Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хачу зьвярнуцца да прэзыдэнта. Калі спыніцца падман народу?”


Радыё Свабода Званкі на Свабоду 3-га траўня

Давыдзенка Павел Андрэевіч, інвалід ЧАЭС, Парычы: “Я ідэйны слухач “Свабоды” і ахвяра дыктатуры лукашызму. Я абіваю парогі ўсіх інстанцый, і ўсё бясплённа. А лукашысты як рабавалі, так і рабуюць, яшчэ з большай лютасьцю. Гэта фашызм лукашызму, гэта крадзяжы і рабаўніцтва. Такая ўлада нічога ня бачыць і ня чуе. Дзякую за ўвагу”.

Спадар: “Бронзавы салдат, які ўстаноўлены ў Эстоніі, з’яўляецца для іх сымбалем перамогі над фашызмам. І за тое, што эстонскі народ ня хоча прызнаваць гэты сымбаль, Расея гатовая зьесьці жыўцом людзей і зрабіць іх ворагамі Расеі. Гэта сапраўдны твар як былой, так і цяперашняй Расеі. Паглядзіце, які крык паднялі на ўвесь сьвет. Ня іх гэта краіна, а парадкі свае хочуць свае бачыць. І мова расейская павінна быць дзяржаўнай, і помнікі іх павінны быць, і ў НАТА ня трэба ўступаць. І яшчэ шмат чаго. Гэта мне нагадвае сытуацыю, калі пасьля разводу былы муж пачынае “правы качаць”. Колькі бедаў і пакутаў прынесла Расея народам Украіны, Беларусі, Прыбалтыкі і ўсім астатнім, хто ўваходзіў у так званае Варшаўскае пагадненьне. Як ня ўспомніць Фінляндыю, былую краіну царскай Расеі, якая адбілася жыцьцямі сотняў тысяч людзей ад абдымкаў Савецкага Саюзу. І ці можна яе цяпер параўноўваць зь любою з краінаў Варшаўскага пагадненьня? Ня дзіва імкненьне народаў тых дзяржаваў, якія яшчэ не пасьпела сапсаваць камуністычная ідэалёгія, уступіць у НАТА, каб братэрскія абдымкі не зацягнулі іх у свой саюз зноўку”.

“Тая праграма, якую Лукашэнка вяшчаў на ўвесь сьвет напачатку свайго прэзыдэнцтва, выканана. То бок у Беларусі пабудаваны рынкавы сацыялізм, заводы запушчаны. Цяпер мы маем тое, да чаго імкнуўся беларускі народ сваімі 99-ю адсоткамі 12 год. У краіне няма палітзьняволеных, УВП расьце, гарады і вёску будуюцца, прыгажэюць, пэнсіі дастойныя. Ну, ёсьць у нас крыху і хуліганаў сярод глуханямых, якія выкрыкваюць антыпрэзыдэнцкія лёзунгі, ёсьць прафэсары, якія “матам пакрываюць” работнікаў міліцыі, а таксама беларускамоўныя маладзёны, якія брыдкасловяць на АМАП. У астатнім усё добра. Дарогі на Быхаўшчыне выдатныя, вось толькі зроблена гэта ўсё выдатнае за некалькі тыдняў і тое, толькі там, дзе будзе ехаць Лукашэнка. А вось праехаў бы прэзыдэнт па вуліцам Чырвонаармейскай, Мінскай, а таксама на дзесяткам іншых, тады б ён ня хлусіў на ўвесь сьвет. А можа быць, хлусіў бы ўсё роўна, таму што хлусьня стала дзяржаўнай палітыкай беларускага прэзыдэнта з моманту яго абраньня. Дзякуй”.



Крэпасны Сяргей, Полацк: “Добры дзень. Дзякуй, што смс-ку даслалі пра незалежнага журналіста Жанну Літвіну. Але ў мяне кампутара няма. Я не працую, у Крупскага на шыю сяджу. А дашліце мне смс-ку з тэлефонам гэтых незалежных журналістаў. Я ж ня ведаю, дзе яны знаходзяцца ў Менску. Мне на БНФ абяцалі грашыма дапамагчы, але ня ведаю… А вось мой знаёмы езьдзіў песьні запісваць, дапамаглі. Дык што яны ня могуць мне, як ахвяры ўлады, дапамагчы, каб толькі да Варшавы даехаць, у адзін бок. Я вяртацца назад не зьбіраюся. Мне кажуць і адсюль, з Полацку, кажуць, выматывай, таму што шмат бруду выкапаў. Яны мяне ненавідзяць тут, і на працы падстаўлялі на 330 тысяч як бэнээфаўца, які літаратуру распаўсюджваў, газэты. Навошта жыць сярод ворагаў, дзе цябе ненавідзяць, прапіскі не даюць, павінна быць група, акадэмік Баранаў сказаў, што хаця б трэцяя, а яны мне не даюць па агульным захворваньні. Мог бы эндакрыналёгіі лячыцца, мне амбасадар швэцкі сказаў, што можна да іх праз Варшаву. Але ў мяне няма грошай. Наўмысна не даюць прапіскі, не магу на працу ўладкавацца. Я б даўно з голаду памёр, каб Георгій Аркадзьевіч Крупскі мяне прадуктамі не падтрымліваў. Вось так і жыву. Я б у Смаленск да родзічаў паехаў бы і тое ня трэба. Жыві без прапіску тут, як бомж. Ім вельмі падабаецца. Тым больш, што я хачу ў міжнародны суд зьвярнуцца ў сувязі з гэтымі апёкамі і здымкамі, якія я Бяляцкаму аддаваў і Вам перасылаў. Ну дашліце мне гэты тэлефон БАЖ, Літвінавай праз смс”.

Спадарыня: “Я да каго так не хачу зьвярнуцца, як да нашага прэзыдэнта. Калі спыніцца падман народу? У мяне баліць душа за наш народ. Ён абяздолены, пакрыўджаны, настолькі пакрыўджаны, настолькі бедны, што нават людзі сталага ўзросту, якім за 70 і больш, ідуць капацца ў сьметніцы, каб купіць сабе хлеба. Мая душа сёньня забалела, калі я пабачыла гэта. Я не магла глядзець, у мяне каціліся сьлёзы. Я падышла да жанчыны і спыталася: “Жанчына, што Вас прымусіла капацца ў сьметніцы?” “Як жа мне не капацца, калі мая пэнсія ўсяго толькі 140 тысяч. Мне трэба заплаціць за кватэру, заплаціць за ваду, заплаціць за газ. Усё дорага ў нас сёньня. У мяне засталося ўсяго толькі 5 тысяч. Як мне магчыма за 5 тысяч дажыць да наступнай пэнсіі?!” У мяне баліць душа, я не магу змоўчаць пра гэта. Мяне на столькі гэта ўсё прыніжае, абражвае. Зойдзеш у краму, глянеш на цэны, ляжаць каўбасы сівыя, іх праціраюць анучаю і кладуць зноў на вітрыну. Стаіць мінэральная вада. Добра, каўбасу шкада аддаць людзям за бясцэнак. Але стаіць вада мінэральная ці якая… Зь яе бяруць, здымаюць этыкетку, лепяць этыкетку нармальную і прадаюць далей. Наш народ атручваецца, наш народ слабы. Наша беларуская зямля забруджана Чарнобылем. Сёньня ў мяне так баліць душа. Я прыхільніца справядлівасьці і сумленнасьці, і мяне ўсё гэта забівае. Я не магу глядзець на гэта спакойна таму, што наш кулак езьдзіць па ўсім Наваградзкім раёне. Няўжо ты ня бачыш свайго жабрацтва?! Няўжо ты ня бачыш, што ў цябе такі прыніжаны народ?! Фэрмы занядбаныя, у адстойніках навоз не адкачаны. Мы ж п’ем гэта малако. Я ўяўляю, якая там чысьціня!”

Спадар: “Добры дзень. Вось я прыехаў зь вёскі, там быў на сьвяточных днях. На так званым сьвяце Першае траўня. Мне здаецца, што ў нас у краіне ня надта паважаюць працу чалавека. Сутыкнуўся з наступным выпадкам. Прыехала машына з Расеі купляць бульбу ў жыхароў вёскі. І плацілі ім па 400 рублёў за кіляграм, замест тых 200, што яны былі вымушаны здаваць заўсёды. Людзі былі задаволеныя і пакупнік задаволены. І людзі абураюцца, чаму ж гэта ўлада не пускае пакупнікоў з Расеі і іншых рэспублік, каб прыяжджалі ў вёскі за “другім хлебам”. Вось такія справы”.

Спадарыня: “Добры вечар, шаноўная “Свабода”. Я пачула, што Буш уводзіць ракеты ў Польшчу і Чэхаславакію. Я хачу падзякаваць Польшчы і Чэхаславакіі, што прынялі. Гэта будзе наша ахова. Мы званілі, прасілі Буша, каб дапамог, гэта будзе дапамога. А там, як будзе… Дзякую я шаноўнаму Бушу, што нас не кідае. Дзякую Вам. Дзякую за ўвагу”.

Спадар: “Цяпер слухаю Парфяновіча. Гэта зьдзек! Я нават не паверыў, што ён можа такое казаць! Калі б я ведаў, ніколі б рукі сваёй не падаў. Ён ня ведае ні гісторыі, нічога! Ён проста хоча здаць Беларусь маскалю! Ён ня ведае, калі быў Пётр 1. Як ён забіваў нас! Суворава, які нас забіваў! А ён кажа, што гэта наш вялікі брат. Ганьба Парфяновічу і яго вяшчальнікам, Фралову і Скрабцу! Гэта антыбеларусы!”

(v0503-16) Міша, Менск: “Паважаная радыёстанцыя “Свабода,” я толькі што чуў прапанову алімпійскага чэмпіёна Парфяновіча. Што ён нам прапануе? Ісьці ў склад Расеі для таго, каб вучыць беларускую мову. Гэта нам ужо Троцкі прапаноўваў у 17-м годзе. Заманілі, а потым усіх нашых гісторыкаў і нацыянальных герояў вынішчылі. Што ж ён нам тады прапануе? І навошта мы тады павінны ісьці ў Расею? Дык мы можам з Расеяй сябраваць і быць самастойнымі, незалежнымі. Чаму мы павінны ўваходзіць у Расею?! Я катэгарычна супраць такіх прапановаў. І я ня ведаю, чаму Вы яшчэ такую перадачу вядзеце. Вы проста нас самі заманьваеце туды! Вы ім падыгрываеце. Вы часта перадаяце такія перадачы з заманьваньнем ці лукашыстам падыгрываеце… Я катэгарычна супраць Парфяновіча, Фралова і Скрабца за такія справы, нейкія аб’яднаньні з Расеяй. Мы з Расеяй павінны сябраваць як незалежная беларуская дзяржава. Дзякуй Вам”.

Спадар: “Толькі што праслухаў выступ Уладзімера Парфяновіча, які жаль, што ілжывая расейская прапаганда згубіла такога цудоўнага беларуса”.

Анастас Семяновіч: “Добры дзень, шаноўнае спадарства Радыё Свабода. Таварыш-спадар Парфяновіч, лукашыст Сініцын, Вы прапануеце, каб Беларусь увайшла ў склад Расеі нейкім суб’ектам. Я Вам адказваю: калі Вы ня хочаце быць здраднікамі роднай Беларусі, сваіх дзяцей і ўнукаў, не займайцеся бальшавіцкім глупствам. 80 гадоў бальшавікі аддавалі зямлю сялянам, заводы рабочым. Вынік Вы добра ведаеце, калі яны разумных сялянаў, інтэлігенцыю і іншыя катэгорыі людзей вынішчалі дзесяткамі-дзесяткамі, ня ў чым не вінаватых. Для Беларусі адзіны шлях – у Эўропу. З Расеяй трэба добра сябраваць, гандляваць на ўзаемавыгадных умовах. Што нам Расея павінна за ваенныя базы, транзыт нафты, мы павінны ім выставіць рахунак. За газ і нафту трэба плаціць, як Эўропа. Зваротнага шляху няма. Яшчэ раз, таварыш Парфяновіч, думайце, што Вы кажаце. Я Вас ведаў, як прыстойнага чалавека. А ад бальшавіка Сініцына можна чакаць любога глупства. Дзякуй”.

Спадар: “Ну як тут маўчаць, калі гучыць абвестка, што скончыўся сэзон выступаў ці выпадаў апазыцыі? Гучыць такая абвестка напярэдадні Дня Волі савецкага інтэрнацыяналу і супраціву ёй у краінах блізкага замежжа. Сядзіце, значыцца, па хатах і кватэрах, глядзіце шэсьце абаронцаў сьвету. А можа, нам патрэбны палігон? Яшчэ ня выпаўзьлі з траншэяў Сталіна, яго абарончай лініі? Усё ж нывыкрытка, ці трэба весьці апазыцыю на сьвята ці пыху выпусьціць або калёну “Честь” і рукі ўгору. Купіце беларусаў пагалоўна за колькі тысяч, як савецкі банк. Калгасу, зрэшты, усё роўна, хто цягне плуг ці конь, ці танк”.

Спадар: “Паводзіны савецкіх людзей у адносінах да праху, пахаваных у Таліне, пацьвярджае, што ўсё яшчэ дзікуны. Гэтую энэргію і сродкі трэба накіраваць на нагляд за магіламі загіблых, я ўжо не кажу пра эксгумацыю. Колькі магілаў раскіданых і не прыбраных! Колькі зьніклых бяз вестак! Адносіны да салдата як да гарматнага мяса заклаў яшчэ Сталін і КПСС. Параўнайце пахавальныя жэтоны ў немцаў і савецкіх салдатаў. А эстонцы знаходзяць прозьвішчы салдатаў. І іх родзічы нарэшце даведаюцца, дзе яны пахаваныя, а не зьніклі бяз вестак”.

Спадарыня: “Добры дзень, Радыё Свабода. Вось сёньня 3-га траўня адзначае Польшча і Літва Дзень канстытуцыі 1791 года. Я б хацела пачуць тлумачэньне. Па-мойму, яшчэ не было Другога і Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай. Чаму Беларусь тут не ўпамінаецца? Ці гэта залежыць ад нашага ладу цяперашняга, што вызваленьне толькі 3-га ліпеня? Ці гэта палякі і літоўцы забыліся, што мы таксама там былі ў Рэчы Паспалітай? Я вось хацела б пачуць камэнтар. Усяго добрага. Дзякуй, што Вы ёсьць”.
XS
SM
MD
LG