавіча Машэрава– і паглядзіце на выразы твараў. Паглядзіце, які выраз у аднаго і які ў другога – сквапны, драпежны, страшны, садысцкі. І гэтым будзе ўсё сказана. Дзякую”.

“Добры дзень, Радыё Свабода. Можаце мяне ў эфір не пускаць, па Вашаму меркаваньню. Масква, можа, і мела б нейкае права на голас, калі б яны гэтак сама ж заквакалі пра нашы Курапаты, як пра Эстонію. Гэта ж таксама савецкія людзі як-ніяк, і рэпрэсаваныя. Даўно б ужо было патрэбна павініцца, нізка пакланіцца і Пуціну перажагнацца, як ён гэта ўмее рабіць. Адзін толькі ён умее рабіць гэта.”

Спадар: “Маскалі-камуністы кажуць, што яны інтэрнацыяналісты і вызваліцелі. А я лічу, гэта акупанты і захопнікі. Яны кажуць, што прыбалтыйскія краіны – гэта фашыстоўскія краіны. А я так ня думаю. Я ведаю, што гэтыя людзі працавітыя і разумныя, таму што мне прыходзілася служыць у войску з літоўцамі. Калі я служыў у 1961-м годзе ў Маскве, мы зь ім жылі як родныя браты. Ён родам дзесьці з-пад Каўнаса. Яго клікалі Антон Жасінас. Я б хацеў цяпер яму перадаць прывітаньне, калі ён мяне пачуе, і даведацца, ці жывы ён яшчэ”.

Анастас Семяновіч: “Шаноўнае спадарства Радыё Свабода! Добры вечар. На пытаньне тыдня што можна сказаць? Наш галоўны начальнік кажа, што ў нашай дзяржаве ўдзяляецца ўвага разьвіцьцю друку, радыё і тэлебачаньня, стварэньне ўмоў для рэалізацыі галоўнага прызначэньня – несьці мільёнам людзей поўную і праўдзівую інфармацыю. А Вам адкажу адным словам – гэта хлусьня. Вы “Народную Волю” і іншыя газэты загналі за мяжу і прымушаеце кіраўнікоў, каб іх рабочыя падпісваліся з газэтаў толькі на“Советскую Белоруссию,” “Беларускі Час” і іншыя. Я не кажу пра пэнсіянэраў, толькі гэтыя газэты. На радыё і тэлебачаньне апазыцыю Вы не пускаеце на касьмічны стрэл. Я ўпэўнены, калі будзе зьняты галоўны начальнік, гэтак пытаньне будзе адразу вырашана дадатна. Дзякуй за ўвагу”.

Спадар: “Добрай раніцы, “Свабода”. Вось Вы ўсё часьцей узгадваеце пра розныя рэпрэсіі супраць “Маладога Фронту” і гучыць, што гэта арганізацыя незарэгістраваная. Нагадайце, калі ласка, якія цяжкасьці ўзьнікаюць з рэгістрацыяй гэтай арганізацыі. Чаму яе ў рэшце, каб пазьбегнуць розных непрыемнасьцяў не рэгіструюць? Буду чакаць адказу. Дзякуй”.

Спадарыня: “Добры дзень, Радыё Свабода. У мяне не знаходзіцца словаў, каб выказаць сваю зьбянтэжанасьць і абурэньне, ці як гэта сказаць… Што гэта робіць Сініцын і Парфяновіч? Калі ім такая родная Расея, дык хай яны зьбіраюць свае манаткі і едуць у тую Расею. Навошта яны гэта робяць?! Нейкі мэмарандум прыдумалі… (маніфэст – рэд.) Для чаго гэта трэба? Што яны за 200 гадоў не навучыліся жыць пры гэтай Расеі? Ну навошта ж такія заяўкі рабіць? Я не разумею, што гэта за людзі! Бог ім судзьдзя, але ж нельга так вырашаць лёс за ўвесь народ”.
XS
SM
MD
LG