Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа дзяржава зьнізіць кошты ў рэстарацыях?


Іна Студзінская, Менск Камітэт дзяржкантролю пачаў праверку беларускіх рэстарацыяў і кавярняў, каб праверыць, ці можна зьнізіць кошты. Якія фактары ўплываюць на цэны? Ці можа дзяржава зьнізіць цэны?

“Цана фармуецца ад пастаўшчыка”

Нядаўна ўрад запатрабаваў ад Міністэрства гандлю прыняць канкрэтныя захады, каб зьнізіць кошты ў рэстарацыях. У той жа час павялічыўся мясцовы падатак на паслугі рэстаранаў – ў краіне на 10%, у Менску – на 15%.

А кошты ў рэстарацыях і кафэ фармуюцца ў адпаведнасьці з нацэначнай катэгорыяй і падаткамі. Распавядае намесьнік дырэктара аднаго са сталічных рэстаранаў:

“Цана фармуецца ад пастаўшчыка: прывезьлі тавар, на яго дадаецца гандлёвая надбаўка; нацэнка грамадзкага харчаваньня – 150% першая нацэначная катэгорыя для сталіцы; НДВ – 10% на беларускія тавары, 18% – на імпартныя да цаны. Калі гатуецца страва, яшчэ 10% падатак да цаны. Вось і атрымліваецца такія “атамныя” кошты”.

Начальнік аддзелу цэнаўтварэньня Упраўленьня спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Аляксей Багдановіч перакананы, што ў Беларусі дзяржава павінна рэгуляваць кошты. І патлумачыў, чаму:

“Рэгуляваньне павінна быць. Нам рана яшчэ адпускаць цэны, таму што наш народ – я маю на ўвазе рэстаратараў – не гатовы да гэтага. Хочуць атрымоўваць адразу шмат, нічога ня робячы. Вось правяраем некаторыя рэстарацыі: хлеб, звычайны чорны хлеб – па 14 тысяч буханка. Калі сухары паніровачныя амэрыканскія, каб абваляць катлету, каштуюць 48 тысяч кіляграм, дык што – мы ня можам сухароў намалоць? Проста рэстаратары стараюцца цану закласьці чым вышэй, тым лепш для іх, тым больш у іх абарот. А гэта горш для нашага спажыўца”.

“Зьменшыць порцыі усё. Іншых крыніцаў проста няма”

Масштабная праверка – ня першая спроба дзяржавы паўплываць на цэнаўтварэньне. Пры канцы 2006 году зьявілася распараджэньне Міністэрства гандлю, згодна зь якім рэстарацыям было рэкамэндавана зьменшыць порцыі. Натуральна, на кошты гэта ніяк не паўплывала.

Паводле ацэнак наведвальнікаў, цэны з пачатку 2007 году падрасьлі ў рэстарацыях ў сярэднім на 10%, а ў сталіцы – на ўсе 15%.

Ці ёсьць рэзэрвы для зьніжэньня коштаў – пытаюся ў намесьніцы дырэктара рэстарану першай нацэначнай катэгорыі.

“Зьменшыць порцыі усё. Іншых крыніцаў проста няма. Калі прыбраць там нейкі соўс, зрабіць проста смажанае мяса са смажанай бульбай, да нас ніхто ня пойдзе”.

Тая самая намесьніца дырэктара рэстарану кажа, што рэстаратары таксама зацікаўленыя, каб да іх часьцей хадзілі людзі. Ня раз на год, на свой дзень народзінаў ці на юбілей начальніка:

“Мы таксама не зацікаўленыя, каб у нас была вельмі высокая цана. Калі ў нас будуць атамныя кошты, да нас ніхто ня пойдзе. Я ня думаю, што хоць адзін гаспадар рэстарацыі альбо дырэктар зацікаўлены, каб у яго былі вельмі высокія кошты”.

“Рыхтуюцца новая інструкцыя па цэнаўтварэньні”

Урад, у сваю чаргу, прапрацоўвае розныя варыянты зьніжэньня коштаў. Падрабязнасьці начальнік аддзелу цэн Упраўленьня спажывецкага рынку Аляксей Багдановіч ня агучыў, але сказаў:

“Зараз рыхтуюцца новая інструкцыя па цэнаўтварэньні, яна практычна гатовыя, праз пару тыдняў выйдзе, там ёсьць прапановы і па гарэлцы сувэнірнай, і па імпартнаму сьпіртному, і па піву, і па нацэнках на тавары некаторыя. У залежнасьці ад катэгорыі прадпрыемства будуць і цэны”.

У гэтай інструкцыі ёсьць пункт пра абмежаваньне імпарту харчоў для рэстараннай сеткі. Не сакрэт, многія рэстараны аддаюць перавагу больш якасным замежным прадуктам, ігнаруючы больш танныя айчынныя. Рэстаратары катэгарычна супраць абмежаваньня імпарту:

“У рэстарацыі павінны ж быць і цытрусавыя, і садавіна розная. У Беларусі ж няма вінаграду круглы год, няма ананасаў, а ўсе зараз хочуць нейкую экзотыку есьці. Морапрадукты таксама ўсе імпартныя, таму яны дарагія. У рэстаран прыходзяць ня проста смажанай бульбы зь мясам паесьці”.

Праверка пры канцы красавіка толькі пачалася, таму вынікі будуць пры канцы чэрвеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG