Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выраб беларускага аўтамабіля могуць перадаць кітайцам


Ігар Карней, Менск Сёньня ў менскім футбольным манэжы пачынае працу аўтамабільная выстава “Мотаршоў-2007”. Арганізатары мерапрыемства абяцаюць беспрэцэдэнтную прысутнасьць на стэндах брэндаў усясьветна вядомых аўтавытворцаў. Аднак, на думку адмыслоўцаў, праблемы ў беларускім аўтабудаўніцтве наўрад ці можна схаваць за шыльдамі пасьпяховых аўтамарак. Пасьля няўдачаў з прыходам у Беларусь амэрыканскага “Форда”, польскага “Любліна”, іранскага “Саманда” цяпер беларускае кіраўніцтва глядзіць у бок кітайскіх аўтавытворцаў.

Паводле арганізатараў “Мотаршоў”, сёлетняя выстава ня будзе істотна адрозьнівацца ад эўрапейскіх аналягаў і цалкам можа вымаўляцца з прыстаўкай “супэр”. 35 аўтамабільных марак адлюструюць усю гаму даступных і элітных транспартных сродкаў, у залежнасьці ад кішэняў і густаў беларускіх спажыўцоў.

Будуць на “Мотаршоў” і экспанаты, якія прэтэндуюць на статус беларускага легкавога аўтамабіля. Гэта ўжо знаёмая са зводак машына іранскага аўтапраму “Саманд” (у перакладзе з фарсі “Скакун”, вытворчасьць пачалася пад Менскам летась) і цэлая нізка кітайскіх аўто, якія таксама ня супраць пусьціць карані ў Беларусі. Праўда, геаграфічнае паходжаньне і невысокая якасьць не даюць адмыслоўцам падставаў для вялікага аптымізму. Як кажа кіраўнік Асацыяцыі кіроўцаў і ўладальнікаў аўтатранспарту Алег Маркевіч, Беларусь рукамі чыноўнікаў пераўтвараецца ў сапраўдны аўтамабільны “сьметнік”:
“Эўрапейская звалка атрымліваецца зь Беларусі...”
“Эўрапейская звалка атрымліваецца зь Беларусі. Замест таго, каб зьбіраць папулярны “Форд-Фокус”, як гэта робіцца пад Піцерам, ці, прыкладам, іншыя новыя мадэлі, мы чамусьці падбіраем усё, што маральна састарэла. Я ўвогуле так сказаў бы: нам падсоўваюць “нафталінавы” тавар. Гэта ж як трэба не паважаць грамадзянаў сваёй краіны, беларусаў! Мы эўрапейцы, мы прызвычаіліся да самага сучаснага абсталяваньня, машын і г.д. Таму мяне ўсё гэта, шчыра кажучы, зьдзіўляе, калі не сказаць больш”.

З кітайскім аўтамабільным асартымэнтам Алег Маркевіч знаёмы збольшага візуальна, затое іранскі прадукт “памацаў” на леташнім “Менскім аўтасалёне”:

“Я абавязкова наведваю такія выставы. Спэцыяльна зайшоў на іхны стэнд, распытаў мэнэджэраў, даведаўся пра ўсе нюансы, таму валодаю інфармацыяй (нават напісаў адмысловы артыкул на гэты конт, але ніводны СМІ яго ня ўзяў). Перш, чым штосьці пачынаць рабіць, трэба вельмі грунтоўна вывучыць, што гэта за мадэль? Бо калі ў 1997-м у Беларусі пачалі зборку “Форд-Эскорт”, у астатняй Эўропе у 1998-м яго ўжо зьнялі з вытворчасьці”.
”Заяўленыя намеры не адпавядаюць рэальнасьці!”
Напярэдадні першы намесьнік міністра прамысловасьці Іван Дземідовіч таксама скрытыкаваў беларуска-іранскі праект: маўляў, намеры, заяўленыя ад пачатку, не адпавядаюць рэальнасьці. Пакуль рэалізатары марылі, як зрабіць аўтамабіль “бюджэтным”, навязаўшы яго таксапаркам, міліцыі, інкасатарам і г.д., нішу заняла румынская “Дачыя” – на тле 13 тысяч даляраў за “Скакуна” румынскае аўто таго ж клясу за 7 тысяч аказалася больш прывабным.

Цяпер урад разглядае варыянты кампэнсацыі няспраўджанага праекту. У адпаведнасьці з даручэньнем прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага, Саўмін ужо бліжэйшым часам прыме кардынальныя захады. Як сказаў Дземідовіч, Беларусь, маючы посьпехі ў цяжкім машынабудаваньні, павінна нарэшце стварыць рэнтабэльную вытворчасьць легкавікоў. Адным з партнэраў разглядаецца Кітай, які ўсё больш упэўнена заваёўвае ўсясьветныя рынкі.
“Іранскі аўтамабіль быў завальным праектам ад самага пачатку...”
І калі пра сумнеўнасьць іранскага праекту шмат казалі яшчэ на стадыі плянаваньня, то ў гісторыі з магчымым кітайскім прышэсьцем, як лічыць кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка, варыянт супрацоўніцтва мог бы мець плён. Але – пры ўмове знаходжаньня адраснага пакупніка:

“Іранскі аўтамабіль быў завальным праектам ад самага пачатку, спэцыялісты ў яго ня верылі – мадэль старая, а рынак у Беларусі канкурэнтны: да 120 тысяч машын прадаецца штогод, зь іх толькі 5 тысяч вытворчасьці краін СНД. Астатнія – нямецкія, францускія, амэрыканскія. Выходзіць з новым аўто на такі рынак – справа складаная. Што да Кітаю. Кітайцы актыўна прадукуюць пазадарожнікі. І калі б беларусы на гэтай базе пачалі рабіць пазадарожнікі па новай формуле – вялікія машыны, якія выкарыстоўваліся б у сельскай гаспадарцы і для фэрмэраў – у такім выпадку чаму б гэта сапраўды не наладзіць?”.

Паводле дасьледаваньня Кітайскай асацыяцыі спажыўцоў, 77% вырабленых у Кітаі аўто псуюцца цягам першага паўгоду эксплёатацыі. За апошні год колькасьць няспраўнасьцяў вырасла на 21%, і цяпер на 100 новых аўто прыпадае болей за 300 дэфэктаў. У жаданьні яшчэ больш зьнізіць кошт машын вытворцы пачалі набываць танныя і, адпаведна, няякасныя камплектуючыя.


На здымках: на статус беларускага аўтамабіля пакуль два прэтэндэнты: нібыта “люксавы” іранскі “Саманд” і “зьлізаныя” у японцаў кітайскія пазадарожнікі



XS
SM
MD
LG