Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зьміцер Хведарук аштрафаваны на 30 базавых велічыняў


Любоў Лунёва, Менск Актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Хведарука суд Савецкага раёну Менску пакараў штрафам на 937 тысяч рублёў.

Хлопца абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага шэсьця пасьля заканчэньня “Чарнобыльскага шляху”.

Міліцыянт Павал Казлоўскі патэлефанаваў Зьмітру й запрасіў яго на размову ў міліцыю Савецкага раёну. У міліцыі прагледзелі апэратыўную відэастужку, якую зрабілі пасьля заканчэньня акцыі 26 красавіка, калі людзі разыходзіліся.

Нагадаем, удзельнікі акцыі рухаліся ад капліцы, што на вуліцы Карастаянавай, у бок вуліцы Максіма Багдановіча — на прыпынкі грамадзкага транспарту.

Каля рэстарацыі “Макдональдз” спэцназаўцы пачалі выціскаць людзей у двары. Яны атачылі групу моладзі, у якой былі пераважна дзяўчаты, і пачалі іх зьбіваць. Шаснаццаць чалавек затрымалі й кінулі ў аўтобусы.

У судзе Савецкага раёну Менску Зьміцер Хведарук паведаміў “Свабодзе”:

“Людзям, якія сабраліся на “Чарнобыльскі шлях”, трэба было неяк разыходзіцца пасьля заканчэньня мерапрыемства. Паколькі ўся тая мясцовасьць была ў атачэньня спэцназу і спэцслужбаў, мы вырашылі арганізавана прайсьці ад вуліцы Карастаянавай да прыпынку грамадзкага транспарту, каб не патрапіць ім у рукі.

Цяпер мяне абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага шэсьця. Пасьля таго інцыдэнту каля “Макдональдзу”, калі затрыманыя людзі былі зьбітыя, улада хоча прадэманстраваць, што было несанкцыянаванае шэсьце — і яны нібыта дзейнічалі ў межах закону”.

Гэта ня першы арышт Зьмітра Хведарука. Хлопец падлічыў, што трапляў за краты турмы на Акрэсьціна пяць разоў. Ён не выключае, што міліцыянты днямі затрымаюць яшчэ некалькіх чалавек, асобы якіх яны высьвятляюць.
XS
SM
MD
LG