Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня Усясьветны Дзень свабоды прэсы


Кастусь Бандарук, Прага Сёньня --Усясьветны Дзень свабоды прэсы. Устаноўлены Генэральнай Асамблеяй ААН ў сьнежні 1993 году, Дзень свабоды прэсы ставіць перад сабою мэту прыцягнуць увагу грамадзкасьці да ролі свабоднай прэсы ў сьвеце і тых пагрозаў, зь якімі яна сутыкаецца ў розных частках сьвету.

У сёлетнім пасланьні з нагоды Ўсясьветнага дня свабоды прэсы генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун адзначыў, што за мінулы год, падчас выконваньня сваіх службовых абавязкаў, загінулі больш як 150 журналістаў, а многія іншыя цярпелі перасьлед. Паводле Пан Гі Муна “ замахі на свабоду прэсы -гэта замахі на міжнароднае права, на чалавечнасьць, на саму свабоду, гэта значыць на ўсё, за што выступае Арганізацыя Аб’яднаных нацыяў”.

Паводле прадстаўніка Міжнароднага Інстытуту Прэсы Майкэла Кудлака, мінулы год быў для журналістаў найболей трагічным годам, а найбольш небясьпечным месцам –Ірак:

“ На сёньняшні дзень найбольш небясьпечным месцам зьяўляецца Ірак, дзе летась загінулі 46 журналістаў. Большасьць зь іх гэта ірацкія журналісты, якія сталі аб’ектамі атакаў з той прычыны, што яны працавалі на заходнія альбо амэрыканскія мэдыі. Што тычыцца Эўропы, дык у цэлым для журналістаў гэта не надта небясьпечны раён але праблемнай застаецца сытуацыя ў Расеі”.

Найбольш гучнай у Расеі была сьмерць Ганны Паліткоўскай, журналісткі, якая крытыкавала палітыку Крамля, у прыватнасьці ў дачыненьні да Чачэніі. 7 кастрычніка летась яна была застрэлена ў сваёй маскоўскай кватэры.

Пасьля Іраку, небясьпечнай для журналістаў краінай застаюцца Філіпіны, дзе ў мінулым годзе загінулі 10 журналістаў. Сем журналістаў загінулі ў Мэксыцы, пяць у Шры Ланцы, чатыры ў Пакістане, па трое ў Аўганістане і Калюмбіі, і па двое ў Вэнэсуэле, Расеі, Індыі і Кітаі.

Паводле справаздачы арганізцыі Freedom House, летась сытуацыя ў галіне свабоды прэсы пагоршылася ў Азіі, Паўдзённай Амэрыцы і ў былым Савецкім саюзе. Як адзначыў прадстаўнік Freedom House Хрыстофэр Уолкер, у параўнаньні з 2004 годам, сытуацыя ў галіне свабоды прэсы ў палітычнай, юрыдычнай і эканамічнай сфэрах пагоршылася ў 9-ці з 12-ці краін СНД у прыватнасьці ў Расеі, Казахстане, Узбэкістане, Азэрбэйджане, Кыргызстане і Беларусі. Нагадаем, што паводле справаздачы Freedom House, зь ліку 195 краін сьвету Беларусь заняла адно з найгоршых, 186-е месца.

Гл.таксама:

• Беларусь на 186-ым месцы ў рэйтынгу свабоды прэсы (сьпіс)

• Ёсіф Сярэдзіч атрымаў прэмію "За адданасць прынцыпам свабоды слова"

• Жанна Літвіна: "Журналістам важна займацца самаадукацыяй"

• С.Няроўны: Бязь зьмены кіраўніцтва Беларусі свабоды друку тут ня будзе

• Ю.Слуцкая: СМІ не павінны быць дзяржаўнымі

• С.Калінкіна: “Свабодныя людзі не дапусьцяць СМІ, якія іх замбіруюць”

• В.Хадасоўскі: “Трэба стварыць роўныя эканамічныя ўмовы для ўсіх СМІ”
XS
SM
MD
LG